В ноябре 1943 года сержант Рыкун ликвидировал сорок пять обрывов связи артиллерийской батареи с командным пунктом

rykun-viktar-uladzyu-peradae-samalyoty-%d1%9e-shkolny-muzej-yaryku-tuxtu-29-04-18 Віктар Рыкун пасля вандроўнага жыцця ваеннага ўжо колькі гадоў стала жыве ў Барысаве, але некалькі разоў на год абавязкова бывае ў родных мясцінах на Лепельшчыне, дзе яшчэ ёсць радня, хоць і далёкая. Праведвае магілы сваякоў, якія спачываюць на каталіцкіх могілках ва ўрочышчы Добрая вада. Тут, на старадаўніх кладах, мы і сустрэліся з Віктарам Уладзіміравічам напярэдадні Дня Перамогі, каб успомніць і занатаваць скупыя радкі з ваеннай біяграфіі яго бацькі-франтавіка, які прайшоў дарогамі  Другой сусветнай вайны з першага да апошняга яе дня.

Віктар Уладзіміравіч прызнаецца, што зусім мала ведае пра тое, як і дзе ваяваў бацька, які не вельмі любіў згадваць пра вайну, увогуле ніколі не распавядаў, за што быў адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені і медалём “За адвагу” — узнагародамі, якія “проста так не давалі”. Зусім нядаўна па чыёйсьці падказцы Віктар знайшоў апісанне бацькавых подзвігаў на адным з сайтаў у інтэрнэце, на свае вочы пабачыў адсканіраваныя з арыгіналаў копіі ўзнагародных лістоў. Баявы шлях Уладзіміра Рыкуна пралягаў ад горных хрыбтоў Каўказа да венгерскіх раўнін. Напамінам пра гэта служаць пажоўклыя пасведчанні да медалёў “За абарону Каўказа” і “Узяцце Будапешта”.
Вайну Уладзімір Рыкун, хлопец з невялікай лясной вёскі Вострава, пачынаў вадзіцелем. А пасля ранення, у студзені сорак другога, паслалі вучыцца на тэлефаніста. З новай спецыяльнасцю асвоіўся вельмі хутка. Галоўнай справай была ліквідацыя пашкоджанняў тэлефонных правадоў, што даволі часта здараліся падчас бою. Рызыкуючы жыццём, пад шчыльным агнём праціўніка, які галавы не даваў адарваць ад зямлі, даводзілася поўзаць “на пузе”, каб знайсці пашкоджанне. Такім чынам, за тры дні наступальных баёў каля вёскі Вялікая Лапаціха ў лістападзе 1943 года сяржант Рыкун ліквідаваў сорак пяць абрываў сувязі артылерыйскай батарэі з камандным пунктам. За гэта і атрымаў сваю першую ўзнагароду — ордэн Вялікай Айчыннай вайны.
У хуткім часе Уладзімір у чарговы раз мяняе ваенную спецыяльнасць, дакладней, вяртаецца да сваёй папярэдняй. У войску востра стаяла праблема вадзіцельскіх кадраў — па ленд-лізу сталі ў вялікіх аб’ёмах паступаць аўтамабілі. Такім чынам, можна сказаць, што частку шляху да Перамогі Уладзімір Рыкун прапоўз на жываце, а большую частку праехаў на машыне.
Вярнуўшыся пасля вайны да цывільнага жыцця, так да канца і застаўся адданым чатырохколаваму сябру. Працаваў вадзіцелем, начальнікам аўтакалоны. За самаадданую працу быў адзначаны працоўным ордэнам “Знак Пашаны”.
Так сталася, што наш зямляк спачыў далёка ад роднай Лепельшчыны. Аднак яго ўзнагароды, як самая дарагая рэліквія, вярнуліся на радзіму, да сына, які зберагае іх як напамін пра роднага чалавека.
Валерый ТУХТА.
На здымку: Віктар Рыкун з бацькавымі ўзнагародамі.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>