В этой суровой жизни Анюта с детских лет привыкла надеяться только на себя

bez-imeni-1Нарадзілася цётка Анюта — Ганна Клундук — на хутары Андрынскае, дзе на ўскрайку лесу стаялі дзесяць сялянскіх хацін. Першым, хто тут пасяліўся, быў панскі сын Андрэй, ад таго і пайшла назва. Аднак штосьці не спадабалася яму ў тутэйшых краях — выехаў. А на хутары засталіся сяляне. Пра тое Анюце распавядаў дзядуля.
На месцы хутара зараз калгаснае поле, якое да цяперашняга часу называюць Андрынскім. Ад колішніх сядзіб засталіся бадай адны вялізныя камяні, якія час ад часу выворваюцца на паверхню. Яшчэ маленькай дзяўчынкай Анюта разам са сваёй сям’ёй у другой палове трыццатых гадоў мінулага стагоддзя мусіла перасяліцца ў Велеўшчыну, дзе з таго часу і жыве. Анюцін бацька, калгасны актывіст Кірыл, адным з першых перавёз хату на цэнтральную сялібу калгаса. Аднак былі і такія хутаране, хто ўпарціўся, не хацеў аддаваць у калгас мазалямі нажытае дабро і зямлю-карміцельку. У той суровы час з такімі не цырымоніліся, прыходзілі прадстаўнікі калгасу і бурылі ў хаце печ.
На новым месцы Курыла Клундук як след абжыцца не паспеў, у трыццаць дзявятым забралі на “фінскую” вайну. Незадоўга да гэтага павёў Анюту, якая ў сям’і была старэйшай, у школу, але дзяўчынку не ўзялі. Сказалі, каб яшчэ трохі падрасла.
Вярнуўшыся з вайны, бацька зноў пайшоў у калгас, узяўся даводзіць да ладу сядзібу. Аднак, мабыць, не суджана было Клундукам па-сапраўднаму звіць сямейнае гняздо. У чэрвені сорак першага бацька зноў сабраўся на вайну. На руках у маці Аляксандры засталося пяцёра малых дзяцей. Толькі пасля вайны сям’я атрымала пахавальны ліст, дзе было пазначана, што Кірыл Клундук прапаў без вестак. Не вярнуліся і двое яго братоў Барыс і Аляксандр. Пра бацьку нагадвае вялізны партрэт, зроблены з фотаздымка, які ён прыслаў яшчэ з “фінскай” вайны.
Пасля вайны Ганна адолела толькі два класы, і то лічыць, што гэта зашмат. Трэба было дапамагаць маці гадаваць малодшых братоў і сястру, таму і пайшла ў калгас. Спачатку разам з маці даглядала яе соткі, а потым і свае працадні пачала атрымліваць. Так усё жыццё і адпрацавала ў калгасе. Спачатку ў паляводчай брыгадзе звеннявой, а перад пенсіяй — на ферме даглядчыцай. Аб яе працоўных заслугах сведчаць шматлікія граматы і два медалі, якія ездзіла атрымліваць у Мінск.
У гэтым суровым жыцці цётка Анюта з дзіцячых гадоў прывыкла спадзявацца толькі на сябе. Таму любая жаночая ці мужчынская праца яе не пужала — добра спраўлялася як з сярпом, так і касой. А яшчэ — дзеля іншых ахвяравала асабістым жыццём. Сястра выйшла замуж і з’ехала, ніводзін з братоў пасля войска не вярнуўся да цяжкай сялянскай працы ў вёсцы. Будавалі сваё жыццё далёка ад родных краёў. Ганна ж увесь час знаходзілася каля маці, даглядала яе, таму і не мела магчымасці ад’ехацца.
Звыклая да цяжкай працы, цётка Анюта знаходзіць сабе занятак. Яе імпэту можа пазайздросціць любы малады. Каб трымаць сябе ў “форме”, не кідае некалькі сотак агароду, на якім штогод садзіць бульбу. А перад тым, як капаць, усё да травінкі павыбірае, толькі стаіць голае каліўе. Хапае яшчэ ў бабулі моцы схадзіць у лес у ягады, але тое ўжо даецца з вялікай цяжкасцю. А зімой вымятае двор так, нібыта і сняжынкі на яго не ўпала.
Цётка Анюта — адна з тых бабулек, якія з’яўляюцца носьбітамі нашага аўтэнтычнага фальклору. У дзяцінстве ад старэйшых жанчын, ад маці навучылася спяваць шмат песень. Ад маці ж перадаліся і здольнасці лекаваць розныя хваробы пры дапамозе замоў. Ведае Ганна Кірылаўна і шмат розных легенд ды паданняў. Менавіта яна, адна з нямногіх, памятае легенду пра змея, які ў даўнія часы жыў у запаведніцкіх балотах. Да жанчыны і сёння даволі часта прыязджаюць навукоўцы, каб даведацца і занатаваць напоўненыя сакавітымі мясцовымі словамі песні і паданні.
Валерый ТУХТА.
На здымку: Ганна Клундук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>