На полигоне работа шла своим чередом

img_8029 У чарговы аб’езд па тэрыторыі раёна накіраваліся групай у складзе начальніка аддзела каардынацыі кантрольнай дзейнасці Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрыя Каралёва, галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя Масленкі і аўтара гэтых радкоў. Выехаўшы з горада, курс узялі на новы палігон для захоўвання цвёрдых камунальных адходаў.

Звярнулі ўвагу на чысціню прыдарожных палос. Пасля заканчэння зімы ўздоўж дарог праяўляюцца так званыя “падснежнікі”: паперы, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, поліэтылен і іншае смецце. На працягу зімы яго выкідваюць неахайныя пешаходы, вадзіцелі. Друз тут жа замятаецца снегам, хаваецца ад вачэй, каб праявіцца ўвесну. І з пацяпленнем у дарожнікаў пачынаецца барацьба за чысціню.
Якраз незадоўга да аб’езду работнікі ДЭУ-37 пачалі абход асноўных трас, за дзень вычышчаюць па дзесяць — пятнаццаць кіламетраў. Папяровыя мяхі са смеццем можна ўбачыць на ўзбочынах. Яны складзены, чакаюць вывазу.
Аднак калі ад’ехаць ад дарогі крыху ўбок, адкрыецца карціна зусім іншая. Наша машына павярнула ў першы правы паварот ад скрыжавання з Мінскай трасай. Заехалі метраў на 15 — 20 у лес і былі непрыемна ўражаны – столькі там накідана смецця. Поліэтылен, паперы, бутэлькі — традыцыйны набор. Людзі заязджаюць на машынах, выпіваюць, закусваюць, а потым смецце кідаюць на месцы, лянуюцца давезці да бліжэйшага кантэйнера. І цяпер гэтае смецце становіцца праблемай для леснікоў, ім давядзецца браць у рукі мётлы, шуфлі. Няўжо немагчыма паставіць мэту злавіць і пакараць хаця б пару падобных парушальнікаў?
* * *
img_8024На палігоне праца ішла сваім парадкам. Машыны прыбывалі, узважваліся і праязджалі далей, да пункта сарціроўкі. Пункт выглядае наступным чынам. Вагончык узняты над зямлёй на высокіх двухметровых жалезных трубах. Праз яго па транспарцёры праходзіць смецце. Абапал транспарцёра сядзяць работнікі і ўручную выбіраюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы (шкло, пластыкавыя бутэлькі, пластмасу і іншае) і кідаюць уніз. У падлозе зроблены спецыяльныя люкі, а знізу прычэплены спецыяльныя мяхі, куды ўсё і збіраецца. Вядома, стапрацэнтнага сартавання і выдзялення другаснай сыравіны дабіцца немагчыма, але першыя крокі ў правільным накірунку робяцца ўпэўнена.
Юрый Каралёў падняў важную праблему. У кантралёра на вагах, спытаў:
— Хто дастаўляе смецце на палігон?
— КУВП “Бароўка”, а таксама транспарт прадпрыемстваў, юрыдычных асоб.
— А людзі ці прывозяць людзі сюды? Напрыклад, вядзе чалавек рамонт ці будоўлю, назапасілася даволі шмат адходаў.
— Не. У падобнай сітуацыі чалавек павінен заказваць у КУВП “Бароўка” транспарт, які і вывезе смецце, друз сюды, на палігон.
