В планах его и удачная служебная карьера

img_6421 Можна назваць яго “пінкертонам”, можна параўнаць са славутым Шэрлакам Холмсам ці прыгадаць не меней цікавых “дэтэктываў” з раманаў Агаты Крысці. Аднак, як кажуць, “любое параўнанне кульгае”. А калі я пабачыў Мікіту Рудака, у галаву прыйшло адно з выказванняў, што наша міліцыя павінна мець прывабны твар і нарошчваць сваю папулярнасць у народзе. “Вось менавіта такі твар і павінна мець наша міліцыя”, — падумаў я пасля першай сустрэчы з гэтым маладым, ды, можна сказаць, зусім яшчэ юным следчым.

Заходзіць аднойчы да мяне ў хату стройны высокі юнак з папачкай, ветліва пытаецца, ці маю час адказаць на некаторыя пытанні. Прызнацца, спачатку нават сумеўся, пабачыўшы пасведчанне следчага. Не часта, на шчасце, маем справу з органамі. Аказваецца, у вёсцы крадзеж, апытваюць суседзяў, складаюць пратаколы. Пагутарылі культурна, акуратна, па-дзелавому і, разам з тым, проста, нязмушана. Ці дапамог чым следству, не ведаю, а вось у тым, што сустрэў цікавага чалавека, прыемнага суразмоўцу, якога лічу журналісцкай удачай, не сумняваюся.
Другі раз давялося пабачыць Мікіту за справаю, калі запрасілі быць панятым. І зноў жа — тая самая тактоўнасць, прыязная ўсмешка, разумныя вочы, простае абыходжанне з людзьмі. Бываюць жа людзі прыцягальныя, аб чым я, зрэшты, і скажу Мікіту пад час нашай трэцяй сустрэчы. Прыцягальнасць асобы — знаходка для любой прафесіі, а тым больш — для следчага.
Трэцяя наша сустрэча адбудзецца ўжо ў яго працоўным кабінеце. Адчыняю дзверы са словамі: “Не ўсё ж вам, следчым, задаваць пытанні. Мы, журналісты, таксама ўмеем гэта рабіць”. І вось ужо я даволі працяглы час “дапытваю” свайго суразмоўцу, каб зразумець самому і распавесці чытачам, “чым дыхаюць” сучасныя “пінкертоны”, аб чым яны мараць, як жывуць?
-2-
І ўсплывае ў маім уяўленні невялікі гарадскі пасёлак Падсвілле, дзе прайшлі дзіцячыя гады Мікіты Рудака. Настаўніцкая сям’я са строгім выхаваннем. Быць сынам настаўніцы, па сабе ведаю, да многага абавязвае. Ты не можаш сабе дазволіць таго, чаго могуць дазволіць іншыя твае равеснікі, бо “калі ўжо настаўніцкаму сынку можна, то чаму нам нельга”. А таму ты міжволі мусіш быць прыкладам для іншых.
Не сказаць, каб ужо Мікіта ў дзяцінствае быў такім суперправільным, аднак і лішняга сабе не дазваляў. А “пай-хлопчыкам” вясковы пацан не можа быць па вызначэнні. У вёсцы — а што тое Падсвілле, тая ж самая вёска, хіба што крыху большая — не да сантыментаў. Трымалі гаспадарку, касіў сена, хадзіў за плугам, хіба што толькі каровы даіць не спрабаваў, захапляўся тэхнікай, мог гадзінамі ляжаць з бацькам пад машынаю, ператварыўшы двор у СТА. Трынаццаць гадоў было Мікіту, калі нечакана памерла маці. Бацька працаваў будаўніком у фірме, быў пастаянна ў камандзіроўках, так што пераехалі з малодшым братам у Глыбокае да бабулі з дзядулем — таксама настаўнікаў. І вось тут ужо пачаўся скіраваны шлях да мэты. Бабуля, сама настаўніца матэматыкі, істотна падцягнула ўнука па сваім прадмеце. І чытаць кніжкі Мікіта таксама прыахвоціўся ў бабулі. Сярод іншых былі і дэтэктывы Конан Дойля ды Агаты Крысці, а па тэлевізары акурат ішоў серыял “Вуліцы разбітых ліхтароў”. І павеяла юнаку рамантыкай дэтэктыўнага жыцця.
