Какие планы строительства на текущий год?

img_8012 Якія планы будаўніцтва на бягучы год? Колькі плануецца ўзвесці жылля, а колькі — камерцыйнай нерухомасці? І калі, у рэшце рэшт, у Лепелі будзем весці сур’ёзную гаворку пра будаўніцтва прамысловае? З гэтымі і іншымі пытаннямі звярнуўся да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталлі Кляшторнай.

— Наталля Леанідаўна, праязджаючы па вуліцы Савецкай, звяртаю ўвагу на будоўлю, разгорнутую ля былога цэнтра дзіцячай творчасці. Там над агароджай растуць новыя паверхі шматкватэрнага жылога дома.
— 40-кватэрнага, калі быць дакладным. Будаўніцтва распачата ў лютым, у эксплуатацыю плануецца ўвесці ў кастрычніку. Агулам на гэтым аб’екце плануецца ўвесці 2266 квадратных метраў плошчы. Там у асноўным працуюць работнікі ПМК-75, па дагаворах субпадраду — работнікі іншых будаўнічых арганізацый і прадпрыемстваў.
— У мінулыя ж гады ўзводзіліся і стакватэрнікі…
— У тыя часы і фінансавая сітуацыя была іншай, дзяржаўны бюджэт мог аказаць значную фінансавую падтрымку. За апошнія гады яна істотна скарацілася, цяпер грамадзянам варта больш разлічваць на свае сілы, фінансы. З іншага боку, напомню, па вуліцы Калініна ўзводзіцца яшчэ адзін 40-кватэрнік за кошт кітайскіх інвестараў. Так што 80 кватэр да канца года мы будзем мець.
Не будзем скідваць з рахунку і індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Яно, паверце, па агульных аб’ёмах супастаўляльнае, калі не большае, чым долевае, шматкватэрнае. Для прыкладу, не так даўно мы публікавалі інфармацыю аб свабодных для забудовы ўчастках за АЗС-33, на месцы былога аўтадрома. На сёння з 28 участкаў 24 ужо занятыя, многія ўладальнікі прыступілі да вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі.
Калі гаварыць пра перспектыву, то зазначу, што мы маем некаторыя праекты. Напрыклад, летам плануем распачаць будаўніцтва яшчэ двух 40-кватэрных дамоў па вуліцы Савецкай, паблізу ад таго, які ўжо ўзводзіцца. Пляцоўка дазваляе, камунікацыі — таксама.
Летам жа звернем увагу на сельскія населеныя пункты. Ёсць запатрабаванні на будаўніцтва жылля ў Бароўцы: разгортваюцца вайсковыя часці, пашыраецца рэабілітацыйны цэнтр “Жамчужына”, адкрываюцца новыя камерцыйныя прадпрыемствы, работнікам, персаналу патрэбна жыллё. У гэтым населеным пункце плануем летам пачаць узвядзенне 60-кватэрнага жылога дома.
12-кватэрны жылы дом мяркуецца закласці ў Домжарыцах. Усе названыя дамы плануюцца да здачы ў эксплуатацыю ў наступным, 2019-м, годзе.
— А што з будаўніцтвам камерцыйнай нерухомасці?
— Лепяльчане бачаць, што ваўсю ідзе будаўніцтва крамы на вуліцы Чуйкова, паміж аўтацэнтрам “Запаска” і крамай “Санталіна”. Тут да канца года павінна адчыніцца крама сеткі “Еўраопт”. У ёй прадугледжаны складскія памяшканні, гандлёвыя залы і невялікая, наколькі дазволіць прылеглая плошча, паркоўка для легкавых аўтамашын.
Калі гаварыць пра перспектыву, то раскажу, што на бягучы год рыхтуецца інвестыцыйны дагавор аб будаўніцтве крамы з гандлёвай сеткай “Санта Рытэйл”. Прадугледжваецца ўзвесці краму з гандлёвай плошчай каля 400 квадратных метраў на скрыжаванні вуліц Войкава і М. Горкага.
