Ученики становятся призерами районных, областных конкурсов стихов, рисунков, сказок

img_8271 Як прывіць падлеткам пачуццё адказнасці за нацыянальную мову і культуру? Гэта пытанне даволі складанае, адразу не адкажаш. Зрэшты, педагогі Поўсвіжскай базавай школы дадуць вам некалькі добрых парад. Пытанне нацыянальнай самасвядомасці займае далёка не апошнюю ролю ў адукацыйным працэсе. Таму нічога дзіўнага, што рэспубліканскі семінар намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце адбыўся ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж.

У Поўсвіжскую базавую школу завіталі ганаровыя госці: былы выпускнік, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рыгор Шаура; кандыдат гістарычных навук, дацэнт Людміла Дамненкова; доктар педагагічных навук, прафесар Валянціна Ушакова і іншыя. Акрамя выступленняў у праграме семінара значылася адкрыццё школьнага этнаграфічнага музея “Беларуская хатка”, выстава дзіцячых работ, наведванне аграсядзібы Васіля Шкіндзера і шмат чаго іншага.
Гасцей у фае школы сустрэлі ўдзельнікі народнага фальклорнага клуба “Кругаверць”. “Полька”, “Свеціць месяц”, танец “Гульня з хусткай” не пакінулі нікога абыякавым. Тэматыка выступленняў была разнастайнай. Рыгор Шаура распавёў пра асаблівасці развіцця мастацкай адукацыі на прыкладзе сваёй кафедры, Валянціна Ушакова — аб сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ЦДіМ Алена Місьнік — аб развіцці і падтрымцы творчай моладзі.
Прыгожа ў “Беларускай хатцы”! Пад столлю ціха гушкаецца люлька, каля печы сохнуць лапці, ложак засланы бялюткай посцілкай. У такіх аўтэнтычных абставінах размаўляем з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і кіраўніком “Кругаверці” Святланай Карабань.
— У Поўсвіжскай базавай школе мы стварылі выхаваўчую сістэму “Круглы год”, якая базіруецца на народным земляробчым календары, — адзначае Святлана Анатольеўна. — Патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае, маральнае выхаванне — у традыцыйным беларускім земляробчым календары. Па гэтай сістэме працуюць усе вучні, праводзім святы, якія звязаны з сялянскай працай. На працягу адукацыйнага працэсу выкарыстоўваем разнастайныя цікавыя формы: фестывалі, рабочыя гутаркі, кірмашы, вячоркі і іншыя.
Дзеці, якія адчуваюць сябе не вельмі ўтульна на звычайных уроках, пад час святаў альбо вячорак “раскрываюцца”. Справа ў тым, што ў іх ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці: паспяваць, памаляваць, прымаць гасцей, гатаваць ежу, чытаць замовы. Гульні на святах вучань выбірае па жаданні.
img_8276У пачатку вучэбнага года на свята “Уздвіжанне” правялі “капусныя вячоркі”, на якія запрасілі дзяцей, бацькоў і старажылаў вёскі Паддуб’е. Бабулі распавядалі дзецям, як у даўнія часы адзінокія людзі запрашалі моладзь дапамагчы заквасіць капусту. Расказалі, як трэба апранацца, рыхтаваць прылады працы і посуд.
Затым усе разам падсілкаваліся гарбатай, пагулялі. Падобныя святы ладзім у школе штомесяц, а навучальны год завяршаецца фестывалем “Поўсвіжскае ігрышча”. Свята з нецярпеннем чакаюць не толькі дзеці нашай вёскі, але і з іншых населеных пунктаў. Ігрышча — вельмі яскравае свята з гульнямі, традыцыйнымі атракцыёнамі (драўляныя махавыя арэлі, гіганцкія крокі і інш.), песні, танцы.
Вучні становяцца прызёрамі раённых, абласных конкурсаў вершаў, малюнкаў, казак. Другі год у школе працуе настаяцель храма Праабражэння Гасподня іерэй Сергій Ляшкевіч. Шмат дзяцей займаецца творчасцю ў аб’яднаннях па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ткацтве, роспісе па дрэве.
Распрацаваны метады дыягностыкі, якія дазваляюць вызначыць ступень развіцця творчага ўяўлення. Напрыклад, вучням чацвёртага класа прапанавалі пабудаваць асацыятыўны рад да слоў “Радзіма” і “шчасце”. Больш за семдзесят працэнтаў дзяцей напісалі восем — дзесяць слоў, што адпавядае вучням з высокаразвітым уяўленнем.
Выніковасць разнастайных тэхналогій дэманструе колькасць дыпломаў, якія вучні заваявалі на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У 2014 годзе іх было шаснаццаць, у 2017 — сорак пяць.
У мінулым годзе стартаваў праект “Падары гісторыю школе”. Частка экспанатаў змешчана ў “Беларускай хатцы”. Трэба сказаць, што ў працэсе стварэння музея абыякавых людзей не было. Напрыклад, бацька нашых дваіх вучняў Віктар Александровіч дапамог перавезці ў школу вялікія сані. З энтузіязмам да “Беларускай хаткі” паставіліся вучань пятага класа Улад Місун і трэцяга — Іван Іваноў, якія прынеслі шэраг экзэмпляраў даўніны. У афармленні дапамаглі настаўніца рускай мовы і літаратуры Марына Славікава, рабочы Генадзь Шалафан. Аднак стварэнне “Хаткі” і нашых святаў было б немагчыма без падтрымкі намесніка старшыні райвыканкама Віктара Азаронка і дырэктара школы Анатоля Карпіцкага.
Яўген МУДРЫ.
На здымках: у час семінара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>