Хоккейная коробка легко помещается в фойе Старалядненскага клуба

img_3301 Прызнаюся, я хакейны балельшчык  з саракапяцігадовым стажам. Так-так, не здзіўляйцеся, менавіта з таго самага славутага канадскага тура семдзесят другога года пачаў балець за тагачасную зборную тагачаснага Савецкага Саюза. Няма ўжо ні Саюза, ні той зборнай, а хакейныя баталіі ніколі не пакідаюць мяне абыякавым, дарма што сам нават на каньках ні разу не стаяў. Каб любіць хакей, не абавязкова ў яго гуляць.

Амаль паўстагоддзя гляджу хакей, але ніколі не чуў, каб на хакейныя паядынкі хадзілі ў… сельскі клуб. Аднак жа ніколі не кажы “ніколі”. Вось завітаў у Лядненскі СДК і пераканаўся, што ўсё ў жыцці магчыма. Больш таго, загадчыца Дома культуры Ганна Белаглазава нечакана прапанавала мне самому… згуляць з ёй у хакей. Ад нечаканасці нават не ведаў, што і адказаць. Можа, і сапраўды прыняць выклік?
А што, пасля таго, як яна распавяла мне, што добраахвотна з’язджала з ледзяной горкі, і як бы між іншым прагаварылася, што трэба б на здымак схадзіць, бо нешта з рукою ў запясці здарылася… Пасля таго, як пахвалілася Ганна Яўгенаўна, што неўзабаве стануць вось на лыжы і паедуць да возера варыць юшку і смажыць шашлыкі — і мяне запрасіла… Хто яго ведае, тут усё можна падумаць, у тым ліку тое, што гэтая пенсіянерка, магчыма, і ў хакей гуляе.
На шчасце, гэта не спраўдзілася. Хакейная каробка лёгка змяшчаецца ў фае Старалядненскага клуба, бо памерам яна ад сілы пару квадратных метраў і завецца не традыцыйна, а вельмі нават загадкава — аэрахакей. Аднак гэта не азначае, што хакейныя баталіі тут меней драматычныя, чым былі ў карэйскім Пхёнчхане. Хіба што кошт білета ні ў якае параўнанне не ідзе з алімпіядай. Пяцьдзясят капеек — і ты на хакеі. Чаму ж сюды не ісці? Вось і ідуць і моладзь, і дарослыя. А пазабюджэтны кашалёк Дома культуры тым часам няўхільна папаўняецца. Аэрахакей — толькі адзін са сродкаў пазабюджэтных заробкаў у Старалядненскім СДК. Той паказальны выпадак, калі адбыўся “кругаварот вады ў прыродзе”: на заробленыя ў выніку платных паслугаў грошы купілі хакей, аддалі семсот дваццаць рублёў, затое аўчынка, як кажуць, аказалася вартай вырабу — прыносіць даход.
-2-
Як жа яшчэ зарабляюць грошы ў Старым Лядне? Па-рознаму. Акрамя хакея — заняткі ў спортзале, дзе гаспадаром Яўген Няфёдаў — інструктар па спорце ў аграгарадку. Тут жа, у клубе, і тэнісны стол. Кошт за карыстанне паслугамі спрэс аднолькавы — акурат у “краме адной цаны”. Здавалася б, што такое пяцьдзясят капеек… І ці хутка, і ці багата ты “наварыш” пазабюджэту пры такіх коштах? Аж нездарма кажуць, што сквапны плаціць двойчы. У Старым Лядне вырашылі ўзяць не коштам, а масавасцю — і не памыліліся. Урэшце, справа ж не толькі ў грашах. І не столькі. Задача — арганізаваць у аграгарадку культурны адпачынак. І калі ў Лядна ў спартыўную залу прыязджаюць падлеткі нават з Бароўкі — гэта таксама пра штосьці гаворыць.
