Огонь с ветром, как белка, перепрыгивал от одной постройки к другой

img_7928 Быў трэці дзень Вялікадня. Стол, вядома, яшчэ “дыміўся” рознымі святочнымі прысмакамі, гаспадары настойліва запрашалі. Іх можна зразумець. Не кожны дзень у хаце “галіновае начальства” ў гасцях. Кіраўніцтва раённага МНС напярэдадні чарговага юбілею службы ўспомніла пра свайго ветэрана, што трыццаць гадоў вераю-праўдаю служыў.

Прыехалі самі і прывезлі карэспандэнта. Нечаканы атрымаўся падарунак для Аляксандра Дзёмкі. Гаспадароў можна зразумець, але ж і нас таксама — мы на службе. Ад чаркі, зразумела, адмовіліся, а вось ад вэнджанай каўбасы — не пасмелі. Нельга ж і гаспадароў крыўдзіць. Свая, натуральная, без тых самых розных кулінарных Е-дабавак, якія хоць і спакушаюць смакам, ды смак той мёртвы, не жывы. А гэтая — з дымком ды водарам, у роце, здаецца, сама растае.
Такой каўбаскі даўно не каштаваў. Нагадала мне пра далёкае маленства, калі яшчэ трымалі свіней. Самі бацькі не капцілі, але бацька кудысьці вазіў свежаніну і прывозіў такое во смакоцце.
Зараз сказалі б, што не карысна, не дыетычна. Слухайце вы гэтых казальшчыкаў. Выходзіць, нічога і з’есці нельга, бо ўсё шкодна. Даўней казалі: “То полезно, что в рот полезло”. І елі, і жылі, бо елі сваё, натуральнае, без хіміі.
У Аляксандра Канстанцінавіча — свая капцільня, вазіць нікуды не трэба. Вунь і яго былыя калегі зацікавіліся, распытваюць. Што ж, гаспадар. Свіней з Верай Васільеўнай трымаюць, конь ходзіць па падворку, куры. Араву гэтую карміць трэба, а таму агарод у Дзёмкаў не такі, што калі баба сядзе, падолам закрые, а цэлы гектар. І зерне, і бульбу росцяць, не кажучы пра розную гародніну. Дык чаму ж і сваёй капцільні не мець, каб сальца ды мясца насыціць смачным дымком.
З дымком для пажарнага — звыкла. Я ж кажу, цэлых трыццаць гадоў Канстанцінавіч з “дымком” справу меў. І служыў з агеньчыкам, ды яшчэ з якім! Сабраліся калегі і ўспамінаюць, як у дзевяностых гарэлі Далікі. Лета стаяла гарачае, сухмень. Ад чаго загарэлася — хто ведае? Ды нейкі нягоднік, да ўсяго, дрот перабіў, тэлефоны не працавалі. Калі прыехалі пажарныя, палала ўжо некалькі хат. Агонь з ветрам, як вавёрка, пераскокваў ад адной пабудовы да другой. Пекла стаяла такое, што нават пажарнаму можна было страціць прытомнасць ад гарачыні. Вось то быў “дымок”! Амаль суткі тушылі.
