Положил начало расследованию неожиданный звонок одного из наших читателей

img_7480 Паклаў пачатак расследаванню нечаканы званок аднаго з нашых чытачоў. Званіў мужчына, які назваўся Мікалаем з Лепеля. Шкада, што чытачы неахвотна называюць свае поўныя каардынаты і нават прозвішчы. Магчыма, гэта б аблегчыла журналісцкую працу і, прынамсі, пошукі цікавых людзей.

Дык вось, Мікалай з Лепеля, падзякаваўшы за расповед пра кніжку Валерыя Тухты “Георгіеўскія кавалеры”, раптам прапанаваў:
— Напішыце пра Івана Кажана. Ён быў урачом і меў сувязь з партызанамі.
— І дзе шукаць пра яго звесткі? — запытаўся я.
— Сам ён з Малога Поўсвіжа. І ёсць там людзі, якія яго добра ведаюць.
— Хто ж гэта?
— Напрыклад, Пелагея Ганчар. Яны жылі побач, на адной вуліцы, ведаліся. Магчыма, ёсць звесткі таксама ў музеях — у Лепелі ці ва Ушачах.
* * *
Мы, раённыя журналісты, на жаль, не ездзім у камандзіроўкі па іншых гарадах, ды і спецыфіка працы вымушае рыхтаваць матэрыялы аператыўна. І ўсё ж вырашыў паспрабаваць і зрабіць тое, што магчыма. Аднак пры гэтым спадзяюся, што адгукнуцца людзі, якія ведаюць урача Івана Кажана. І мы з іх дапамогай раскажам пра гэтага чалавека.
Ну а пакуль просьба чытача паклікала ў дарогу — у Поўсвіж, праўда, не ў Малы, а ў Вялікі. Справа ў тым, што я ўжо сустракаўся з Пелагеяй Ганчар (па-мойму, усё ж яе завуць Паліна) і нават пісаў пра яе. Жанчына пажылая, аднак не настолькі, каб добра памятаць даваенныя падзеі і, прынамсі, даваеннага ўрача-хірурга Івана Кажана. Пазваніў яе дачцэ Кацярыне, якая працуе на пошце ў Вялікім Поўсвіжы. А тая кажа:
— Чакайце, Іван Кажан? Дык у яго ж брат жывы яшчэ, ці то стрыечны, ці нават родны. Апанас Кажан жыве ў Вялікім Поўсвіжы, па вуліцы Маладзёжнай. Дзядулю пад дзевяноста, аднак добра ўсё памятае.
І тады я сабраўся ў дарогу…
Хата на Маладзёжнай вуліцы, звычайная, драўляная. Зараз Апанас застаўся адзін. Дачка памерла. Людзі казалі, што доўгі час пасля можна было пабачыць яго на могілках. Прасеў дзядуля за гэтым горам, неяк скурчыўся ўвесь, згарбеў раптам і, відаць, махнуў на сябе рукою. Сядзіць вунь у вушанцы-аблавушцы ў цёплай хаце — відаць, не грэе кроў старыя жылы. І ў зашмальцаваным пінжаку, бо няма перад кім болей фанабэрыцца. Жыццё, як кажуць, дабіла. Гэтым разам быў з дзедам унук, дык ледзьве даклікаўся старога да карэспандэнта. Дзед урэшце прыклыпаў, прысеў на зэдлічак на куханьцы. Прыслухаўшыся, аб чым яго пытаюцца, глухаваты ўжо, раптам… ажыў. Засвяціліся вочы ў старога і нават затуманіліся слязінаю ўспамінаў.
— Так, мы жылі ў Малым Поўсвіжы, — згадзіўся Апанас. — Нас было шасцёра ў сям’і. Чацвёра выжылі. Васіль быў на фронце. У сорак чацвёртым палявы ваенкамат яго забраў. Дайшоў да Кёнігсберга, медаль меў за абарону гэтага горада, і яшчэ медаль — за Перамогу над Германіяй. З вайны вярнуўся. Жыў у Чарнаруччы. Шафёрам у пажарнай працаваў, трактарыстам. Ён з дваццаць другога года. З дваццаць трэцяга — Таццяна, сястра. А Іван — з дваццаць сёмага.
