Военная специальность в гражданской жизни лепельчанина предопределила дальнейший профессиональный выбор

img_8973 Той, хто служыў у войску, добра знаёмы з асаблівасцямі арганізацыі быту ў палявых умовах, калі на некалькі тыдняў ці месяцаў домам становіцца брызентавая палатка. Але наўрад ці хто з “дэмбеляў” можа пахваліцца тым, што менавіта для яго палатка падчас службы была асноўным месцам жыхарства. А вось Пётр Бабаед у казарме жыў  толькі некалькі першых месяцаў, калі праходзіў курс маладога байца.

У далёкім 1979 годзе Пётр трапіў служыць у чыгуначныя войскі вадзіцелем. Вайсковая часць базіравалася на станцыі Алонка, што ў Хабараўскім краі, але асноўная служба праходзіла на ўсходнім участку будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі, наўпрост ля трасы і размяшчалася салдацкае жытло. Яго штораз пераносілі на некалькі кіламетраў уперад, далей ад асноўнай базы. Умовы суровыя, зімой маразы дасягалі пяцідзесяці градусаў.
Пётр Бабаед працаваў на вялікім кар’ерным самазвале, вазіў грунт для будаўніцтва чыгуначнага насыпу. За сваю цяжкую службу, акрамя асноўнага грашовага заробку, атрымліваў прыбаўку “за трасу” — дзесяць рублёў. Напрыканцы службы ўдарная праца лепельскага хлопца была адзначана медалём “За будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі”.
Ваенная спецыяльнасць у грамадзянскім жыцці прадвызначыла далейшы прафесійны выбар. Спачатку восем гадоў адпрацаваў у леспрамгасе вадзіцелем, а з дзевяностага і да пенсіі — на вывазцы драўніны ў Лепельскім лясгасе. Не злічыць колькасці кубаметраў, перавезеных за чвэрць стагоддзя, як і тысячы “накручаных” на спідометры кіламетраў. Апошнія перад пенсіяй гады Пётр курсіраваў па адным маршруце: Лепель — Красналукі. Калі выпадала вольная хвіліна, абавязкова стараўся зазірнуць да бацькоў у Замошша. Балазе, вёска знаходзіцца ўзбоч бальшака, па якім штодня, ад самага ранку і да позняга вечара, вазіў лесапрадукцыю. Доўгі час працаваў на “Урале” — машыне цяжкай, але з добрай праходнасцю па бездарожжы. Потым перасеў на “МАЗ”, тэхніку больш сучасную і дасканалую.
Неаднаразова хадзіў у перадавіках, атрымліваў граматы і падарункі за сваю шчырую і самаадданую працу. Так аднойчы, вярнуўшыся з чарговага рэйса, даведаўся ад калег, што прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды — медаля “За працоўныя заслугі”. Уручалі медаль ва ўрачыстай абстаноўцы ў Віцебску ўвесну 2006 года. Адметна тое, што такой самай узнагароды ўдастоены і аднакласнік Пятра Бабаеда — Аляксандр Падабед з Велеўшчыны. З Аляксандрам, які рупіцца ў Мінску на тралейбусным заводзе, яны разам заканчвалі Слабадскую сярэднюю школу.
Вось ужо некалькі гадоў Пётр Бабаед на заслужаным адпачынку. Вольнага часу стала нашмат болей. Заняўся пчалярствам. Некалькі дзясяткаў па-майстэрску зробленых уласнымі рукамі вулляў роўненькімі радамі выстраіліся за хатай у старым садзе. Збірае мёду столькі, што і самому хапае, і дзецям. Суседзі дзівяцца, як гэта ў яго атрымліваецца, бо ніхто са сваякоў раней не меў ніякай справы з пчоламі, а Пётр самастойна асвоіў гэтую няпростую навуку.
Стрыманы падчас размовы, Пётр Пятровіч усё ж “даў слабіну”, калі мы выйшлі з хаты. Не ўтрымаўся, каб не паказаць заезджаму госцю сваю бацькоўскую спадчыну, якую пакрысе аднаўляе, даводзіць да ладу. Гаспадарская рука бачная ва ўсім — як у хаце, так і на падворку. Многа сіл пайшло, каб аднавіць і пашырыць зямельны надзел, які пасля смерці бацькоў стаў ператварацца ў зарослае хмызам поле. Зараз прыглядаецца да суседняга ўчастка, каб і яго акультурыць і засеяць меданоснымі раслінамі. Зямля павінна прыносіць чалавеку карысць — так раней вучыў бацька. Гэты прынцып ён засвоіў добра, таму хоць і жыве ў горадзе, ды мае ўласную хату і добрую гаспадарку, а ўсё роўна цягне ў родную вёску, да каранёў. Таму цяпер больш часу праводзіць у Замошшы.
Як кажуць у народзе: “Вочы баяцца, а рукі робяць”. Так і Пётр Пятровіч стаў на бацькоўскім падворку сапраўдным гаспадаром. Захоплена ўзяўся за спрадвечную сялянскую справу сваіх дзядоў і бацькоў. Ён верыць у тое, што пакуль мае сілы, яму не будзе сорамна ні перад продкамі, ні перад дзецьмі і ўнукамі за сваю малую радзіму.
Валерый ТУХТА.
На здымку: Пётр Бабаед на бацькоўскім падворку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>