В новом микрорайоне, в новом и пожалуй самым большом магазине города, который называется «Домашний», открылась новая государственная аптека

 

 

img_7472У новым мікрараёне, у новым і бадай самым вялікім магазіне горада, які называецца “Хатні”, адкрылася новая дзяржаўная аптэка. Прызнацца, адразу яе і не запрыкмеціш. Неяк крыху наўзбоч ад гандлёвай залы, яна губляецца сярод іншых, па ўсім відаць, арэндных гандлёвых кропак. Больш таго, калі расчахляю фотаапарат, да мяне падыходзіць мужчына і занепакоена пытаецца, што я сабраўся фатаграфаваць. І толькі калі ўпэўніўся, што здымаць буду ў аптэцы, паспакайнеў.

А ў фармацэўтаў няма “таямніц мадрыдскага двара”, яны не супраць фотааб’ектыва. Па-першае, няма чаго хаваць. Па-другое, нават і добра, што пра новую аптэку даведаюцца ў горадзе. З гэтаю мэтаю і маячок вунь устанавілі на ўваходзе ў магазін. Цяпер пакупнікі, якія прыехалі ці прыйшлі сюды за прадуктамі, успомняць, што не хлебам адзіным, і не прамінуць аптэкі.
А тут прыгожа! Дызайнеры стварылі ў памяшканні ўтульнасць і камфорт. Шмат святла, своеасаблівая аптэчная фрэска, якая нясе сэнсавую нагрузку… Усё разам надае атмасферы свежасці.
Калі неўзабаве запытаюся ў старшага правізара цэнтральнай раённай аптэкі Ларысы Занько пра новую фармацэўтычную кропку, тая раптам пачне менавіта з дызайну:
— Ведаеце, нездарма ж кажуць, што сустракаюць па вопратцы. Чалавек павінен атрымаць пазітыў, завітаўшы ў аптэку. Нам дасталася арэнднае памяшканне толькі са штучным асвятленнем, давялося дабавіць святла. І дызайнеры, канечне, папрацавалі.
— Шмат плаціце за арэнду?
— Не будзем удакладняць лічбы, аднак даволі шмат.
— Тады “ці варта аўчынка вырабу”? Ці акупіцца новая аптэка?
— Так нельга ставіць пытанне. Як бы банальна гэта ні гучала, мы ўсё ж працуем не дзеля прыбытку. На першым плане — інтарэсы спажыўца.
— Цікава, іншыя вунь скарачаюцца, аптымізуюцца, а вы, наадварот, пашыраеце сетку аптэк. Колькі іх ужо ў горадзе?
— У раёне — трынаццаць дзяржаўных аптэк і дзве камерцыйныя. Не будзем хаваць, і рынак таксама дыктуе свае ўмовы. Не асвоім мы новы мікрараён, асвояць прыватнікі. “Свято место пусто не бывает”.
— І хто кліент новай аптэкі?
— Гэта і маладыя людзі, што атрымалі кватэры ў новым мікрараёне. Гэта і пажылыя, якія “зімуюць” у дзяцей ці ўвогуле з імі жывуць. І “транзітны кліент” — наведвальнікі магазіна. Асабліва выгадна пажылым людзям, бо аптэка, як кажуць, “у крокавай даступнасці”, не трэба перасякаць бойкую, ажыўленую трасу, хадзіць па галалёдзе да суседніх.
Асартымент лякарстваў у новай аптэцы, бадай, не бядней за астатніх, нягледзячы на тое, што працуе яна ўсяго крыху болей за месяц. Цікава, што і прыбытак у невялікіх аптэках, якіх усё болей становіцца ў горадзе і раёне, не горшы, чым у цэнтральнай. Новыя аптэкі працуюць паспяхова.
І ўсё ж, калі шчыра, не дызайнам, хай сабе і “лячэбным”, і нават не асартыментам усцешваецца кліент у любой гандлёвай кропцы, а найперш культурай абслугоўвання. Вось прыйшлі апошнім часам правізарамі пасля ўніверсітэта двое, прама скажам, талковых маладых хлопцаў — Яўген Жыветаў і Андрэй Машара. І неўзабаве іх адразу заўважылі і кіраўніцтва, і наведвальнікі. Дарэчы, пра абодвух пісалі і ў нашай газеце. Вытрымка, тактоўнасць, уменне працаваць з людзьмі дарагога каштуюць. А галоўнае, цікавяцца навінкамі, імкнуцца разабрацца ў бязмежным акіяне лекавых прэпаратаў. І як гэта ім толькі ўдаецца? Неўзабаве першы стаў загадчыкам аптэкі, што ў магазіне “Востраў чысціні”, а другі, пра якога ўжо сталі жартаваць, што кліент “ідзе менавіта на Андрэя”, узначаліў новую аптэку ў “Хатнім”.
Акрамя яго тут працуе вопытны правізар-рэцэптар Людміла Матусевіч, якая прайшла ўсе прыступкі службовай лесвіцы, жыццёвага досведу ёй не займаць. А галоўнае, не займаць усмешкі для кліента, павагі да яго. Растлумачыць, параіць, не пашкадуе часу і пастараецца з кожным знайсці добрую мову. Розныя бываюць наведвальнікі: капрызныя, нецярплівыя, часта людзі пажылыя, хворыя…
І яшчэ адна акалічнасць. Новая аптэка па выхадных і святочных днях працуе да васьмі вечара, іншыя ж зачыняюцца значна раней. А гэта ўжо істотная дэталь. Кажуць, калі будзе патрэба, можна і яшчэ падоўжыць працоўны час. Хай сабе і прынята казаць, што ў аптэцы здароўя не купіш, ды гэта не зусім так. Людзі не павінны заставацца і ў святы без неабходных лекаў, бо ці мала…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: у новай аптэцы — правізар-рэцэптар Людміла Матусевіч кансультуе кліента.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>