По следу вора в соседний район

img_7372 Алег Бохан — пенсіянер Міністэрства ўнутраных спраў, у якасці грамадзянскага служачага працуе ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. А да гэтага ён амаль 20 гадоў быў экспертам-крыміналістам, а пасля стварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз узначальваў раённы аддзел гэтай структуры.

Адным словам, чалавек бывалы, вопытны, таму зразумелым будзе маё першае да яго пытанне:
— Апошнім часам у крымінальных серыялах, у тым жа самым “Следзе”, паказваюць працу экспертаў-крыміналістаў, якія цуды яны робяць, па мікраскапічных пробах выяўляюць злачынцаў. Наколькі гэта праўда?
Суразмоўца рассмяяўся:
— Скажу так, многае з таго, што паказваецца, адносіцца да такіх высокатэхналагічных метадаў, спосабаў і прыёмаў, што мы на раённым узроўні не ўбачым гэтага яшчэ гадоў з дзесяць. Аднак у Мінску робяцца многія экспертызы, пра якія нам яшчэ застаецца марыць. Прычым выконваюцца яны рэгулярна. Я “След” глядзеў толькі дзве ці тры серыі, больш не асіліў, занадта навукова. Тут, на зямлі, усё нашмат прасцей.
-2-
Насіць пагоны Алег Бохан марыў з дзяцінства, яшчэ з тых часоў, калі вучыўся ў Пышнянскай школе. Галоўным прыкладам для яго стаў бацька. Генадзь Іванавіч працаваў настаўнікам фізікі, матэматыкі і пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Акрамя таго, быў капітанам паветрана-дэсантных войскаў у запасе. У Савецкім Саюзе была такая практыка, што студэнты вышэйшых навучальных устаноў займаліся на ваеннай кафедры, па заканчэнні ім прысвойваліся званні лейтэнантаў запасу. Перыядычна іх прызывалі на зборы і па выніках збораў прысвойвалі чарговыя афіцэрскія званні.
Алег хацеў стаць кадравым ваенным. З юнацтва рыхтаваў сябе, актыўна займаўся фізкультурай і спортам, асабліва добра яму даваліся гульнёвыя віды: футбол, валейбол, а таксама лёгкая атлетыка. Пасля школы падаваў дакументы ў Сімферопальскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, але не хапіла аднаго бала.
— Спачатку расстроіўся да немагчымасці! — успамінае Алег Бохан. — Разбураліся ўсе планы на далейшае жыццё. Вырашыў пайсці ў армію, а потым паспрабаваць свае сілы яшчэ раз. Думаў, што з атрыманым у войску вопытам абавязкова паступлю. Ды і прэферэнцыі для тых, хто адслужыў, былі неблагія.
Тэрміновая служба праходзіла ў 1989 — 1991 гадах у групе савецкіх войскаў у Германіі, на тэрыторыі колішняй ГДР, а потым у Пераяслаўлі-Хмяльніцкім ва Украіне.
— Надзіва, пад час службы мае погляды адносна армейскай будучыні істотна перамяніліся, — успамінае ветэран. — У першую чаргу прычынай стала неўладкаванасць, якая была напрыканцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў. Тады значна ўпаў прэстыж вайсковай службы, афіцэры былі не ў пашане. Да таго ж пасля распаду СССР адбылося значнае скарачэнне арміі. Адным словам, мары аб арміі так і засталіся марамі.
-3-
Алег вярнуўся ў Беларусь, пабыў некаторы час дома. Перад маладым чалавекам зноў паўстала пытанне, як жыць далей. Паколькі настрой на службу не згас, ён вырашыў паспрабаваць уладкавацца ў міліцыю. Яго ахвотна прынялі ў міліцыю Мінска, а праз год перавесціся прапанаваў тадышні начальнік РАУС палкоўнік Эдуард Аўчыннікаў. Вось як пра гэта расказвае Алег Бохан:
— Эдуард Юзэфавіч вялікую ўвагу ўдзяляў развіццю фізкультуры і спорту, хацеў, каб каманда РАУС была лепшай па ўсіх відах. Мы з ім яшчэ да майго прызыву перасякаліся на розных спартыўных спаборніцтвах, асабліва на футбольных матчах. Як толькі даведаўся, што я служу ў міліцыі, адразу прапанаваў мне перавесціся ў Лепель. Я пагадзіўся.
