Возвращены из небытия имена героев, отдавших свои жизни за свободу и независимость нашей Родины

img_8357Жыхары вёскі Цярэшкі хавалі сваіх нябожчыкаў даволі далёка. Традыцыйна праваслаўныя знаходзілі вечны спачын на могілках ля Велеўшчыны, каталікі — ля Чорнай Лазы. Аднак і ў самой вёсцы ёсць невялікае пахаванне, там ляжаць ахвяры мінулай вайны. Яшчэ з савецкіх часоў стаяў памятны знак. А нядаўна адбылася знамянальная падзея — пахаванне абнавілі, паставілі новы памятны знак. На ўрачыстасць прыехалі некалькі былых жыхароў Цярэшак.

Старэйшаму з трох братоў Тарасевічаў, Аляксандру, — 85 гадоў. Ён нарадзіўся 28 снежня 1932 года. Аляксандр Станіслававіч распавядае:
— Вайну і акупацыю я добра памятаю. Мы, дзеці, бегалі, хаваліся, уцякалі. Не дужа добра, але ўсё ж памятаю і гэтае пахаванне. Тут ляжаць партызаны, забітыя фашыстамі. Магілы ніколі не забываліся, наша мама, мы самі, як падраслі, а потым і нашы дзеці даглядалі пахаванні, абкладвалі камянямі, прыносілі і падсыпалі пясочкам, падкошвалі траву. Мужчыны зрабілі агароджу.
Аповед былога аднавяскоўца дапаўняе Аляксандр Садоўскі:
— Памятаю, у 1980-м была апошняя вялікая рэканструкцыя захавання. Быў устаноўлены помнік з гранітнай плітой. Спецыяльна наняты майстар прыязджаў і некалькі дзён высякаў памятны надпіс. Мы, дзеці, прыбягалі, каб паглядзець…
* * *
Новы этап пачаўся з таго, што настаўнік-краязнаўца Валерый Тухта задаўся мэтай адшукаць прозвішчы партызанаў, пахаваных у Цярэшках. У ваколіцах вёскі стаялі партызанскія атрады і брыгады, сфарміраваныя не ў гэтай мясцовасці. Яны прыйшлі на Лепельшчыну ў ходзе партызанскіх рэйдаў па тылах праціўніка, таму імёны загінулых ніхто не памятае. Хаця мясцовыя жыхары, у прыватнасці сёстры Валянціна Рабцэвіч і Аліна Кліманская, успаміналі: пасля вайны некаторы час на магілы прыязджалі родзічы пахаваных, але запісаць іх успаміны, даныя аб партызанах ніхто не здагадаўся.
Валерый Тухта ўжо шмат гадоў даследуе тэму партызанскага руху на Лепельшчыне, шмат разоў рабіў запыты ў архівы. Праз некаторы час прыходзіць адказ, што ў вёсцы Цярэшкі пахаваны партызаны брыгады “Граза” Аляксандр Малюкоў 1908 г.н., Іван Ігнатовіч 1924 г.н., Вікенцій Гаро 1922 г.н. і Мікалай Баркоўскі (год нараджэння не пазначаны). Загінулі ў снежні 1942 года.
— Названы толькі чатыры прозвішчы, — заўважае краязнавец, — але ж мясцовыя жыхары дакладна ўказваюць, што тут было пахавана амаль 20 чалавек. І пахаванні адбываліся не аднаразова. У ходзе далейшых пошукаў удалося ўстанавіць, што сярод пахаваных байцоў была дзяўчына. Звалі яе Шурай. Мясцовыя ўспаміналі, што яшчэ некалькі месяцаў пасля пахавання да магілы прыязджаў малады партызан, чарнявы. Казалі, пастаіць-пастаіць, уздыхне, сядзе на каня — і зноў у атрад. Расказвалі, што яшчэ адзін з загінулых быў ураджэнцам сярэднеазіяцкай рэспублікі СССР па імені Джура.
