Хозяева интересовались в первую очередь сортом “уладар”

img_8107 У газеце №29 за 10 красавіка была змешчана аб’ява аб тым, што ў Лепелі ў суботу, 14 красавіка, плануецца правядзенне веснавога кірмашу, дзе ўсе жадаючыя маглі б набыць будаўнічыя матэрыялы, садова-агародны інвентар, насенны матэрыял, пасадачны матэрыял пладова-ягадных культур, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і іншыя рэчы, неабходныя на вясенніх палявых работах.

На базарную плошчу прыбыў рана, каля васьмі гадзін раніцы. Нягледзячы на ранні час, народу на базарнай плошчы было шмат. Хаця раннім часам восем гадзін можна было назваць вельмі адносна. Яшчэ добра памятаю часіны, калі лепельскі базар пачынаў працаваць а пятай гадзіне раніцы, а ў шэсць ён ужо бываў цалкам запоўнены.
Дзе ў час кірмашоў выстаўляюцца калгасы? Вядома ж, на парковачнай плошчы перад універмагам. Аднак у суботу паркоўка працавала ў звычайным рэжыме. Яна амаль уся была запоўнена аўтатранспартам.
Паспяшаўся на сельгаспляцоўку. Там амаль ваўсю ішоў гандаль. Бульба, варта зазначыць, крыху паднялася ў цане, у суботу за вядро клубняў прасілі па пяць рублёў. Прадавалі яе чалавек пяць. Пакупнікі праяўлялі да тавару пэўны інтарэс, бо набліжалася Радаўніца, а ў гэты дзень адной з абавязковых рытуальных страў з’яўляюцца клёцкі.
Аднак мы забыліся пра галоўную мэту — кірмаш. На базарную плошчу прыехала толькі ААТ “Чарэйшчына”. Прывезлі насенную бульбу сартоў “гала”, “уладар”, “скарлет” і “скарб” — самы зарэкамендаваны і распаўсюджаны на Беларусі. Уся бульба была першай рэпрадукцыі, па 50 капеек за кілаграм. Калі лічыць, што ў стандартнае дзесяцілітровае вядро змяшчаецца восем кілаграмаў бульбы, то атрымаецца чатыры рублі за вядро — у прынцыпе, не надта і дорага. Каля дзесяці гадзін зноў вярнуўся на сельгаспляцоўку. На той час праявіліся густы пакупнікоў, гаспадары цікавіліся ў першую чаргу сортам “уладар”, ён на той час быў увесь распрададзены. Іншых заставаліся лічаныя мяхі.
Акрамя бульбы з “Чарэйшчыны” прывезлі яшчэ бульбу харчовую і грэчку, цана апошняй — пяць рублёў за кілаграм. Гэтая расліна найбольш цікавая будзе пчалярам. Яна і фацэлія з’яўляюцца аднымі з лепшых меданосаў.
Астатнія калгасы запрашэнне на кірмаш праігнаравалі, па крайняй меры, транспарту іх на базарнай плошчы ў той дзень не бачыў. Зерне ж прапаноўвалі прыватныя прадаўцы, цана — тры рублі за вядро.
Па традыцыі даволі шмат прадавалася насення гародніны: морквы, гароху, буракоў, памідораў, капусты, кропу і шмат чаго іншага. Гэты тавар прадстаўлялі ў асноўным прыватныя гандляры. Ды і каля кіёска дзяржаўнай “Сартнасенагародніны” выстройвалася чарга.
Аднак кірмаш не праігнаравала раённае спажывецкае таварыства. Кааператары, хоць не маюць насеннага матэрыялу, выставілі на сельгаспляцоўцы кропку з гароднінай. Так, прадавец Ганна Юшко прапаноўвала набыць бульбу па 59 капеек за кілаграм, цыбулю — па такой жа цане, буракі — па 70 капеек, памідоры свежыя — па 1,89. А вось яблыкі былі дарагаватыя — па 4 рублі 20 капеек за кілаграм. Па суседстве размясціліся прадпрымальнікі, якія прадавалі іх па 2,20 за кг. Агуркі ў іх можна было набыць па 3,50, а памідоры — ад 3,80 да чатырох рублёў у залежнасці ад гатунку.
Свой асартымент прадпрымальнікі, якія традыцыйна гандлююць прывазной гароднінай і садавінай, у мінулую суботу папоўнілі цыбуляй-сеянкай. Сарты былі самыя розныя: і прывычная жоўтая, і экзатычныя белая, і сіняя. Цэны — ад 2 рублёў 30 капеек да 3 рублёў за кілаграм.
