Не на медаль идет, однако в сильных «хорошистах» ходит

img_7638 Шмат даводзіцца пісаць пра маладзёжных актывістаў. І кожны раз спрабую зразумець іх псіхалогію. Найперш зразумець  для сябе, бо сам, шчыра прызнацца, актыўна ў грамадскім жыцці ніколі не ўдзельнічаў ні па маладосці, ні пазней. Вядома ж, быў і акцябронкам, і піянерам, і камсамольцам — як усе. Хіба ў наш час можна было абмінуць гэтыя грамадскія арганізацыі? Аднойчы нават выбралі старшынёй вучкама. Аднак не памятаю, каб я там як-небудзь сябе праявіў. Не той характар, лідарства — не па мне, ды і каштоўнасці зусім іншыя.

У школе ў наш час не было гэтулькі масавых мерапрыемстваў, як зараз, так што неабавязкова было актыўнічаць, можна было проста вучыцца, што мы і рабілі. Вучоба займала шмат часу, асабліва ў старэйшых класах. Яно і правільна: хочаш чагосьці дасягнуць — назапашвай веды з маленства.
Вось таму і хачу зразумець псіхалогію сучасных юных актывістаў — як яны лічаць, навошта гэта ім?
Задаю гэтае пытанне Ганне Волкавай з дзявятага “А” класа СШ №3. Дзяўчына шмат дзе паспявае: удзельнічае ў алімпіядах, даўно выступае за школу на спаборніцтвах “Юных інспектараў дарожнага руху”, сёмы год займаецца ў тэатральнай студыі “Сюрпрыз” — раней у Наталлі, а цяпер у Віктара Джамілашвілі. Дзіўна, што ўсюды паспявае. І галоўнае, да яе гонару, паспявае ў вучобе. Не на медаль ідзе, аднак у моцных “харашыстах” ходзіць.
— Табе падабаецца быць актывістам? — пытаюся ў Ані і чую ў адказ:
— Што значыць, падабаецца ці не, я проста ведаю такое слова “трэба”. У школе праходзіць шмат розных мерапрыемстваў — і па суботах, і проста так. Камусьці ж трэба ў іх удзельнічаць?
— Такім чынам, ты проста не можаш адмовіць?
— Магчыма, і так. Ды і прывыкла ўжо. У нас яшчэ з першага класа сабралася такая “ініцыятыўная група” — я, Жэня Ганчаронак, з якім сядзім за адною партаю, Ліза Тарасава, Марына Кулеш. Арганізоўваем канцэрты, удзельнічаем у іх, пяць гадоў з Жэнем ходзім на “ЮіД”.
— У вас дружны клас?
— Я б так не сказала. У нас некалькі груповак, што дружаць між сабою. Мае сяброўкі — тая ж Ліза, Каця Глінская, Маша Грыдасава. З Кацяй і Лізай мы займаемся ў тэатральнай студыі. З Машай увогуле сябруем яшчэ з дзіцячага садзіка.
— Табе падабаецца на сцэне?
— Вельмі. Спачатку займаліся з Наталляй Васільеўнай. Мы ў “тэатралцы” гулялі ў розныя развіццёвыя гульні, былі ўрокі развіцця маўлення. Удзельнічала ў масоўках, мы былі і куранятамі, і праменьчыкамі. Пасля пайшлі больш сур’ёзныя ролі. Сыграла ўжо дзесьці ў сямі спектаклях.
— Які зараз ставіце?
— “Сонейка ўсярэдзіне”. Па пастаноўцы Віталя Хватынца.
— І каго там іграеш?
— Чалавека.
— Раскажы, як увогуле ты плануеш свой працоўны дзень? Чым займаешся, акрамя грамадскіх спраў, у вольны час? І ці ёсць у цябе хобі?
— А вольнага часу няма. Вучуся. Прыходжу са школы, хутка вучу ўрокі, крышачку адпачываю — і ў “тэатралку”. Прыходжу з “тэатралкі”, павячэраю, і трэба ўжо класціся спаць.
— І так кожны дзень?
— Акрамя канікул.
— Вось сёння якраз канікулы, а ты зноў у школе, чаму?
— Заўтра алімпіяда па гісторыі, трэба рыхтавацца. А яшчэ на “ЮіД” трэба.
— І летам?
— Не, летам — з сябрамі. Валейбол, баскетбол. Гуляем па парку, на плошчы, прыязджае сяброўка з Санкт-Пецярбурга. А яшчэ вельмі часта бываю ў бабулі ў Слабадзе. Там рэчка, лес, агарод.
— Кім марыш быць?
— Адміністратарам у гасцініцы ці ў рэстаранным бізнесе. Праўда, для гэтага трэба ведаць англійскую мову, а я пакуль не вельмі.
Такім чынам, у сучаснай моладзі, прынамсі, у лепшых яе прадстаўнікоў, ёсць пачуццё абавязку, і слова “трэба” для іх зусім не пустое. Што ж, гэта добрая рыса характару.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ганна Волкава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>