Могут ли в аквариуме жить карасики?

hmd5odyxr1g Ці могуць у акварыуме жыць карасікі? А чаму не? Карасі табе будуць жыць нават на даху. Сказаў і прыгадаў забаўны вершык з чытанкі свайго дзяцінства. “Угадай, хто дзе жыве. Мышка — у лесе. Рыбка — на стрэсе…” А калі сур’ёзна, у мінулым годзе зімою копанка мая доўга стаяла пад тоўшчай ільду. Не вытрымаў акунь — загінуў, а карасям з лінамі — хоць бы што.

А аднойчы летам, калі копанка ўвогуле перасохла, ратаваць ад птушак давялося менавіта карасікаў, апошніх насельнікаў вадаёма, якія закапаліся ў глей. Дык вось, пытанне аб тым, ці могуць жыць карасікі ў акварыуме, не ўзнікае. Іншая справа, як яны суседнічаюць з іншымі акварыумнымі “залатымі рыбкамі”? А пра гэта спытайцеся ў Алены Мікуц са Старага Лядна.
Рыбку палавіць Алена вялікая ахвотніца. Можна і на возеры, і на балотцы, што непадалёк ад хаты, у нізінцы. Старэйшай дачцэ падарылі на дзень нараджэння акварыум, і вось вырашылі праэксперыментаваць. І жывуць сабе, гора не ведаюць, за шклом маленькі сомік, дзве аранжавыя рыбкі і чатыры карасікі, цешаць вока малечы. А корм для іх купляюць адмысловы — чаму ж не жыць!
Малечы ў хаце хапае. У сям’і Алены і Ігара Мікуц чацвёра дзяцей. Двое школьнікаў. Старэйшай Эльвіры ўжо адзінаццаць, Арцёмка толькі ў першы клас пайшоў. Трохгадовая Крысцінка ў садзіку, а Віталік пакуль на руках у мамкі. Малому год і сем месяцаў.
Кажуць, малыя дзеткі — малыя бедкі. Бяды з дзецьмі, дзякуй богу, няма, а вось клопату хапае. Хоць сабе і ў адпачынку Алена, ды хіба назавеш адпачынкам догляд дзяцей? Ігар у мясцовай гаспадарцы працуе. Алена вучылася на прадаўца, працавала ў магазіне, апошнім жа часам у ваенным санаторыі была афіцыянткаю. Зараз жа “афіцыянткаю” даводзіцца працаваць для сваёй сям’і — і поварам, і масавіком-зацейнікам. Гэтаму падавай клёцкі, той бісквіты любіць, іншаму даспадобы арэшкі ці хвораст. Ва ўсіх розныя густы.
Не кажучы пра тое, што яшчэ ж і не хлебам адзіным. Дзеці павінны гуляць і развівацца. Гэта Алена добра разумее, а таму хата нагадвае ці то дзіцячы аўтабан, ці то базу спартыўную. Тут і веласіпедзікі маленькія, тут і бібікаркі. А ўлетку спартыўны гарадок у іх дворыку. І не дзіва, што тут заўсёды людна, бо не толькі свае, але і суседскія дзеці прыбягаюць, каб паскакаць на батуце ці пакатацца на бібікарках.
Алена — чалавек рашучы і ініцыятыўны. Проста дзіву даешся, як у сям’і, прама скажам, з сярэднім дастаткам — якія ж грошы ў жывёлавода-вартаўніка і дэкрэтніцы — усяго хапае. І хата абстаўлена, і цацак поўна, і дзеці апрануты ды накормлены.
Ну, з прадуктовым пытаннем лягчэй. Козачкі забяспечваюць карысным хатнім малачком, свінні — а іх чатыры в’етнамскія і яшчэ дзве рудыя — ніколі не дазволяць застацца без мяса, як, зрэшты, і качкі. Ну а курачкі, зразумела, таксама ў гаспадарцы не лішнія.
-2-
Здавалася б, гаспадыня сама не вясковая. Бацькі жылі ў Мазыры і пераехалі сюды гадоў дзесяць таму. Таксама чацвёра дзяцей мелі. Здавалася б, не ў вёсцы вырасла Алена, а вось жа завяла гаспадарку і ахвотна на ёй працуе. Далібог, не жартую — сапраўды ўсё гэта цікава. Вось знайшла дзесьці па аб’яве нядорага цялушачку, купіла, выхадзіла-вырасціла. Зараз чакаюць, пакуль ацеліцца, і будзе яшчэ кароўе малако.
Ёй, Алене, гэта цікава, бо яна чалавек захоплены. Лёгкая на пад’ём, лёгка і хутка захапляецца любой новай справай, акунаецца ў яе з галавою і “цягне лямку”. Не цягнуць лямкі бытавых клопатаў яна проста не можа, бо ёсць жа і адказнасць за сям’ю, а яна не маленькая. Проста іншыя гэта робяць не надта захоплена, як бы па інерцыі, проста таму, што трэба. А ў Алены неяк атрымліваецца нязмушана і спрытна. Можа, дапамагае яе жыццёвы аптымізм? Цікава, што ўсюды паспявае — і жывёлаводам папрацаваць на ўласнай гаспадарцы, і масавіком-зацейнікам у імправізаваным дзіцячым садзіку, які пастаянна збіраецца ў яе на двары, і ў школу дабегчы на розныя сямейныя спартыўныя спаборніцтвы. У школе яе нахвальваюць. Кажуць, што актыўная, неабыякавая маці. І рыбку палавіць, і ў любімы футбол пагуляць — на ўсё ў яе ёсць час. Хіба што да мясцовага Дома культуры яшчэ не дайшла. Там пакуль гаспадарнічае Арцёмка — танцуе на сцэне беларускія танцы. Усюды паспявае Алена. Добра, што па суседству маці жыве, можа падмяніць, за малым прыгледзець, чым можа, дапаможа. Дапамагаюць і Ігаравы бацькі. Інакш бы, відаць, затрашчаў бюджэт сямейны па швах.
А яшчэ збіраецца здаваць на вадзіцельскія правы. Машыны, праўда, пакуль няма. Хіба што ў дзяцей у кожнага па электрамабілю. Аднак абзавесціся аўто — справа часу, а вадзіцельскае пасведчанне есці не просіць.
Хату ў Старым Лядне атрымалі гадоў сем таму. Прыватызавалі. А разлічыліся за прыватызацыю толькі нядаўна. Дапамагла дзяржава — кампенсавала сто працэнтаў выдаткі. Хата цёплая, прасторная, прыгожая.
Выходзіць, што і ў вёсцы жыць можна і весела, і цікава. Выходзіць, што і ў вялікай сям’і бывае разумны дастатак. І ўжо не актуальная даўнейшая частушка: “Не ідзіце, дзеўкі замуж, дзе сямейка веліка, покуль хлеба адламіла, не хапіла малака”. Проста жыць трэба з розумам.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Алена Мікуц з дзецьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>