— Але гэта можа быць не выгадна чалавеку. Заказ машыны нашмат даражэй, чым утылізацыя смецця на палігоне. У Віцебску, напрыклад, распаўсюджаны такі від паслуг. Чалавек, калі мае транспарт, мікрааўтобус, машыну, трактар з прычэпам, сам грузіць яго і прывозіць на палігон. Груз узважваюць, прымаюць, чалавек на месцы аплачвае ўтылізацыю. У выніку выгаду павінны атрымаць усе ўдзельнікі: грамадзянін мае магчымасць зэканоміць на ўтылізацыі адходаў, камунальнікі не ганяюць тэхніку, адходы ім прывозяць людзі і плацяць за ўтылізацыю, прырода захоўваецца чыстай. Аднак на Лепельшчыне, наколькі разумею, сітуацыя адваротная. КУВП “Бароўка” хоча зарабляць не толькі і не столькі на ўтылізацыі адходаў на палігоне, колькі на транспартных паслугах, а гэта ўжо зусім іншыя грошы. Як будзе дзейнічаць чалавек, калі ўбачыць цэннік за адвоз яго смецця? Правільна, збярэ яго сам, вывезе і скіне ў бліжэйшы лясок, каб не плаціць. Трэба мяняць падыход, трэба даваць людзям прымальную альтэрнатыву.
* * *
Накіраваліся ў садоўніцка-агародніцкія таварыствы праз дарогу. Тут канстатавалі чысціню і парадак. Гаспадары дамоў і ўчасткаў падтрымліваюць сваю маёмасць і месцы агульнага карыстання, у першую чаргу дарогі, у належным стане. Аднак нідзе не ўбачылі смеццевых кантэйнераў, нават урны для паперак няма! Куды дзяваюць смецце? На пытанне адказаў Валерый Масленка:
— Некалькі гадоў таму садоўніцка-агародніцкія таварыствы мелі дагаворы з камунальнікамі. На тэрыторыях стаялі кантэйнеры, вёўся збор смецця. Аднак потым людзі сталі задаваць пытанні: “Па некалькі месяцаў мы жывём на дачах, кватэрамі не карыстаемся, але ўсё роўна нам па месцах прапіскі налічваюць і збіраюць аплату за збор і ўтылізацыю смецця, якога няма. І ў дадатак да гэтага нам яшчэ плаціць і за смецце з дач? Не трэба! Няхай застаецца плата толькі ў адным месцы”. І рашэннем сходу скасавалі дагаворы з камунальнікамі. Смецце, якое можна, спальваюць на месцы, складаюць на перагной, а мізэрныя рэшткі ў пакетах вязуць у горад і там выкідваюць у кантэйнеры.
Наступным пунктам аб’езду стала малочнатаварная ферма ў вёсцы Вялікі Поўсвіж. Адным з яўных недахопаў, на які неаднаразова ўказвалася пры ранейшых аб’ездах, была дрэнная агароджа. Зараз яна часткова заменена. Едзем далей. Тэрыторыя перыядычна падмятаецца, прыбіраецца. Арганіка вывозіцца на палеткі. У тарцы цялушніка застаецца невялікі бурт гною, які чакае вывазу.
Едзем па вясковай вуліцы. У розных месцах стаяць кантэйнеры для збору камунальных адходаў. Шмат новых, з накрыўкамі, якія засцерагаюць ад расцягвання смецця катамі, сабакамі і птушкамі. За час праезду выявілі толькі пару запоўненых кантэйнераў. Гэта ўказвае, што камунальнікі своечасова вывозяць адходы, не дапускаюць перапаўнення.
Далейшы маршрут пралягае ў вёску Дворышча. Населены пункт размешчаны на беразе возера Доўгае, таму жыве, на некалькіх участках вядзецца будаўніцтва. Узводзяцца дамы, гаспадарчыя пабудовы. Разам з тым, варта адзначыць, што мясцовыя жыхары цэняць і шануюць прыроду месца, дзе жывуць, не смецяць. Адходы скідваюць у кантэйнеры.
Абагнулі возера, заязджаем у вёску Казлы, а далей шлях ляжыць на Чарнаручча. На вясковых дарогах звяртаем увагу на чысціню, пакет або бутэлька на ўзбочыне трапляюцца рэдка.
