Кресло Наполеона, Хулитавы горы, Магильничак

52af0073ea5bb2f8477540b966af888eСвядская Пушча — назва гістарычнага рэгіёна, вядомая яшчэ з сярэдзіны пятнаццатага стагоддзя. Цяпер гэта тэрыторыя Слабадскога сельсавета. На паўночным усходзе адміністрацыйная мяжа сельсавета праходзіць прыкладна там, дзе яна існавала і некалькі стагоддзяў назад — паміж Свядскай Пушчай і Харэцкай воласцю. Прыроднай перашкодай, якая аддзяляла гэтыя землі, было Домжарыцкае балота. Яшчэ з дзясятак гадоў таму на ўскрайку балота месціліся невялікія лясныя вёскі Цярэшкі і Вострава.
Сёння цяжка ўявіць, што яшчэ за некалькі стагоддзяў гэты “мядзведжы кут” уяўляў даволі заселеную і цывілізаваную мясцовасць. Пра тое сведчаць шматлікія паданні і помнікі матэрыяльнай культуры, да якіх можна аднесці курганныя могільнікі. Адно з пахаванняў перыяду сярэднявечча знаходзіцца ўзбоч дарогі, якая вядзе з Велеўшчыны ў Цярэшкі. Усяго было выяўлена сямнаццаць насыпаў паўсферычнай формы дыяметрам 4 — 12 метраў, вышынёй 0,5 — 1,5 метра. Адзін з курганоў знаходзіцца з правага боку дарогі Велеўшчына — Цярэшкі, астатнія — з левага. Частка курганнага могільніка добра бачна з дарогі.
Пра старажытнае пахаванне жыхарам навакольных вёсак было вядома з даўніх часоў. Старажылы ў свой час распавядалі, што гэтыя курганы называюцца “французскімі магіламі”. Пахаваны ў іх салдаты напалеонаўскай арміі, часткі якой праходзілі праз тутэйшыя мясціны ў 1812 годзе.
Восенню 2008 года археолаг Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Андрэй Вайцэховіч даследаваў некалькі курганоў, якія ўжо былі пашкоджаны лесанарыхтоўчай тэхнікай. У адным быў знойдзены жалезны бранзалет, фрагменты керамікі. Прыкмет пахаванняў ні ў адным з насыпаў выяўлена не было. Гэтаму факту Андрэй Вайцэховіч дае некалькі тлумачэнняў. Па-першае, абрад пахавання мог быць праведзены ў выглядзе трупаспалення, у такім выпадку рэшткі крэмацыі часта змяшчалі ў пасудзіне на вяршыні курганоў. Улічваючы тое, што насыпы былі пашкоджаны, ніякіх прыкмет пахаванняў магло і не застацца. Па-другое, мог быць праведзены абрад трупапалажэння. У такім выпадку рэшткі касцей проста спарахнелі. У выніку адсутнасці інвентару і прыкмет пахаванняў немагчыма вызначыць дакладную дату помніка археалогіі. Даследчык адносіць яго да перыяду сярэднявечча.
Калі ёсць пахаванне, то паблізу павінна было існаваць паселішча. Бліжэйшымі населенымі пунктамі да могільніка былі вёскі Вострава — прыкладна за два кіламетры на поўнач, і Стайчаўка. Захавалася паданне, нібыта паселішча заснавалі рыцары, атрад якіх, прабіраючыся праз балоты, выйшаў на сухое месца і застаўся там жыць. Стайчаўка знаходзілася на аддаленасці двух кіламетраў у паўднёва-ўсходнім накірунку за рэчкай Юраўкай. Магло паселішча быць і ў іншым месцы, прыгодным для жыцця, але таксама паблізу пахавання.
Як бы там ні было, можна з упэўненасцю казаць, што нашчадкі невядомых нам продкаў, якія напамінам аб сабе пакінулі курганны могільнік, рассяліліся па наваколлях.
Яшчэ адным напамінам пра падзеі вайны 1812 года служыць камень пад назвай “Крэсла Напалеона”. Ляжыць ён недалёка ад Цярэшак ва ўрочышчы Хулітавы горы.
Камень сярэдніх памераў з аднаго боку мае паўсферычную выемку прыроднага паходжання, што і надае яму форму крэсла. Побач з “Крэслам Напалеона” знаходзіцца яшчэ адна каменная глыба прадаўгаватай формы з плоскай паверхняй. Гэты камень служыў сталом. Як сведчыць паданне, на камянях наладжваў трапезу французскі імператар Напалеон Першы, калі прыйшоў з вайной на нашы землі больш за дзвесце гадоў таму.