— Чакайце, як з дваццаць сёмага? Ён жа ўрачом быў… З партызанамі, казалі, сувязь меў.
— Які ўрач, вы што? – махнуў дзядуля рукою. — Якія партызаны! Ён жа падлеткам у вайну яшчэ быў. Вось пасля вайны служыў у Бабруйску артылерыстам. Як пайшоў у сорак чацвёртым у войска, так вярнуўся ажно ў пяцьдзясят другім.
— А як жа казалі, што ўрач?
— А! — раптам змікіціў Апанас. — Разумею, пра каго вы. Быў другі Іван Кажан. Той запраўду да вайны быў урачом, хірургам. А ў вайну партызаны хацелі яго да сябе забраць…
— Вы яго таксама ведаеце? Ён вам сваяк?
— Як не ведаць, праз некалькі хат жылі. Ніякі не сваяк, прозвішчы аднолькавыя. У нас жа там у Малым Поўсвіжы адны Кажаны ды Ганчары. Дык вось, партызаны некалькі разоў па яго прыходзілі, каб забраць, а народнікі адстрэльваліся, не давалі. І ўсё ж тыя дапільнавалі і забралі яго ў атрад.
— А што з сям’ёю стала? Хіба не кранулі?
— А што з сям’ёю? Расстралялі вунь немцы і маці, і сястру. Праз Забаенне гналі і расстралялі ў яме, дзе быў пасля шпіталь.
— А хату?
— Хату на дровы парэзалі.
— А што ведаеце пра самога Івана?
— Казалі, ён захварэў на тыф і памёр.
— Хто казаў?
— Сястра іхняя другая, Феня. Яна пасля жыла ў Маладзечне і працавала настаўніцай. А ў іх было тры сястры — Тэкля, Феня і Анюта.
— Вы так добра памятаеце вайну?
— Чаму ж не! Мне ж ужо дзевяносты год пайшоў. Немцы былі ў вёсцы.
— І ў вашай хаце стаялі?
— Не, у нашай не было. А вось дзе зараз Косця Баравік жыве, ведаеце ж, міліцыянер, там нават іх начальства было. Добрая хата. Паклічуць мяне: “Пакажы, дзе возера”. А самі з гранатамі. Я пабягу і пакажу. А яны там гранатамі рыбу глушаць. Надта не лютавалі. Яйкі прасілі, галубоў білі.
— Ну, а што з вашым Іванам Кажаном?
— Ажаніўся. Узяў Паліну Ганчар.
— Тую самую, з Поўсвіжа?
— Не, тая ж Ганчар па мужу. А з гэтай яны жылі ў Лепелі, на Чапаева. Двое дзяцей у іх было. Сын памёр, а дачка недзе ля Мінска.
* * *
У самога ж дзеда Апанаса лёс, прама скажам, незайздросны. Закончыў усяго чатыры класы. Працаваў у калгасе, што тады зваўся “Новы будаўнік”, слесарам, конюхам. Пахаваў во дачку маладой і дажывае зараз самотны свой век у старой вушанцы і без надзеі на шчасце.
Вось і ўсё, што пакуль удалося даведацца пра Івана Кажана, дакладней, пра двух Іванаў, абодвух Кажаноў, і дзвюх Палін па прозвішчы Ганчар. Зрэшты, магчыма, што звесткі і не вельмі дакладныя, бо стары мог нешта і забыцца, і наблытаць. Спадзяюся, далейшае журналісцкае расследаванне дазволіць праліць святло на іншыя, пакуль невядомыя, факты з лёсу ўрача-хірурга Івана Кажана. І, паўтараю, вельмі спадзяюся на вашу, чытацкую, дапамогу.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дзевяностагадовы дзядуля Апанас (Апанас Паўлавіч Кажан) прыгадвае вайну.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>