И случилось чудо, которое, возможно, помогло выжить лепельской семье

img_8703Людміле Васілёнак за восемдзясят. Перанесла інсульт гадоў дзесяць таму, неўзабаве пасля смерці мужа. Аднак хвароба не зламіла яе волі да жыцця. І нават сядзець без працы Людміла Якаўлеўна не можа. Пасадзіла вунь на невялікім агародзіку некалькі бульбін, часнаку. Хіба ёй так ужо пільна патрэбна тая агародніна? Жыве адна, пенсію атрымлівае нармальную. Заслужыла – і напрацавалася, і ў вайну нагаравалася. Здавалася б, сядзі дома, бабуля, і не турбуйся. Пайшоў ды што трэба купіў. Аднак, не сядзіцца пенсіянерцы на лавачцы, як некаторым. Прывыкла яна ўвесь час дбаць пра хлеб надзённы. Можа, таму, што гэтага самага хлеба надзённага не заўсёды ў яе жыцці хапала. І адклалася ў генетычнай памяці патрэба запасацца – на дзень чорны. Вось толькі, можа, той чорны дзень ужо даўно мінуў?

А здарыўся ён у дзяцінстве. У Рэчыцкі раён, у родную вёску Дзятлаўка, прыйшла бяда. Рыхтаваліся да тройцы. Там заўсёды на тройцу фэсты ладзяць. І маці сабрала чыгунок да свята. Ды не добрае прыйшло, а ліхое — вайна.
У сорак трэцім выгналі з хаты. Да іх прыйшлі першымі, бо хата стаяла на ўскрайку. Перакладчык сказаў, што не трэба нічога з сабою браць, маўляў, паедуць усяго на сорак дзён. А як толькі выйшлі — хату запалілі. Так зрабілі і з суседскімі. Пяцьдзясят хат было ў вёсцы, пакінулі толькі адну — начальніка пошты. Людзей пагналі на Рэчыцу. Маленькага Жэню, браціка, маці несла на руках, яму было толькі два гады. А да гэтага спалілі суседнюю Духалаўку — з людзьмі. На тым месцы, у полі, стаіць абеліск.
Гналі кіламетраў пяць — у Барсукі. Пераначавалі ў школе, а назаўтра — у Рэчыцу. Людзе на той час было сем гадоў. Ніколі не забудзе, як прыйшоў немец, хапаў дзяцей за каршэнь і кідаў, як кацянят, у кузаў, ад бацькоў адсаджваў. Дзеці крычалі, што ім холадна, а ён смяяўся: хутка будзе горача. А потым… на таварнякі і ў Германію.
Нямеччына. Велізарны двор, поўны народу. Людзі сем’ямі. Баўэры ходзяць і выбіраюць сабе работнікаў.
І здарыўся цуд, які, магчыма, дапамог выжыць іх сям’і. Выбраў іх вельмі чалавечны гаспадар гадоў сарака. Ён быў жанаты, меў добры шматпавярховы дом. Праўда, гаспадыня аказалася даволі строгай і не такой добрай, як гаспадар. Было ў іх трое дзяцей: Макрэт, Луіза і Петэр. Люда ўсіх добра памятае па імёнах, бо разам жа гулялі.
Спачатку гастарбайтараў пасялілі на першым паверсе, а калі дабавіліся яшчэ і палякі, перасялілі ў асобны невялікі домік. Усіх пераапранулі, добра кармілі. Не стаялі, як суседзі, з пугаю, калі тыя працавалі. Гаспадар не крыўдзіў.
-2-
Маці паехала ў Нямеччыну цяжарнай. Урэшце ёй цяжка стала цягаць кошыкі з бульбаю, ледзьве валакла па зямлі. Аднаго разу гаспадыня ўбачыла і стала ўшчуваць. Гаспадары мелі пчол і частавалі дзяцей мёдам. Перападала і дзецям работнікаў. А рукі пасля мёду не мылі, выціралі вільготнай сурвэткай, ваду эканомілі.
Калі маці раджала, выклікалі фельчарку. Пасля тая штодня наведвала парадзіху з пачастункамі. Кожную суботу работнікам уручалі акуратна грошы ў канвертах. А пасля родаў маці перавялі на лягчэйшую працу — у кулінарны цэх, які месціўся ў падвале. Такім чынам, яна нават частавала сваіх дзяцей тортам. Часта фатаграфаваліся разам усе. Было шмат у Людмілы Якаўлеўны фотаздымкаў таго часу, ды ўсе яны пасля загубіліся ў ваеннай віхуры.
Вызвалілі ў сорак пятым амерыканцы. Людміла як зараз іх памятае — цемнаскурыя. Усё пыталіся, ці крыўдзілі іх гаспадары? Як тут скажаш кепскае пра такіх гаспадароў. І немцы былі рознымі.
— Гаспадар усё казаў: “У вас там усё спалена, калі што, вяртайцеся да нас”, — успамінае Людміла Якаўлеўна. — На дарогу нам даў грошай і хлеба.
Даехалі да мяжы, а адтуль, зноў жа, на таварняку — дадому. Голадна. Елі манку, рэдзенькую, на вадзе. Сказалі, каб з сабою бралі толькі тое, што змогуць павезці. Так што ўвесь правіянт, які ў каго быў, скінулі проста ў яму.
Не памятае ўжо, дзе сустрэліся з бацькам. Вярнуліся ў Дзятлаўку — там адзін прысак. Зноў зямлянка. Затым бацька змайстраваў курані — дашчанік з вертыкальных тоненькіх бярвёнаў (ушулак). Пасля ўзбіліся на нармальную хату.
Пасля школы, якую закончыла з адзнакаю, Людміла з’ехала вучыцца ў Гомель на фельчара-акушэра. Размеркавалася на Віцебшчыну. Проста ткнула пальцам у кропку на карце і паехала. Усе здзіўляліся, бо былі месцы на Гомельшчыне. Ды, відаць, такі ў яе лёс. Працавала ў Сянно ў хірургіі, пасля — аперацыйнай падменнай сястрою. Выйшла замуж. Неўзабаве мужа накіравалі ў Лепель, а затым і яна пераехала. Прадалі ў Сянно дом, жылі ў бараку, пасля ў меншай кватэры, нарэшце далі гэтую — двухпакаёўку. Працавала ў шпіталі фармацэўтам па “НЗ”, медстатыстам у штабе гарнізона. Перад пенсіяй пайшла ў раённую бальніцу.
І ўрэшце — старасць. Дзеці, унукі. Актыўны лад жыцця. Цяжкія ўспаміны. Вось такое жыццё.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Людміла Якаўлеўна Васілёнак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>