* * *
Выехалі на Мінскую трасу, павярнулі на Лепель. Насустрач рухаліся людзі ў форменных аранжавых камізэльках. Навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа па дамове з ДЭУ-37 збіралі смецце ўздоўж рэспубліканскай дарогі. Працы моладзі будзе даволі шмат, на балансе прадпрыемства сотні кіламетраў дарог, дзе ў самыя сціслыя тэрміны трэба навесці парадак пасля зімы.
Паралельна дарожнікі занятыя яшчэ адной важнай справай — адчышчаюць і фарбуюць, паднаўляюць аўтобусныя прыпынкі. Летась памянялі больш за 20 прыпынкаў, на месцы старых паставілі новыя павільёны, з металу, пляцоўкі заасфальтавалі. Пасля зімы іх абавязкова трэба падмесці, асвяжыць фарбу.
Аб’екты асаблівай увагі — гаражныя кааператывы. Там, акрамя бытавога смецця, часта ўтвараюцца адходы павышанай небяспечнасці: адпрацаванае машыннае масла, фільтры, сайлентблокі і іншыя запчасткі і расходныя матэрыялы, якія выпрацавалі свой рэсурс. Куды іх дзяваюць, як збіраюць, утылізуюць?
Аб’ехалі два кааператывы: першы каля чыгуначнага пераезду на вуліцы Партызанскай, другі — на вуліцы Чуйкова каля майстэрняў каледжа. Ні ў водным не было кантэйнера для збору смецця. У абодвух праезды былі ў дрэнным стане, усе ў выбоінах, відаць, што грэйдар там праязджаў і раўняў дарогі вельмі даўно. Хаця і відаць было, што гаспадары гаражоў стараюцца падтрымліваць чысціню, аднак на тэрыторыі кааператыва на Чуйкова ў некаторых месцах накідана паперак, пакетаў, пустых бутэлек і іншага смецця.
Яшчэ адзін сацыяльна важны аб’ект — могілкі. На новых гарадскіх могілках падтрымліваюцца чысціню і парадак. Для паркоўкі аўтамашын заасфальтавана і абгароджана пляцоўка, дзе спакойна размесцяцца некалькі легкавікоў. На тэрыторыі могілак размешчаны дзве кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця. І калі на першай стаялі два кантэйнеры, то на другой кантэйнераў не было, смецце складвалася на пляцоўку.
Насупраць выезду з могілак у лясным масіве нейкія неахайныя людзі накідалі смецця, паперак, поліэтылену, пустых упаковак. Няўжо так цяжка аднесці да кантэйнера ці урны? У бліжэйшы час работнікі Заазерскага лясніцтва і валанцёры ў рамках тыдня лесу будуць высаджваць лес. Аднак такімі неахайнікамі ім дадаецца яшчэ ладны кавалак працы.
Апошнім пунктам аб’езду стаў цэнтральны гарадскі пляж. Аб’ект за апошні час, можна сказаць, пераўтварыўся, папрыгажэў. Чысты светла-жоўты пясок, новыя дэкаратыўныя лаўкі, арэлі і іншыя прылады для дзіцячых гульняў — пляж, на думку аўтара гэтых радкоў, ужо гатовы да адкрыцця купальнага сезона. Мяркую, праз месяц-паўтара ён будзе запоўнены дзятвой і дарослымі, якія з ахвотай будуць адпачываць, купацца.
Кантэйнерная пляцоўка размешчана з улікам усіх санітарных нормаў: на бетонных плітах, абгароджаная, кантэйнеры не перапоўненыя.
* * *
Юрый Каралёў заўважыў, што на Лепельшчыне вельмі шмат робіцца для захавання прыроды. Аднак гэта справа настолькі вялікая, шматгранная і аб’ёмная, што адным якім-небудзь прыёмам ці напрамкам абмяжоўвацца нельга. Варта працаваць кожны дзень, патроху, спакваля рабіць свет вакол сябе прыгажэй і чысцей.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: работнікі ДЭУ-37 наводзяць парадак на аўтобусным прыпынку; пункт сартавання адходаў на палігоне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>