Надо будет запомнить эту делянку и приехать сюда лет через двадцать

img_8143Тыдзень лесу — комплекс мерапрыемстваў па насаджэнні новых лясоў, аднаўленні прыродных багаццяў нашай краіны, а таксама далучэння да высакароднай справы шырокіх слаёў грамадства. Раніцу таго суботняга дня аўтар сустракаў на лясной дзялянцы. Дакладней, спачатку больш за паўгадзіны аддаў для пошукаў гэтай дзялянкі. Першапачаткова намеснік дырэктара ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Аляксандр Клундук паведаміў, што пунктам збору павінен стаць аўтобусны прыпынак каля вёскі Дражна. Аказалася, што трэба ехаць яшчэ далей, за вёску Гарадзец. Нарэшце, паблукаўшы, знайшоў.

Самымі першымі, нашмат раней, як і належыць, на дзялянку прыбылі работнікі лясгаса, крыху пазней сталі прыбываць прадстаўнікі раённага вузла электрычнай сувязі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела па надзвычайных сітуацыях. Cамы вялікі працоўны дэсант прыбыў з раённага выканаўчага камітэта.
Пакуль усе збіраліся, леснікі заканчвалі апошнія падрыхтаванні. Першае, на што звярнуў увагу, быў спецыяльны інструмент — мячы Колесава, прылады, з дапамогай якіх і высаджваюцца дрэўцы.
У цэнтр дзялянкі праехаў трактар, прывёз пасадачны матэрыял. Расказвае механізатар Сяргей Ханяк:
— Ужо далёка не першы год працую ў Стайскім лясніцтве, рэгулярна ўдзельнічаю ў пасадках лесу.
— Што будзеце саджаць сёння?
— Зараз у прычэпе саджанцы сасны — двухгадовыя парасткі. Яны маюць вялікія шанцы прыжывання. Аднак толькі іх не хопіць на ўсю дзялянку, таму прывёз некаторую колькасць саджанцаў аднагадовых. Яны па памеры заўважна меншыя. У далейшым па меры вырастання розніца паміж дрэўцамі знікае.
— Адкуль пасадачны матэрыял?
— Каля Забалацця (Пышнянскага) лясгас мае гадавальнік. Там на роўных градках з насення растуць саджанцы самых розных дрэў. Іх загадзя выбралі з зямлі, звязалі ў пучкі па 20 — 30 раслін, каб зручней было высаджваць. А зараз я прывёз.
— Вясна — пара пасадкі лясоў…
— Так, учора, напрыклад, я ў Каменскае лясніцтва прывозіў саджанцы елкі, пазаўчора прывозіў маладзенькія ясені. Адным словам, працы хапае. Дарэчы, барозны кейсам (спецыяльным лясным плугам) на гэтай дзялянцы рабіў таксама я на гэтым трактары. Так што вы правільна заўважылі, вясной леснікам працы хапае.
-2-
img_8140Першымі на дзялянку выйшлі работнікі лясгаса, аднак у руках у іх былі не мячы Колесава, а рыдлёўкі. Ды і высаджваць яны сталі не сосны, а дрэўцы лісцёвыя.
— Што высаджваеце? — задаю пытанне.
— Бярозкі, — адказвае мужчына.
— Наколькі чуў, бяроза ўвогуле лічыцца на дзялянках ледзьве не пустазеллем, яе высякаюць і выпілоўваюць, даючы соснам больш сонечнага святла і зямлі.
— Вось і давысякаліся. Пра вяршыннага караеда, навалу беларускіх лясоў у апошнія два гады, чулі? А памятаеце, як гадоў 10 — 15 таму высыхалі ельнікі? Адзін з фактараў, які спрыяе распаўсюджванню шкоднікаў і хвароб — аднапародныя лясы. Калі на дзялянках растуць адны хваёвыя дрэвы, той жа самы караед лёгка перабіраецца з расліны на расліну. А вось калі б паміж соснамі расла бяроза ці ясень, або дубок, шкодніку перабірацца было б значна цяжэй. Гэтая абставіна ўлічана, і ў апошнія гады ў лясгасах высаджваюцца змешаныя дзялянкі, рады хвоек чаргуюцца з радамі дрэўцаў лісцёвых.
Слушная заўвага. Бярозкі маюць больш разгалінаваную каранёвую сістэму, таму ямкі пад іх выкопваюцца рыдлёўкамі, а не робяцца мячамі Колесава.
Усе прыехаўшыя размеркаваліся па парах і прыняліся працаваць. Як правіла, мужчыны бралі ў рукі мячы і прабівалі ямкі, а жанчыны высаджвалі ў іх саджанцы.
— Абавязкова шчыльна і надзейна прыціскайце нагамі зямлю ў лунцы, — напаміналі работнікі лясгаса, — каб грунт надзейна прылягаў да карэньчыкаў, каб дрэўцы хутчэй укараняліся, прыжываліся і ішлі ў рост.
— Трэба будзе запомніць гэтую дзялянку і прыехаць сюды гадоў праз дваццаць, паказваць дзецям, бо гэта нашы сосны, мы іх высаджвалі, — казалі ўдзельнікі мерапрыемства, смеючыся.
Дзялянка за Гарадцом была даволі вялікая — восем гектараў. Яе засадзілі на працягу дня, увечары ўдзельнікі мерапрыемства вярталіся дахаты стомленыя, але задаволеныя. Прычым дзялянка гэтая толькі адзін эпізод вялікай працы. На працягу тыдня лесу саджанцы былі высаджаны на 31 гектары, а ўсяго на працягу вясны лясамі на Лепельшчыне трэба засадзіць больш за 130 гектараў. Праца наладжана ў рэжыме канвеера: колькі гектараў выпілоўваецца, столькі ж трэба і высадзіць. А па магчымасці — і больш.
-3-
img_8131У аўтара ж заставалася адно важнае пытанне. Чаму на пасадку лесу не прыйшлі школьнікі? Калі, як не на падобных мерапрыемствах, прывучаць дзяцей да беражлівага стаўлення да прыроды? Менавіта ж у сумеснай працы дарослых і дзяцей мацуецца і сувязь пакаленняў. З гэтымі пытаннямі звярнуўся да дырэктара лясгаса Андрэя Бародзіча. Той адказаў:
— Так, на дзялянцы за Гарадцом школьнікаў не было, але ў нас гэта сёлета далёка не адзіная дзялянка. Мы высаджваем лясы ва ўсіх лясніцтвах і запрашаем не толькі школьнікаў, а і ўсіх жадаючых. Наколькі ведаю, школьнікі ўдзельнічаюць у пасадцы лясоў у Каменскім і Слабадскім лясніцтвах. Такім чынам мы ўносім свой пасільны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: высаджваюць лес начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў і інжынер-лесапатолаг лясгаса Таццяна Дзямко; трактарыст Сяргей Ханяк; жанчыны разбіраюць саджанцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>