Алег служыў сяржантам амаль год, а ў 1993 годзе адбылася яшчэ адна падзея, якая ў чарговы раз зрабіла пераварот у яго лёсе, — прыйшла разнарадка на вучобу ў Маскве.
— Якая Масква? — пытаюся. — Беларусь на той час ужо была самастойнай краінай.
— Прыйшла разнарадка на навучанне на эксперта-крыміналіста, а па гэтай спецыяльнасці ў Беларусі яшчэ не вучылі. На ўвесь Саюз былі толькі дзве навучальныя ўстановы, дзе вучыліся эксперты-крыміналісты: Маскоўская сярэдняя спецыяльная школа міліцыі і Валгаградская вышэйшая. Курс навучання ў Маскве складаў два з паловай гады стацыянарна. На той час у Лепельскім РАУС быў адзін эксперт, які быў сертыфікаваным па двух відах экспертыз — дактыласкапічнай (адбіткі пальцаў) і нажавой (па халоднай зброі). За астатнімі экспертызамі трэба было ехаць у Віцебск, а часцей — у Мінск. Вось так я і апынуўся ў Маскве. Стажыроўку на працягу трох месяцаў праходзіў на Пятроўцы, 38, у знакамітым маскоўскім крымінальным вышуку.
Школа, вучоба была на самым вышэйшым узроўні. Варта сказаць, што на той час ва ўсёй Маскве былі толькі два параўнальныя мікраскопы для правядзення балістычных экспертыз, і адзін з іх быў якраз у школе міліцыі. Балістыку ў нас вёў выкладчык Сяргей Дзьяканаў, графалогію (экспертызу па почырку) выкладаў Іван Мішакоў. Дарэчы, графалагічная экспертыза — адна з самых складаных, таму яна мне асабліва падабалася. Пасля заканчэння школы я меў права выконваць сем экспертыз, на той час ва ўсёй вобласці акрамя мяне былі яшэ толькі два падобныя спецыялісты.
-4-
— Раскажыце пра свае першыя справы, якія даводзілася расследаваць у якасці эксперта.
— Пачнём з самага пачатку. Задача эксперта-крыміналіста заключаецца ў тым, каб выявіць, зафіксаваць сляды злачынцы, сабраць рэчавыя доказы і па іх вызначыць асобу, якая мае непасрэднае дачыненне да правапарушэння. З гэтым і давялося сутыкацца. У сярэдзіне 1990-х гадоў па вёсках каменскага боку пракаціўся шэраг крадзяжоў з падвалаў і кладовак. Злодзей выносіў усё, у першую чаргу прадукты харчавання. Назбіралася каля дзесяці эпізодаў, якія пагражалі стаць “вісяком” — справай, якую аператыўнікі не могуць раскрыць з-за недахопу ўлік. Па прыходзе на службу ў расследаванне ўключыўся і я. Удзельнічаў у аглядзе некалькіх месцаў злачынстваў. У адным з падвалаў знайшлі слоік з адбіткамі пальцаў, як быццам хтосьці пераставіў яго з месца на месца. Праверылі гаспадара і ўсю сям’ю — няма супадзенняў. Пры гэтым яны сцвярджаюць, што за апошнія месяцы ніхто, акрамя членаў сям’і, у падвал не заходзіў. “Адкаталі пальцы” амаль усіх суседзяў — няма супадзенняў, жыхароў бліжэйшых вёсак — такая ж карціна. Нарэшце, амаль выпадкова, выйшлі на аднаго чалавека, затрымалі, знялі адбіткі пальцаў. Вы не паверыце, якое хваляванне мяне ахапіла, калі я ўбачыў, што адбіткі супалі! Пераправерыў двойчы, перш чым дакладваць начальству. Як потым высветлілася, гэта быў электрык, які жыў у Лепелі, удзень па працы аб’язджаў Камень і навакольныя вёскі, таму ведаў, дзе што знаходзіцца, а ўначы ішоў на справу.
