Попадались и «французы», им пришлось в колледже переучиваться на «англичан»

uasgpqt3kra Атланты і Карыятыды… Першыя – з еўрапейскай архітэктурнай традыцыі, другія — са старажытных грэкаў. Першыя — мужчыны, другія — жанчыны. Абодва адыгрываюць адну і тую ж функцыю – замяняюць сабой калону, якая падтрымлівае перакрыццё будынка. Іншымі словамі, атланты і карыятыды — тое, на чым трымаецца будынак.

Будынак прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашым каледжы трымаецца на трох сегментах: механіках, будаўніках і меліяратарах. І, безумоўна, ролю “атлантаў” выконваюць механікі. Ужо хаця б таму, што гэтая спецыяльнасць у каледжы мае выключна мужчынскі пачатак. Мяркуйце самі, усе сто семдзесят два навучэнцы аддзялення — хлопцы.
— Спрабавала падаць заяву летась адна дзяўчына, але мы яе ўсё ж адгаварылі. Відаць, сама не разумела, на што ідзе, — расказвае загадчыца аддзялення Алеся Пшанко, якая ў адначассі з’яўляецца і адказным сакратаром прыёмнай камісіі.
Ну, вядома. Механіка — справа не жаночая. Гайкі круціць пад машынаю ў спадніцы няспрытна. “Гайкі круціць” — гэта я сказаў вобразна. А насамрэч на аддзяленні дзве спецыяльнасці — “тэхнік забеспячэння меліярацыйных і водагаспадарчых работ” і “рамонтнае абслугоўванне вытворчасці ў сельскай гаспадарцы”.
Цікава, што сама Алеся Аляксандраўна — ці не адзіная жанчына ў аддзяленні. Прынамсі, нават сярод выкладчыкаў спецдысцыплін жанчын няма. Усяго трыццаць тры выкладчыкі, амаль палова — з вышэйшай катэгорыяй. Сярод іх ёсць і выпускнікі каледжа: Яўген Варашко, Аляксандр Хацкевіч, Дзмітрый Хаткевіч, Аляксандр Цімафееў.
— І чаму гэта раптам жанчына кіруе мужчынскім аддзяленнем? — пытаюся.
Загадкава ўсміхаецца:
— Вы не першы, хто так пытаецца. Прыязджалі калегі з іншых навучальных устаноў, таксама былі нямала здзіўленыя. Ды вось так атрымліваецца. А сама я выкладаю эканоміку.
Дарэчы, пазнаёміўшыся бліжэй з аддзяленнем, я нарэшце зразумеў, што атрымліваецца ўсё не само па сабе, а так яно, мабыць, і трэба, каб жанчына кіравала мужчынскім калектывам. Інакш не будзе гармоніі. Хіба мужчына мог бы так вобразна распавесці пра гэтую сталёвую прафесію механіка, замешаную на мазуце, з водарам саляркі, з круцізною туга завінчаных гаек?
Вобразна апавядаць Алесю Аляксандраўну навучыла жыццё, на працягу якога яна, здаецца, увесь час вучыцца. Пасля школы — дзве адукацыі ў Горацкай акадэміі, трэцяя — ва ўніверсітэце. Зараз ужо атрымала ступень магістра тэхнічных навук і… працягвае вучыцца. На гэты раз ужо ў межах удасканалення і павышэння кваліфікацыі. Ёсць жа людзі, якія любяць вучыцца!
-2-
iou1lmrt19iЗрэшты, у аддзяленні, якім кіруе Алеся Пшанко, таксама нямала аматараў вучобы. Нездарма ж, па звестках за першы семестр, шэсцьдзясят навучэнцаў маюць сярэдні бал большы за сямёрку. Аднак, магчыма, імі кіруе іншы інтарэс — эканамічны? Мяркуйце самі, у каледжы заахвочваецца паспяховасць. Для атрымання стыпендыі дастаткова паспяваць на пяць балаў, але будзеш атрымліваць “сацыяльную” стыпендыю — пяцьдзясят рублёў. Хочаш болей — вучыся лепей. Існуе павышальны каэфіцыент — ад 1,2 да 1,6. І калі вучышся без шасцёрак, то ідзе надбаўка. Праўда, надбаўка ідзе і за ўдзел у грамадскім жыцці, але да грамадскіх актывістаў не ўсе выкладчыкі ставяцца аднолькава прыязна. Маўляў, першым чынам “самалёты”, а песенькі на потым. Падлеткі прыйшлі сюды найперш па прафесію — такая вось устаноўка. А выдатнікі, якія паспяваюць на дзевяць балаў (Уладзіслаў Стаднік, Павел Шнейдэрман, Андрэй Машкей і Мікіта Бязлюдаў, усе чацвёртакурснікі), атрымліваюць стыпендыю ледзьве не ўдвая большую за “сацыяльную”. Ці ж гэта не стымул вучыцца?