-2-
Бойкая дарога, якая вядзе з Велеўшчыны ў Цярэшкі і далей звілістай стужкай бяжыць углыб Бярэзінскага запаведніка, мае старажытнае паходжанне. Так мяркуе археолаг Марат Клімаў. Ён прывёў наступны аргумент: дарога, трымаючы асноўны накірунак на поўдзень, вядзе ў бок ракі Бярэзіны — аднаго з асноўных транспартных і гандлёвых шляхоў зносін у перыяд сярэднявечча. Калі гэта насамрэч так, то становіцца зразумелым, чаму малапрыдатныя для жыцця навакольныя лясіста-балоцістыя мясціны пачалі засяляць людзі.
Магільнічак. Урочышча з такой назвай узгадвалі многія апавядальнікі. Напрыклад, Анатоль Садоўскі з Велеўшчыны казаў, нібыта назва гэта пайшла ад таго, што “пачахвосцілі” французаў у 1812 годзе. Ён згадваў пра адзін высокі насып. Прыкладна ў той самы час, як бы ў пацвярджанне слоў Анатоля, жыхар Велеўшчыны Іван Пшонка таксама распавёў пра загадкавае пахаванне каля Цярэшак. У маладосці ў тым месцы ён араў на трактары зямлю. Івана зацікавіла тое, што наўкол мясцовасць роўная, і толькі ўзвышаюцца два прадаўгаватыя насыпы. Тады яму старажыл з Цярэшак дзед Верамей казаў, што курганы пакінуў Напалеон.
Лясны масіў, у якім знаходзіцца мясцовасць пад назвай “Магільнічак”, называецца “Барок”. Гэта стары ўчастак лесу, які існаваў спакон веку. Некалькі дзесяцігоддзяў таму яго акружалі калгасныя палі, на месцы якіх зараз узвышаецца малады сасоннік. Былая жыхарка Цярэшак Галіна Корасціна ў дзяцінстве чула ад бацькоў, што ў Магільнічку пахаваны французы. Браніслаў Тарасевіч распавядае, што на невысокім пагорку размяшчаліся старыя могілкі. З якога яны часу, ніхто не памятае. На некаторых надмагіллях нават былі выбіты крыжы. Знайсці ўрочышча Магільнічак, дзякуючы апісанню сведкаў, было не складана.
Некалькі гадоў таму стары, векавы лес выразаў Лепельскі леспрамгас. Цяпер на тым месцы вялікая дзялянка. Ад былой велічы “Барка” засталася толькі напаўзабытая назва. Дзякуючы таму, што мясцовасць адкрытая, лёгка вызначыць абрысы краявідаў. Добра бачна, што масіў старога лесу знаходзіўся на падоўжаным пагорку, які выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад метраў на васемсот. На поўначы схілы пагорка паніжаюцца і пераходзяць у забалочаны ўчастак, парослы чэзлымі соснамі.
-3-
Прайшоўшы ўздоўж дзялянкі, надмагільных камянёў не знайшоў. Не праглядаліся на пагорку і штучныя насыпы ў выглядзе курганоў, пра якія шмат разоў узгадвалі апавядальнікі. Пошукі ўскладняліся наяўнасцю зарасляў высокай леташняй травы. Рушыў у зваротным напрамку. Такім чынам дайшоў да паўночна-ўсходняга ўскрайку дзялянкі, дзе штучнае ўзвышэнне. Вышыня насыпу — 1-1,2 метра, дыяметр — 5-5,5 метра. Па перыметры можна пабачыць раўчук. Магчыма, гэта і ёсць адно са старых пахаванняў?
Грунтоўныя высновы можна рабіць пасля таго, як будзе праведзена больш дэталёвае вывучэнне мясцовасці. Калі наяўнасць старажытнага пахавання ва ўрочышчы “Магільнічак” пацвердзяць археолагі, то гэта карэнным чынам зменіць уяўленні аб тых гістарычных працэсах, што адбываліся ў нашай мясцовасці сотні, а то і тысячы гадоў таму. Аднак ужо згаданыя вышэй адкрыцці, якія былі зроблены ў апошнія некалькі гадоў у наваколлях Цярэшак, сведчаць пра тое, што мы зусім мала ведаем пра мінулае тутэйшых мясцін.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>