Узяўшы за арыенцір імёны, краязнавец зноў накіраваў запыт у архівы. На гэты раз — удача: прыйшоў адказ, вытрымкі з баявых данясенняў, журналаў баявых дзеянняў. Высветлілася наступная карціна. У пачатку 1943 года ў вёсцы Замошша размяшчаўся партызанскі атрад імя Аляксандра Неўскага Сенненскай партызанскай брыгады. 11 сакавіка група з гэтага атрада патрапіла ў засаду, панесла страты і з боем адступіла. Амаль усіх параненых і забітых вынеслі з поля бою, не пакінулі ворагу. Шура таксама была цяжка паранена, памерла ад цяжкай раны праз некаторы час.
Партызаны адступілі да Цярэшак. Там на той момант ворага не было, можна было адпачыць, перавесці дух, параненым аказаць медыцынскую дапамогу. Паколькі ўжо існавала партызанскае пахаванне, там жа было вырашана пахаваць і загінулых таварышаў. Мясцовыя жыхары ўспаміналі, што байцоў пахавалі кожнага ў асобнай магіле, у труне. Магіла дзяўчыны была крыху збоку.
* * *
img_8403— Вельмі важная акалічнасць, — звяртае ўвагу Валерый Тухта, — што кожны загінулы быў пахаваны ў труне. На вайне, у час, калі смерць выкошвае людзей сотнямі і тысячамі, каштоўнасць чалавечага жыцця змяншаецца. І разам з тым узрастае кошт рэчаў зусім матэрыяльных, такіх як хлеб, соль, тытунь, дошкі, цвікі. Нагадаю, што дошкі ў той час рабіліся ўручную, напілоўваліся двума людзьмі. На выраб адной затрачваліся гадзіны, таму гэты будаўнічы матэрыял бераглі, стараліся расходаваць вельмі ашчадна. Людзей маглі пахаваць без труны, проста закапаць на полі бою ў варонцы ад снарада ці бомбы. Аднак у нашым выпадку ўсіх вынеслі і пахавалі з належнай пашанай.
З небыцця вернуты імёны Леаніда Паўлоўскага 1922 г.н., Мікалая Астроўскага 1922 г.н., Канстанціна Каваленкі 1922 г.н., Мікалая Шлыка 1922 г.н., Яўгена Латыша 1919 г.н., Джуры Раймджанава 1915 г.н. Устанавілі помнік і на магіле партызанкі Аляксандры Рабавай 1923 года нараджэння. Як бачым, амаль усе загінулыя на момант смерці былі 19-20-гадовага ўзросту. Па ўспамінах франтавікоў і партызанаў, гэта быў самы смяротны ўзрост. Маладыя людзі, яшчэ зусім без жыццёвага вопыту, часта не валодалі вайсковым майстэрствам у дастатковай ступені, разам з тым былі гатовыя без разваг аддаць жыццё за сваю Радзіму.
— Толькі на ўзнаўленні імёнаў герояў мы спыняцца не будзем. Спадзяюся, праз некаторы час знойдзем іх нашчадкаў, паведамім, дадзім ім магчымасць аддаць даніну павагі.
* * *
Неўзабаве з’явіліся і сродкі для абнаўлення пахавання. Да работы было прыцягнута прыватнае прадпрыемства “Малееў-сэрвіс”. Расказвае яго кіраўнік Ілья Малееў:
— Першым паўстала пытанне, якім павінен быць абноўлены помнік? Вырашылі зрабіць памятны знак, падобны на аналагічны, які ўстаноўлены ў гонар загінулых лепяльчан каля сярэдняй школы №3. Яго галоўныя вартасці: сімвалічнасць, класічныя формы, стрыманасць. І разам з тым — практычнасць, трываласць. Не сакрэт, што Цярэшкі — амаль нежылая вёска. Тут толькі ў некалькіх хатах летам жывуць дачнікі, увесь астатні час — пуста.
