Аня Кошелева и Вероника Демидович в Лепеле нашли не только профессию

img_8852 Як вядома, у нашым каледжы вучацца не толькі лепяльчане. Тут шмат іншагародніх навучэнцаў, для якіх каледж стаў пачаткам новага адліку ў жыцці. Вось, напрыклад, другакурсніцы Аня Кошалева і Вераніка Дземідовіч у Лепелі знайшлі не толькі прафесію. Калі б не каледж, ніколі б, можа, не пабачыліся і не пасябравалі. Сябруюць усяго два гады, ды так моцна, што ўжо і не ўяўляюць, як было б, калі б не былі разам. Адна — з Бешанковічаў, другая — з Докшыцаў. Аднагрупніцы вучацца тут на муляраў, жывуць у адным пакоі ў інтэрнаце.

Аня — чалавек, прама скажам, байцоўскага характару. І сябе ў крыўду не дасць, і за іншых пастаіць. Дзіва, характар то ў яе байцоўскі, а душа — добрая. Вось і абараняе слабейшых. У школе, шчыра прызнаецца, ведамі не вызначалася. Хіба што з фізкультураю ў яе надзейны, яшчэ з дзяцінства, саюз заключаны. Любяць яны адно аднаго. З першага класа Аня ў валейбольнай камандзе. Каманды былі розныя і розныя ў іх людзі, аб’ядноўваў валейбол. У каледжы працягвае займацца любімым спортам. Тут ужо і народ дарослы, і стасункі адпаведныя. Разам цікава і весела бавіць час на трэніроўках, ездзіць на спаборніцтвы. Летась выйгралі першынство раёна сярод прадпрыемстваў. Спорт даў новых сяброў: Вольгу Сцепаненку, Арцёма Шкарова, Віталя Жогаля. Аднак бліжэй за Вераніку па-ранейшаму няма нікога.
Зрэшты, захаплялася Аня ў дзяцінстве розным, не толькі спортам. Да трэцяга класа, напрыклад, у школе мастацтваў займалася народнымі танцамі, да пятага вучылася іграць на фартэпіяна, у дзявятым раптам пачала вышываць крыжыкам.
Вераніка ж, як мне падалося, характару зусім іншага: мякчэйшая і не такая катэгарычная. Наадварот, даволі памяркоўная, ціхмяная. Зрэшты, гэта не замінае ёй вучыцца, можна сказаць, мужчынскай прафесіі і любіць лёгкую атлетыку.
Расла ў прыёмнай сям’і. Займацца бегам пачала яшчэ да школы, а ў школе не прапускала бадай ніводнага спаборніцтва і часцей займала вышэйшыя прыступкі п’едэсталу гонару. Нейкі час нават займалася дзюдо, але нядоўга. Траўма рукі не дазволіла, а падабалася! Таксама ж, як і Аня, танцавала, толькі не народныя, а сучасныя танцы ў гуртку ў ЦДМ. І калі сяброўка вышывала, то ў яе лепей атрымлівалася пляценне бісерам.
Такім чынам, яны чымсьці падобныя, але ж і розныя. Характарам, лёсамі розныя. А па жыцці зараз ідуць разам. Не будзеш жа ўвесь час у інтэрнаце на выхадных сядзець. Едуць дадому, ды не кожная да сябе, а разам: то ў Бешанковічы, то ў Докшыцы. Жартуюць — каб крыўдна нікому не было.
На Бешанковіччыне часта бываюць у Слабадзе — вёсцы, дзе жыве бабуля. Гэта непадалёк ад Свячы. Там азёры прыгожыя, можна ўлетку пакупацца, заадно і бабулі на агародзе дапамагчы. Аня хвацкая, да любой работы здатная, усё ўмее, усё ў яе атрымліваецца. Не адстае і сяброўка.
Запытаўся ў дзяўчат, аб чым яны мараць. Адказ быў нечаканы:
— Марым, каб ніколі ў жыцці не разлучацца.
Нечаканы… і крыху яшчэ дзіцячы. Вядома ж, так не бывае, так не будзе. Адна вунь паедзе па мэтавым накіраванні працаваць у Бешанковічы, а мо падасца вучыцца далей, зробіць кар’еру. Яна чалавек настойлівы, каледж карэнным чынам змяніў яе стаўленне да вучобы. Стала актывісткай, у групе абралі старастай. Другая, па ўсім відаць, застанецца ў родных Докшыцах, дзе ўжо сябруе з добрым хлопчыкам, які, магчыма, стане спадарожнікам па жыцці. Будуць перамаўляцца сяброўкі па скайпе ці вайберы — у лепшым выпадку. А можа, застанецца юнацкая дружба толькі ва ўспамінах. Гэта жыццё. Ну, а пакуль не згасае рамантыка студэнцтва. Весела ў інтэрнаце, цікава ў інтэрнэце. Адна на дзвюх музыка “УКантакце” — любімы рок. Адны спартыўныя захапленні, адно жыццё — студэнцкае, цікавае, радаснае. Чаму ж не жыць, не радавацца.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: неразлучныя сяброўкі Аня Кошалева і Вераніка Дземідовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>