Рецепт клецок известный как старому, так и малому

img_7953 Як гатуюць клёцкі? Не надта складанае пытанне, скажаце вы. Так, рэцэпт клёцак вядомы як старому, так і малому. Бульбу надзерці на тарцы, дадаць крышку мукі, спецый па гусце — і ў кіпень. Аднак якія клёцкі без “душы”! Менавіта такая смаката, зробленая гаспадынямі з народнага клуба традыцыйнай народнай кухні, гульні і фальклору “Стайскія прысмакі” праславіла Лепельшчыну далёка за межамі раёна.

Аматарскае аб’яднанне “Стайскія прысмакі” ўтварылася на базе Стайскага сельскага Дома культуры ў 2005 годзе. Званне “народнага” клуба атрымала ў снежні 2013. Зараз ніводнае раённае свята не адбываецца без удзелу “Стайскіх прысмакаў”. Зрэшты, “варацца” “Стайскія прысмакі” не толькі на ўзроўні раёна. Пра поспехі лепельскай кухні распавядае кіраўнік Вольга Шкіранда.
— У сакавіку мінулага года ўдзельнічалі ў выставе-прэзентацыі на трыццацігоддзе Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў у Віцебску і абласным свяце “Вялікая Вяселіца” ва Ушачах. Прыгатавалі так званыя вясельныя стравы. Атрымалі дыплом. У верасні сустракалі гасцей Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету ў Доме рамёстваў. Вельмі значная падзея адбылася пятнаццатага лістапада. Нашы “клёцкі з душамі” ўнеслі ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Нашы майстар-класы “Стравы з бульбянога драння” і “Клёцкі з душамі” наведалі карэспандэнты газеты “СБ” Дзмітрый Умпіровіч і Ганна Навумава. На Купалле стварылі пляцоўку “Гульнёвы панадворак”, на свята горада прадставілі гульнёва-забаўляльную праграму “Стайскі панадворак”, на Масленіцу — гульнёва-забаўляльную праграму “Баярыня Масленіца”.
Безумоўна, не застаецца па-за ўвагай і культурнае жыццё нашага мястэчка. Правялі калядна-абрадавую гульню “Жаніцьба Цярэшкі”, абрадава-гульнёвую праграму “Прыйшло Вялічка з чырвоным яечкам”, народнае гулянне “Баярыня Масленіца”.
— Чаму ж менавіта лепельскія клёцкі прыходзяцца ўсім даспадобы? Падзяліцеся сакрэтам прыгатавання.
— Вядома, што раней клёцкі былі рытуальнай стравай. Цеста — “цела”, начынне — “душа”. Зараз гатуюць смачную страву і да паўсядзённага стала. Сакрэты ў кожнай гаспадыні, як правіла, свае. Дадаюць у адмысловых прапорцыях кмен, лаўровы ліст, цыбулю, соль. Галоўнае — клёцкі “з душой” трэба і гатаваць адпаведна. Гатуем і іншыя традыцыйныя стравы: хатнюю каўбасу, дранікі, верашчаку. Не абыходзяцца нашы святы і без гульнёвай праграмы. Трымаем сувязь з узорным фальклорным калектывам “Сунічкі”, Стайскай сярэдняй школай, носьбітамі старажытнай беларускай кухні Зінаідай Кулеш і Галінай Фокінай.
Яўген МУДРЫ.
На здымку: “Стайскія прысмакі”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>