— Хоць і ведаю пра неабвержнасць дактыласкапічнай экспертызы, але малюнак ліній на далоні мне падаецца сумбурным, бязладным наборам узораў.
— Унікальнасць малюнка далоні кожнага чалавека даказана навукова. І дактыласкапія — адна з нескладаных экспертыз. Дарэчы, тэхнічны прагрэс і камп’ютарызацыя апошніх гадоў не абмінула і экспертна-крыміналістычную службу. Калі я толькі пачынаў, праца выглядала так: “адкатваліся пальчыкі”, эксперт ішоў да шафы і ўручную пераглядаў, параўноўваў дзясяткі, сотні, тысячы дактыласкапічных карт, спрабуючы вылавіць супадзенне. Галоўным памочнікам было павелічальнае шкло. А зараз нашмат зручней: загрузіў карту ў камп’ютар, запусціў праграму, і яна сама шукае-параўноўвае, звяраючы базу ўсёй Беларусі. Праз некалькі хвілін выдае вынік. Любата!
— А якая экспертыза, на ваш погляд, самая складаная?
— Графалагічная, па почырку. Дарэчы, у пачатку працы, годзе ў 1996-97-м, мне ўпершыню давялося такую праводзіць. Краму ў вёсцы Рожна абрабавалі. Злачынец сярод белага дня ў масцы зайшоў у магазін, падпільнаваў момант, калі ў ім не было наведвальнікаў. Замкнуў дзверы, звонку павесіў лісток з надпісам алоўкам ад рукі: “Зачынена на пазапланавую рэвізію. Прыходзьце пазней”. Пагражаючы зброяй, забраў грошы, тавары і збег. Слядоў мала, толькі лісток застаўся. У хуткім часе затрымалі падазраванага, але прамых улік супраць яго было мала. Графалагічная экспертыза паказала, што запіску пісаў менавіта ён. Правільнасць майго заключэння ў далейшым пацвердзілі эксперты ў Віцебску і Мінску.
-5-
Увогуле, служба часам падкідвала сюрпрызы незвычайныя. Памятаю, як напрыканцы 1990-х з участковым цэлую ноч па следзе хадзілі. У адной з вёсак Каменскага сельсавета з падвала злодзей сцягнуў харчы. Гаспадыня ў хуткім часе заўважыла, паведаміла. Прыбываем на месца. На шчасце, там былі сляды. Па іх пайшлі з участковым. Месцамі след губляўся, але нам удавалася знаходзіць яго зноў. Такім чынам, дайшлі да невялікай вёсачкі ва Ушацкім раёне, каля Мосара. Заходзім раніцай у хату, а там гаспадар разбірае накрадзенае. Бачылі б вы яго здзіўлены твар: толькі што са “справы” прыйшоў, а следам за ім і міліцыя.
— Зараз вы пенсіянер?
— Так, згодна з законам, выйшаў на пенсію ў 45 гадоў. А зараз працягваю працаваць, ужо на грамадзянскай пасадзе. Перадаў справы новаму пакаленню экспертаў. Дарэчы, у сувязі з пераходам з’явілася больш часу, які можна ўдзяліць сям’і. Жонка Алена працуе загадчыцай аптэчнага пункта ў кулінарыі, што на Пятачку, дачка Алеся жыве ў Мінску, працуе настаўніцай, а зараз даглядае сына, майго ўнука Мацвея. Крысціна ж вучыцца на трэцім курсе каледжа замежных моў пры Мінскім лінгвістычным універсітэце. Увогуле, мае дзяўчынкі, як аказалася, вельмі здольныя да вывучэння замежных моў. Алеся таксама вучыцца ў лінгвістычным, толькі завочна. Так што ніхто з маіх дзяцей не пайшоў па міліцэйскай сцежцы.
— А самога не цягне зноў у эксперты?
— Настальгіі няма. Тым больш, што і цяпер працую побач, у любы момант магу сустрэцца з калегамі, зайсці ў іх кабінет. Ды і на новым месцы працы хапае, сумаваць няма часу. Калі чалавек з усёй адказнасцю ставіцца да даручанай справы, то ў яго проста не застаецца часу.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: эксперт-крыміналіст Алег Бохан.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>