— Гэта не на той пляцоўцы, дзе калісьці прапаноўвалі збудаваць новую гасцініцу?
— Так, менавіта там. Зараз ужо стала зразумелым, што інвестар страціў цікавасць да гасцініцы. Тым больш, што патроху адбудоўваецца старая гасцініца на вуліцы Дзяржынскага. “Санта Рытэйл” — гэта сетка харчовых крамаў, працуе па ўсёй Беларусі. Жадаючыя могуць знайсці інфармацыю пра яе ў інтэрнэце, наколькі памятаю, яны спецыялізуюцца на гандлі прадукцыяй фірмаў “Санта Брэмар” і “Савушкін прадукт”. Аднак не забываюць і іншыя тавары шырокага ўжытку. А за крамай плануецца ўзвядзенне яшчэ аднаго, 60-кватэрнага, жылога дома. Праўда, закладваць яго плануем у другой палове наступнага, 2019-га, года, а здаваць — у 2020-м. Гэта ўжо аддаленая перспектыва.
***
— Якія планы адносна інфраструктуры?
— Праграму “Чыстая вада” мы не закрываем, працягваюцца пэўныя работы. Напрыклад, трэба правесці водаправод па вуліцы Бярэзінскай. Яшчэ адна важная праблема — звязаць усе вуліцы і кварталы горада цэнтралізаванай каналізацыяй. Мясцовая, аўтаномная каналізацыя ратуе часткова. Грунты Лепеля балоцістыя, таму каналізацыйныя калодзежы каля дамоў даводзіцца прачышчаць ледзьве не кожны месяц.
— Ці плануецца ў Лепелі будаўніцтва прамысловае?
— Наколькі ведаю, маштабных праектаў — узвядзення цэхаў, прадпрыемстваў — бліжэйшым часам не прадбачыцца. Возьмем галоўных вытворцаў — малочнакансервавы камбінат, хлебазавод, рамонтна-механічны завод, “Прамшвеймэблю”, ЖКГ, меліярацыю, ПМК-75. Усе маюць неабходныя цэхі, вытворчыя памяшканні. Хіба што перыядычна абсталяванне там трэба абнаўляць. Прыватнікі рэдка займаюцца будаўніцтвам, яны часцей выкупляюць або бяруць у арэнду гатовыя памяшканні.
З іншага боку, Лепельскі раён узяў курс на развіццё санаторна-курортнай галіны, таму варыянты развіцця прамысловасці, асабліва звязанай з хіміяй, варта разглядаць вельмі ўважліва, пад павелічальным шклом.
— З такімі тэмпамі будаўніцтва ў хуткім часе ў горадзе не застанецца свабодных пляцовак для забудовы.
— Гэта вам так здаецца. На самой справе нават у цэнтры горада ёсць некалькі пляцовак, якія зарастаюць пустазеллем. Напрыклад, пустка ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і М. Горкага. Акрамя таго, варта разгледзець і пляцоўкі, застаўленыя старымі, непатрэбнымі пабудовамі, кладоўкамі, будкамі. Многія часта не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, проста займаюць карыснае месца.
Калі гаварыць пра перспектывы, то зазначу, што горад будзе расшырацца на захад, у бок вёсак Мацюшына Сцяна і Стары Лепель. Ужо зараз распрацоўваецца горадабудаўнічая дакументацыя. Распланоўваем кварталы, асноўныя лініі камунікацый: электразабеспячэння, водаправоду, каналізацыі, вуліц і дарог. Пасля гэтага прыступім да дэталёвай планіроўкі. Усё гэта праца на бягучы год. Яна не бачная шырокім масам гараджан, як, напрыклад, будаўніцтва на Чуйкова ці Савецкай, але без яе пачынаць капаць катлаван і забіваць палі нельга.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: будуецца дом на вуліцы Савецкай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>