Прыблізна падобную форму — класічную, стрыманую — мае і надмагілле Аляксандры Рабавай. Справа знаходзяцца яшчэ чатыры магілы з крыжамі. У іх пахаваны жыхары Цярэшак, трое дзяцей і жанчына сталага веку, якія памерлі ў вёсцы пад час акупацыі. У бліжэйшы час краязнаўцы мяркуюць высветліць і іх імёны, каб потым змясціць адпаведныя надпісы. Усяго на аб’екце было асвоена больш за дзве тысячы рублёў. Праца завяршылася літаральна напярэдадні свята.
* * *
img_8409Урачыстасць была прызначана на дзесяць гадзін, але многія госці прыбылі задоўга да вызначанага часу. У першую чаргу прыехаў Валерый Тухта і ўдзельнікі гістарычна-краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” са Слабадской школы. Усе апранутыя ў вайсковую форму часоў Вялікай Айчыннай вайны. Хлопцы стаялі ў ганаровай варце ля памятнага знака. Прыехалі і былыя жыхары Цярэшак. Для іх мерапрыемства стала яшчэ і нагодай для сустрэчы, успамінаў. Валянціна Рабцэвіч кажа:
— Чамусьці трывожна, аж за сэрца бярэ. Тут збіраюцца мае землякі. Памятаю нашу першую сустрэчу, арганізаваную ў 2007 годзе, калі прыехала больш за 120 чалавек, не нашмат менш было пазней, у 2013-м. Магчыма, у бліжэйшы час варта падумаць пра арганізацыю новай сустрэчы. Гэтае пахаванне я добра памятаю, былі проста магілы, мясцовыя жыхары даглядалі іх. Надмагіллі абкладалі камянямі, пляцоўку пасыпалі пяском, зрабілі агароджу. А цяпер вось выдатна абнавілі!
Вось да братоў Аляксандра, Браніслава і Казіміра Тарасевічаў падышоў іх даўні сябар Уладзімір Навуменка. Мужчыны абдымаюцца, на вачах слёзы. Уладзімір Аляксеевіч успамінае:
— Я нарадзіўся ў Пышне, але дзяцінства і юнацтва правёў у Цярэшках, куды пераехалі мае бацькі. Вакол вёскі былі палі і лугі, людзі працавалі на зямлі, аралі, сеялі, касілі сена. Усе жылі дружна, талакой дапамагалі адзін аднаму. Гэтае пахаванне таксама было на чыстым пляцы зямлі. Значна пазней, у 1964-1965 гадах навакольныя землі сталі засаджваць лесам, электрычнасць у Цярэшкі прыйшла толькі ў 1967 годзе.
* * *
Затым пачаўся ўрачысты мітынг. Гучыць Гімн Беларусі. Выступае старшыня Слабадскога сельсавета Валерый Садоўскі:
— Зроблена яшчэ адна вялікая, важная справа. Вернуты з небыцця імёны герояў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Здавалася б, навошта аднаўляць помнік тут, у лясной глухмені, дзе ўжо не жывуць людзі? Аднак гэта патрэбна не мёртвым, гэта трэба жывым. Каб дзеці, сённяшнія школьнікі ведалі і памяталі пра вайну толькі з падручнікаў і кніг па гісторыі ды ля вось такіх мемарыялаў. Удзячны ўсім, хто мае дачыненне да сённяшняй урачыстай падзеі: райвыканкаму і раённаму Савету дэпутатаў, якія знайшлі сродкі, прадпрыемству “Малееў-сэрвіс”, якое і правяло работы, настаўніку-краязнаўцу Валерыю Уладзіміравічу, які знайшоў звесткі пра загінулых. Няхай і надалей будзе мірнае неба над нашай Беларуссю!
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: вернутыя з небыцця імёны; выступае Валянціна Рабцэвіч; фота на памяць.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>