Капейкі-капейкі… Толькі за два месяцы гэтага года зарабілі семсот дваццаць пазабюджэтных рублёў. Сёлета правялі шэсць платных мерапрыемстваў і толькі два канцэрты паставілі “на грамадскіх пачатках”. Чатыры разы выязджалі ў ваенны санаторый. Калядавалі ў Чарэйшчыне, Залучыне, Слабодцы і, зразумела, у самім аграгарадку. Тут трэба сказаць, што ў мясцовым СДК працуюць восем творчых калектываў. Іх можна пералічыць: эстрадныя спевы, шашкі, аматарскае аб’яднанне “У гасцях у казкі”, мультыклуб “Калабок”, “Моладзь і К”, тэатр мініяцюр, “Мая сям’я”, фальклорны калектыў “Званочкі”. Пералічыць можна, а вось падзяліць нельга, бо яны як бы ўсе паасобку і як бы ўсе разам у адначассі. Ледзьве якое свята, які канцэрт — збіраюцца ўсе ў дарогу.
Памятаю, як колькі гадоў таму Ганна Яўгенаўна расказвала мне амаль дэтэктыўную гісторыю пра тое, як яны цягалі за сабой грувасткую апаратуру, як разгружаць не было каму. Ледзьве які канцэрт — усіх падымалі на вушы па трывозе. Часіны падобных “жарсцяў” мінулі. Зараз Белаглазава бярэ лёгкі пакецік з кампактнай партатыўнай апаратурай і адпраўляецца на канцэрт. Прагрэс сягнуў далёка — абы грошы былі. А грошы — пад лаваю, трэба проста ўмець іх знайсці. Зарабілі — купілі.
У загадчыцы гэта неяк атрымліваецца, і не толькі гэта. Атрымліваецца ў Ганны Яўгенаўны трымаць кароўку ў гаспадарцы. Зараз кароў у вёсцы трымаюць, можна сказаць, “апошнія з магікан”. І хто б падумаў, што менавіта сярод іх будзе вясковы культработнік.
— Цікава, а як бы я дзяцей вывучыла без каровы, без гаспадаркі, без агарода? — здзіўляецца ў адказ на маё здзіўленне гаспадыня, раскладваючы ў трохлітровыя слоікі тваражок на продаж.
-3-
Атрымліваюцца ў Ганны Яўгенаўны і пірагі, і бліны, і розныя іншыя смакоцці. А тут ужо і прафесійная зацікаўленасць. Ну якія, скажыце, былі б вячоркі ў Лядне па чацвяргах без гэтай смакаты? Хіба танцаваліся б так заўзята і падэспань, і кракавяк, і “на рэчаньку”, і полька, і лявоніха. Хіба іграла б так хораша валынка і скрыпка? Хіба дыхаў бы так натхнёна, на поўныя мяхі, баян? Ці чулі такое дзіва? Прыязджаюць на вячоркі ў Старое Лядна аж з Вялікага Поўсвіжа апантаныя, творчыя людзі: Васіль Шкіндзер, Галіна Ляйко ды іншыя. А мясцовыя мастацкія кіраўнікі Ніна Хрычэнка, Таццяна Кукліна па-мастацку ажыўляюць гэтыя вечары. І не толькі гэтыя. Хіба можна ўявіць без іх удзелу, скажам, дваццаць трэцяга лютага, Восьмага сакавіка, Масленіцу, ды ці мала святочных нагод. Як, зрэшты, нельга іх уявіць і без славутых “белаглазаўскіх пірагоў”. Жывуць народныя традыцыі ў Старым Лядне, і моладзь іх актыўна асвойвае.
Часам думаю, што было б, калі б у адначассі “сышло са сцэны” актыўнае старэйшае пакаленне, яскравым прадстаўніком якога з’яўляецца Ганна Белаглазава, калі б раптам патух той нязгасны агеньчык чалавечага аптымізму, які сёння годна нясуць ветэраны культуры, і якім ахвотна дзеляцца яны з моладдзю. Спыняць свой імклівы бег, сыдуць са сцэны, азірнуцца… Прыгадваю Людмілу Гурчанку: “Придут честолюбивые дублёры — дай Бог им лучше нашего сыграть…”
Уладзімір МІХНО.
На здымку: у Старалядненскім сельскім Доме культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>