-2-
Шмат чаго мог бы прыгадаць Канстанцінавіч са сваёй багатай на вогненныя падзеі службы. І як у Плаўне пажар тушылі — гарэла “дача Машэрава”, і як упершыню, яшчэ пачаткоўцам, убачыў на пажары па Барысаўскім тракце абвуглены труп — чорны, як галавешка. Ды ну іх, гары яны гарам, тыя ліхія ўспаміны! Давайце лепей пра светлае. Пра дзяцінства, якое прайшло ў Слабадзе. Бацька кароў пасвіў, маці свіней даглядала ў калгасе. І ён, Сашка, васьмігадовым хлопцам ужо на кані калгаснае сена вазіў. Нагрузяць малому велізарны воз, а ў той час, калі памятаеце, брыкі былі, сена ў іх цэлы стог можна было нагрузіць. Воз вялікі, ледзьве ўскараскаецца наверх — і паехаў. Вучыцца ў школе не дужа каб, а вось да працы быў хвацкі. Мужыком рос — відаць, для “пажаркі” нарадзіўся. Гартаваўся на ўласнай гаспадарцы. Каровы тры былі ў бацькоў, свінні, куры. А з дзяцей ён адзін мужык. Сёстры Валя з Галяю то на агарод палоць, то па ахрап’е, а ён, Сашка, і ў плуг, і ў касу. Дужы рос, спрытны хлопец. Вечарамі з братам стрыечным Колем, з сябрамі Косцем Доўнарам, братамі Тамашэвічамі ганялі мяч па школьным стадыёне — улетку, а зімою на Юстынавай копанцы ў хакей гулялі ці на лыжах гойсалі.
Так што калі ў войска прыйшоў час ісці — праблем з фізічнай загартоўкай не было. Тым больш, што на той час ён ужо крыху паспеў папрацаваць слесарам у сельгастэхніцы. Служыў у ракетных войсках. Спачатку — у Печах, затым — у Баранавічах, пасля — у Гродне. Дадому вярнуўся з “чыстымі” пагонамі радавога і цэлым суквеццем армейскіх успамінаў. Хто служыў, той разумее, з якім багажом уражанняў вяртаюцца хлопцы на “дэмбель”. Пагуляў лета цэлае, у наш час можна было пасля арміі тры месяцы гуляць, стаж не перарываўся. І падаўся ў “пажарку”. Гэта быў тысяча дзевяцьсот семдзесят восьмы год.
-3-
У той час была яшчэ старая драўляная пажарная часць на базарнай плошчы. На яе месцы зараз стаянка ля аптэкі. Узначальваў службу Віннік. Працавалі Віктар Арлоў, Васіль Палонскі, Мікалай Кордзік і іншыя. Прыгадвае, быў процівагаз КІП-7, пажарныя рукавы льняныя — цяжкія, калі намокнуць, ледзьве ўзгрузіш на машыну. Пасля, да алімпіяды ў васьмідзясятым, памянялі экіпіроўку. Рукаў стаў гумавы, лёгенькі, скруціў яго і панёс. Было пяць машын пажарных, мехлесвіца, пенны ход і аўтацыстэрна.
У розныя гады, пакуль працаваў Аляксандр Дзёмка, “пажарку” ўзначальвалі Віктар Швяцоў, Аляксандр Шашкін, Дзмітрый Пшанко. Прыйшоў хлопец у пажарную часць байцом, затым паслалі на курсы ў Мінск. Стажыраваўся, трымаў экзамен па тэхніцы бяспекі, пасля чаго прызначылі начальнікам варты. Далей быў камандзірам аддзялення. Апошнія ж шэсць гадоў перад выхадам на пенсію працаваў на пажарным пасту ў роднай Слабадзе.
Адным з першых у раёне атрымаў Аляксандр Канстанцінавіч у дзевяностыя гады медаль “Выдатнік ваенізаванай пажарнай службы”. Узнагароджаны таксама медалём “150 гадоў пажарнай службе”.
І вось ужо дзесяць гадоў на пенсіі, сёлета споўнілася шэсцьдзясят. Ляцяць гады. Ды не старэе душой Канстанцінавіч, без справы ніколі не сядзіць, бо не прывык. Вось і зноў працуе, на гэты раз — жывёлаводам у роднай гаспадарцы. І ля хаты ўвесь час тупае. Бацькоўская хата ў Слабадзе дасталася ў спадчыну, падняў яе, акультурыў, вокны новыя паставіў. Бацькаўшчыну шанаваць трэба. Так то капціць сабе паціху дымком каўбасы і жыве па-ранейшаму — з агеньчыкам.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аляксандр Канстанцінавіч Дзёмка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>