Живет здесь, не унывает и никуда не собирается уезжать

img_7845Як жа яго любяць дзеці!
Шмат пабачыў я настаўнікаў — розных. Часта бываў на ўроках. Прафесія журналіста і, прынамсі, маладзёжны накірунак, сфера адукацыі, пра якія пішу, вымагаюць дэталёвага ведання тэмы. І таму ў школе я не навічок, на ўроках — таксама. Магу сказаць, што розныя мне сустракаліся настаўнікі — і патрабавальныя, і багатыя на прафесіяналізм, і, што хаваць, здольныя даць паказальны ўрок — толькі для наведвальніка. Можна “выканаць урок” на публіку, як добры спектакль на сцэне, але немагчыма па-акцёрску сыграць любоў да дзяцей. І тым болей немагчыма схаваць дзіцячую непрыязнасць. Выдадуць вочы. Справа ў тым, што дзеці, у адрозненне ад дарослых, не ўмеюць хаваць свае пачуцці, не навучыліся пакуль. І будзь ты хоць тройчы прафесарам, але калі не можаш данесці свае веды, бо яны разбіваюцца аб скалу вучнёўскай непрыязнасці — справы кепскія. Такому чалавеку будзе цяжка ў педагогіцы. І наадварот, калі яшчэ і небагата вопыту, а дзеці з замілаваннем глядзяць на цябе і ловяць кожнае слова, вунь як на маладога настаўніка са Слабады Дзмітрыя Сцяпанавіча, які працуе тут усяго некалькі месяцаў, значыць, ужо ёсць маленькая, але самая вялікая перамога — дасягнуты псіхалагічны кантакт з вучнямі. А гэта ў школе і ёсць той падмурак, на якім затым вырасце сапраўдны настаўніцкі аўтарытэт. Не ведаю, кажуць, настаўнікамі не нараджаюцца. А як тады растлумачыць, што адзін прыходзіць у школу і літаральна ваюе з дзецьмі за дысцыпліну, а яго не слухаюцца, хоць ты крычы, хоць плач, а ў другога пытанне дысцыпліны на ўроку ўвогуле не стаіць. Яно вырашаецца неяк само сабою. Не, настаўнікамі ўсё ж сапраўды нараджаюцца. І гэтую акалічнасць трэба было б улічваць пры наборы ў педагагічныя ВНУ.
Шосты клас. Здавалася б, самы шумлівы, самы непрадказальны, пераходны ўзрост. Паспрабуй спыніць такога малога гарэзу, паспрабуй прымусіць яго слухаць. Ніякі аўтарытэт не дапаможа, ні ўзрост. Тут усё вырашаецца толькі на ўзроўні флюідаў і ніяк інакш. Для школы трэба нарадзіцца.
Шасцікласнікі раскрылі раты ад захаплення і з непрыхаваным задавальненнем сочаць за настаўнікам інфарматыкі, які малюе на дошцы нейкія незразумелыя мне схемы і піша формулы. Мне — не зразумелыя, а ім тут усё проста і ясна. Яны размаўляюць з Дзмітрыем Сцяпанавічам на зразумелай адным ім мове і паслухмяна занатоўваюць формулы ў сшыткі. Настаўнік яшчэ і сам мала чым адрозніваецца ад падлетка. Бачна, што і ён захапіўся, яму надзвычай цікава. Проста любуюся — як жа яго любяць дзеці! Можа, таму, што ўзроставы бар’ер між імі яшчэ не такі высокі. Аднак не думаю. Бывае, любяць і пажылых, здараецца, не прымаюць і маладога.
Асабліва цікава назіраць за тым, самым высокім у класе хлопчыкам, якога завуць Максімам. Хапае кожнае слова настаўніка, імкліва выконвае кожнае яго заданне. Падумаў, няйначай выдатнік. Аказалася, зусім і не. І характар у падлетка, як мне сказалі, зусім не падарунак. А тут, на ўроку інфарматыкі, — раптам гэтакая гармонія. Цікава, што ў настаўніка прозвішча Сарока, а ў вучня — Сарокін. Як быццам бы яны адзін для аднаго створаны.
Дзмітрый Сарока прыехаў у Слабадскую школу з абласнога цэнтра. Падобныя маладыя спецыялісты з гарадскім менталітэтам у вёсцы доўга не затрымліваюцца, бо чужое для іх асяроддзе. І гэта ім не так, і тое не гэтак. А тут раптам віцяблянін увайшоў у незнаёмую яму вёску, як нож у масла. Жыве тут, не сумуе і нікуды не збіраецца з’язджаць. Наадварот, засумавала кіраўніцтва школы, калі хлопца ледзьве не забралі ў войска. Ну, ды ўсё пакуль абышлося, і дырэктар рада. Такія маладыя настаўнікі школе вунь як патрэбны.
А чаму Дзмітрый не спалохаўся вясковага жыцця? Тут усё проста. Хоць сам ён і з Віцебска, ды нарадзіўся ў Антаполлі, на Чашніччыне, дзе жыве бабуля. А ў суседнім Замачку — другая бабуля. Уласна кажучы, у горадзе Дзіма і не заседжваецца. Вядома, закончыў у Віцебску спачатку школу, пасля — педуніверсітэт. Аднак ледзьве якая хвіліна вольная — хутчэй на Чашніччыну, да бабуль. Зразумела, там вырас. І няма ў яго гарадскога апломбу, а ёсць вялікая прывязанасць да другой, маленькай радзімы, дзе нарадзіўся, дзе гуляў з сябрамі ў хованкі, бегаў купацца, дапамагаў на агародзе.
Прыслалі выпускніка факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій у аграгарадок на Лепельшчыну — а ён і рады. Гаспадыня, у якой кватаруе, — чалавек добры, памяркоўны, прыязна ставіцца да кватаранта. І есці яму згатуе. Зрэшты, згатаваць абед ці вячэру для Дзімы ніколі не было праблемай, бо калі маці была на працы, часам даводзілася гатаваць. Так што каша, макароны, суп — элементарна.
І сумаваць у вёсцы часу не застаецца. Школа, урокі, пасля падрыхтоўка да новых заняткаў. А вечарам — ноўтбук. У інтэрнэце пасядзець, добрую музыку паслухаць, фільмы паглядзець. Выйсці на прагулку, асабліва хораша зараз, увесну. Любіць хлопец па лесе паблукаць, паназіраць, як абуджаецца прырода. Ды і з людзьмі ўжо раззнаёміўся, прынамсі, і з моладдзю. Кажа, што людзі тут надзвычай зычлівыя, ветлівыя, усё тут яго задавальняе. Хіба толькі транспарт. Аўтобус не так часта ходзіць, а да горада далекавата пешшу. Ну, ды і гэта невялікая бяда. Не надта ўжо ён такі заўзяты вандроўнік, больш дамасед. Ездзіў неяк на экскурсію па пушкінскіх мясцінах, быў у Міхайлаўскім. Аднак лепей схадзіць на рыбу ці ў грыбы, а яшчэ лепей — махнуць у Антаполле. Як казаў некалі славуты беларускі друкар Францыск Скарына: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: настаўнік інфарматыкі Слабадской СШ Дзмітрый Сарока.
Фота аўтара.

Один комментарий для “Живет здесь, не унывает и никуда не собирается уезжать

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>