Мероприятия проводят в первую очередь для себя — общешкольные

sam_8788У Старалядненскай школе няма вучняў-“бээрэсэмаўцаў”. Прычына аб’ектыўная. З гэтага навучальнага
года школа стала базавай, таму вучні будуць ужо ў іншых навучальных установах вызначацца з далейшым грамадскім выбарам. А пакуль у Старым Лядне ўсе піянеры.

Цікава, што піянерская арганізацыя школы носіць імя не якога-небудзь абстрактнага піянера-героя, вядомага дзецям хіба што па кніжках ды дакументальных фільмах, а чалавека з рэальнага, хаця ўжо і ўчарашняга жыцця. Піянерскую дружыну назвалі ў гонар былога старшыні мясцовай гаспадаркі Ірыны Шкацёнак. Мясцовыя жыхары добра памятаюць гэтага чалавека і кажуць пра яе наўпрост, што “не прысабечвала грамадскіх дабротаў, не будавала сабе харомаў, а дбала пра людзей, і ў часы яе праўлення гаспадарка была заможнай і квітнела”. Пахавана на мясцовых могілках, яе магілу даглядаюць піянеры, як, зрэшты, і не толькі яе. Шэфствуюць і над помнікам, што ў мясцовым скверыку.
Вось і сёлета дзеці ўжо пабывалі на магіле воіна-інтэрнацыяналіста Валянціна Башырава і старшыні Ірыны Шкацёнак, навялі парадак, ушанавалі памяць… Памяць — гэта і ёсць патрыятызм. Памятаючы мінулае, мы думаем пра будучыню.
У школе трыццаць адзін піянер. І кожнаму знаходзіцца занятак па душы. Вось, напрыклад, піянеры-валанцёры з атрада “Добрае сэрца” ўдзельнічаюць у абласным праекце, адзін з накірункаў якога — дапамога адзінокім, пажылым людзям, а таксама дзецям, што засталіся без бацькоўскай цеплыні і ласкі. Нядаўна Мікіта Сімановіч, Аліна Халімоненка, Насця Голубева, Саша Мудрагель разам з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталляй Каўрыга і педагогам-арганізатарам Інай Шалак ездзілі ў “Святліцу”, віншавалі тамтэйшых насельнікаў, састарэлых людзей, са святамі. Вазілі сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі на ўроках працы. Лепшы падарунак — той, які зробіш сам, а яшчэ — увага, добрае слова. Спявалі бабулям і дзядулям песні, хораша правялі час у іх у гасцях.
-2-
sam_8805Многія з задавальненнем займаюцца ў “Школе лідара”, якой кіруе педагог-арганізатар. Не так даўно вызначалі “лепшага піянера года”. О, гэта быў надзвычай цікавы конкурс! Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх класаў, акрамя малодшых, а некаторыя класы паслалі на конкурс па некалькі дэлегатаў. Рабілі самапрэзентацыю: распавядалі пра свае поспехі і дасягненні, пра захапленні і здольнасці. І не толькі распавядалі, але і дэманстравалі іх на сцэне. Багдан Бабенка іграў на акардэоне, Саша Русачэнка імправізавала на сінтэзатары, Мікіта Сімановіч выканаў песню. Узгадалі гісторыю піянерыі, яе сімвалы і атрыбуты, пазнавалі па мелодыі піянерскія песні, па партрэтах — піянераў-герояў, распавядалі пра іх подзвігі і гераічныя ўчынкі. Удзельнічалі ў конкурсе знатакоў піянерскіх традыцый. У выніку лідарам быў прызнаны васьмікласнік Багдан Бабенка, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна дзевяцікласнік Андрэй Барысёнак і сямікласніца Насця Голубева.
У Старалядненскай школе не імкнуцца любой цаной заняць высокія прызавыя п’едэсталы на розных прадстаўнічых конкурсах. Тут мерапрыемствы праводзяць найперш для сябе — агульнашкольныя, па-хатняму цёплыя, у вузкім сямейным коле. Аднак запамінаюцца яны надоўга і прыносяць шмат задавальнення як дзецям, так і настаўнікам. Адным з такіх мерапрыемстваў стаў традыцыйны агульнашкольны фестываль патрыятычнай песні. Кожны клас рыхтуе свой непаўторны нумар — вакальны альбо харавы, які часта суправаджаецца інсцэніроўкамі. Конкурс праводзяць ужо не першы год, і кожны раз знаходзяць новыя песні — з ваенных кінафільмаў і г.д. Вось і сёлета ўпершыню праспявалі “Белыя панамкі”. З рэпертуарам дапамагае педагог-арганізатар. І не дзіўна, бо Іна Уладзіміраўна — яшчэ і школьны музычны кіраўнік, а па спецыяльнасці і ўвогуле дырыжор народнага аркестра. Вучылася ў Віцебскім культпрасветвучылішчы. Часам дзеці спяваюць пад фанаграму, а часцей — ужывую. І нярэдка сама педагог-арганізатар ім акампаніруе. Спяваюць — і ў многіх на вачах слёзы. І дзяцей, і дарослых да глыбіні душы кранаюць песні іх дзядоў і бацькоў.
Часам пераможцы атрымліваюць прызы, а часцей агульным прызам становіцца агульнае задавальненне ад добрай справы. Нездарма ж кажуць, што памяць — высакароднае пачуццё і калыска патрыятызму.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: на конкурсе “Лепшы піянер года”; піянеры даглядаюць пахаванні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>