Мясны павільён у мінулую суботу парадаваў ажыўленнем, чацвёра прадпрымальнікаў і адна кропка ад райспажыўтаварыства прапаноўвалі свініну, двое прадпрымальнікаў прадавалі марожаную рыбу, яшчэ двое — салёную. Мяркую, перад вялікімі выхаднымі людзям трэба было закупіцца прадуктамі харчавання, ды і мяса для рытуальных клёцак не было б лішнім.
img_8102 img_8106 img_8119У малочным павільёне гандаль ішоў поўным ходам. Аднак, зазначу, што малака і іншай малочнай прадукцыі — тварагу, смятаны, сыру — было не так і шмат, што выклікае пэўнае недаўменне: сезон ацёлу заканчваецца, а дзе малако? З іншага боку, мусім прызнаць, што за апошнія гады пагалоўе кароў у гаспадарках вяскоўцаў істотна скарацілася. Цэны на малочную прадукцыю не памяняліся: трохлітровік малака каштаваў пяць рублёў, паўлітра смятаны — два рублі, тварог — ад сямі рублёў за кілаграм, сыру — восем, масла — дзесяць. Дарэчы, на базары — як на сельгаспляцоўцы, так і ў малочным павільёне — прадаваліся курыныя яйкі па два рублі пяцьдзясят капеек за дзясятак. Цэны на мёд застаюцца на ранейшым узроўні — сем рублёў за паўлітра.
Там жа ўбачыў тавар пакуль што экзатычны — зялёную цыбулю. Вольга Плігаўка вырасціла яе ў сваім парніку, а цяпер прывезла на базар, прадавала па рублю за стаграмовы пучок.
-2-
Заставалася крыху часу. Вырашыў прайсці па галоўнай базарнай плошчы, найперш скіраваўся ў “жалеза”. Аднак заўсёдных прадаўцоў скабянога тавару ў той дзень на базарнай плошчы не было. На іх месцы асталяваліся прадаўцы поліэтылену. Найбольш шырока быў прадстаўлены поліэтылен трохметровай шырыні, больш за пяць відаў — ад 1,20 да 2,50 за пагонны метр. Пры жаданні можна было купіць плёнку чатырох-, пяці- і нават шасціметровай шырыні. Апошняя была самая дарагая, цана пагоннага метра даходзіла да шасці рублёў.
Далей стаяла кропка, дзе прадавалі саджанцы яблыняў, груш, чарэшні, сліў, ягадных кустоў. Самыя танныя каштавалі па пяць рублёў.
Пляцоўка каля кіёска, які спецыялізуецца на продажы рознага інструменту, застаўлена веласіпедамі. Суседнічаюць ровары айчыннай і імпартнай вытворчасці, простыя дарожныя мадэлі стаяць у адзін шэраг з крутымі горнымі. Заўважыў, што моладзь больш звяртае ўвагу на горнікі, а велааматары са стажам — на мадэлі больш простыя. Аргументуюць: “Навошта пераплачваць за навароты, якімі пакарыстацца на дарозе і не давядзецца?”.
Аднак самым распаўсюджаным у мінулую суботу таварам былі штучныя кветкі. Яно і не дзіўна — Радаўніца. З самага пачатку, праходзячы па базарнай плошчы, лічыў гэтыя кропкі. Далічыў да дзесяці, а потым кінуў. Самыя танныя кветкі прадаваліся па рублю за галінку, а далей — даражэй, на некаторыя цана дасягала дзесяці рублёў. Сустрэчны знаёмы сказаў:
— У панядзелак паеду на вясковыя могілкі, там ляжаць мае дзяды, у аўторак — на гарадскія, там бацькі. Ды і іншай радні, знаёмых, сяброў у тых “інтэрнатах” даволі шмат, таму накупляў танных кветак, каб на кожную магілу паставіць. Хацелася б, вядома, паставіць прыгажэйшыя, але дзе ж ты іх дакупішся…
Б. САНЕЎ.
На здымках: гандлёвая кропка райспажыўтаварыства — прадавец Ганна Юшко; Вольга Плігаўка прадае малочную прадукцыю і свежую цыбулю; штучныя кветкі — самы папулярны тавар перад Радаўніцай; насенную бульбу прадае ААТ “Чарэйшчына”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>