Цікава, а якія прадметы вывучаюць? Хто паступіў пасля дзевяці класаў — усё, што і ў школе, толькі скарочаным курсам — за год. Хто пасля адзінаццатага — адразу за спецдысцыпліны, самыя галоўныя з якіх — тэхнічная механіка, інжынерная графіка, меліярацыйныя, будаўнічыя і дарожныя машыны, эксплуатацыя і рамонт. А яшчэ цікавей, што хлопцы са “сталёвага аддзялення” як спецдысцыпліну вывучаюць англійскую і беларускую мовы прафесійных тэрмінаў. Трапляліся тут, кажуць, і “французы” пасля школы, ды ім давялося ў каледжы перавучвацца на “англічан”. Такім чынам, па дваццаць моўных гадзін у абавязковай праграме ў механікаў. А як жа, родныя гайкі трэба ведаць і па-англійску!
Даволі грунтоўная нагрузка: па трыццаць шэсць гадзін — ва ўчарашніх дзевяцікласнікаў і не болей трыццаці васьмі — у выпускнікоў сярэднік школ. Гэта тры-чатыры пары штодзень. Аднак усё ў межах, дазволеных “санпінам”. Тут ніякіх парушэнняў.
— А субота? — пытаюся ў Алесі Аляксандраўны. — Чуў, што нібыта тыя групы, у якіх кепская паспяховасць, займаюцца па суботах.
— Я б так не сказала. Ва ўсякім разе, гэта не з’яўляецца сістэмай. Субота — шосты школьны дзень. Вядома, дзеці дома не сядзяць. Па суботах — практыка. Гэта ў межах праграмы. Акрамя таго, розныя спаборніцтвы, заняткі ў спартыўных секцыях, сустрэчы са школьнікамі, валанцёрскі рух, усемагчымыя “майстар-класы”, заняткі па кіраванні аўтамабілем. Дзве выпускныя групы па суботах выконваюць дыпломны праект.
— Усе пазаўрочныя мерапрыемствы фактычна па суботах? Бо ў астатнія дні і так расклад напружаны?
— Па панядзелках — гадзіна куратара, па чацвяргах — інфармацыйная гадзіна.
Вучыся — не хачу. У аддзяленні добрая база: вучэбна-вытворчыя майстэрні, лабараторыі сельгасмашын, меліярацыйнай, будаўнічай дарожнай тэхнікі, трактароў і аўтамабіляў. Усё аснашчана дзейнымі машынамі і вузламі. А калі чагосьці не хапае на месцы, механікі едуць на заняткі то ў Горацкую акадэмію, то ў БАТУ, то на Коханаўскі экскаватарны завод. Там з радасцю прымаюць нашых, бо для іх гэта магчымасць дадатковай прафарыентацыі.
-3-
Удзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах па спецыяльнасцях. Для гэтага спачатку праводзяць свой конкурс, у якім спаборнічаюць па пяць лепшых па прафесіі. Трое пераможцаў бяруць удзел ужо ў другім этапе конкурсу — на выездзе. Сёлета ў агульнакамандным заліку на такім конкурсе ў акадэміі занялі першае месца.
На дапамогу прафесійнай адукацыі прыйшлі электронныя сродкі навучання. Ёсць электронныя ведамасці паспяховасці, якія складаюць штомесяц па групах. У дапамогу навучэнцам — мультымедыйная ўстаноўка, тэлевізары, інтэрактыўная дошка. Аўдыторыя інфармацыйных тэхналогій аснашчана камп’ютарамі, навучэнцы маюць магчымасць выконваць курсавыя і дыпломныя праекты з выкарыстаннем камп’ютарных праграм “Компас” ці “Аўтакад”. У бібліятэцы каледжа маецца “электронная бібліятэка”.
Большая частка навучэнцаў жыве ў інтэрнаце, бо ёсць хлопцы і з Докшыцаў, і з Чашнікаў, і больш далёкія. Ды і не ўсе з Лепельшчыны маюць магчымасць ездзіць штодня дадому, бо заняткі заканчваюцца позна. Заселены ў адрамантаваныя блокі першага інтэрната. Пра свой быт, пра ўтульнасць у пакоях, дзе жывуць, клапоцяцца самі. Ужо ж амаль дарослыя і неўзабаве пойдуць на свой хлеб.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: вучоба і практыка ў аддзяленні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>