Паступіць у міліцэйскую акадэмію падлетак з балам атэстата восем з паловай, думаю, змог бы. Ды пачаліся праблемы са зрокам, не прайшоў медкамісіі. Аднак ён упарты, з характарам. Падаўся на юрфак Полацкага ўніверсітэта крымінальнага права і крыміналістыкі і паступіў на бюджэт. Падабалася вучоба. Акурат факультэт перавялі з горада ў пасёлак Міжрэчча, які мясцовыя звалі “рублёўкай”, а іх корпус — “маленькай Швейцарыяй”. Было ўсё для вучобы — і інтэрактыўныя дошкі, і мультымедыйныя ўстаноўкі, і выкладчыкі адпавядалі. Карацей, нішто не сапсавала ўражанне маладога чалавека ад сустрэчы з будучай прафесіяй. Не расчаравала і першая практыка ў следчым камітэце ў Глыбокім. Усё яму падабалася: і поўнае давер’е, калі практыканту адразу ж даюць весці справу, толькі, вядома ж, ненавязліва курыруюць, і выезды на месца злачынства. Не хацелася сыходзіць, нават калі практыка закончылася, і ён яшчэ лішні месяц па сваёй ахвоце працягваў практыкавацца.
А пасля было размеркаванне. Выбар не асабліва багаты — паміж некалькімі гарадамі. Выбраў Лепель. І не стаў чакаць, пакуль атрымае дыплом. Сеў на ўласнае аўто і паехаў знаёміцца на месца будучай працы. Сустрэлі прыязна, па-таварыску. Кіраўніцтва паабяцала маладому спецыялісту службовае жыллё — і стрымала слова. Ды ці шмат трэба маладому-нежанатаму?!
-3-
Першая справа ў маладога следчага была не вельмі складаная — крадзеж. Аднак чым далей, тым глыбей акунаўся ў гушчыню спраў. Дапамагалі больш вопытныя калегі. Настаўнікам яго (у іх тут так і называюць куратара) прызначылі капітана юстыцыі Рамана Машару.
Даручаюць весці папярэдняе следства. Дзяжурыць у аператыўна-следчай групе. Зноў жа, давяраюць, а гэта дарагога каштуе.
Ездзіў у лістападзе-снежні ў цэнтр павышэння кваліфікацыі на першапачатковую падрыхтоўку маладых следчых. Рыхтавалі па поўнай: навыкі валодання зброяй, страявая, статуты і г.д.
Кажуць, хочаш у жыцці быць шчаслівым — паклапаціся ў юнацтве выбраць прафесію па душы. Мікіту падабаецца яго справа жыцця, ды ўжо і брат малодшы прыглядаецца, думае, ці не падацца яму ў міліцыю.
— Каб стаць следчым, — робіць выснову Мікіта, — не абавязкова заканчваць акадэміі, можна дасягнуць мэты і праз грамадзянскую вышэйшую навучальную ўстанову. Галоўнае — здароўе і дзелавыя якасці. Ну і, вядома ж, мэтаскіраванасць.
Пра гэта ён яшчэ не аднойчы пад час прафарыентацыі пры сустрэчы скажа юнакам, якія, як і ён, мараць аб гэтай прафесіі.
У Лепель прыхапіў з сабою вудачкі і… клюшку. Даведаўся, што тут шмат рыбных азёр, не пакідае надзеі ў асалоду палавіць рыбкі, пазмагацца на хакейкай пляцоўцы, бо з дзяцінства паважае гэты спорт. Не супраць і ў лазеньцы папарыцца. Які ж вясковы хлопец не любіць лёгкай пары і бярозавага венічка! Толькі ўсё гэта — у вольны час, якога, шчыра кажучы, не так і багата.
— Прывыкаеш да працы, — кажа Мікіта, — уцягваешся і ўжо нават на выхадных адчуваеш сябе ніякавата. Нібыта штосьці забыўся ды не паспеў зрабіць.
— Сам гатуеш?
— Само сабою. Ці ж я студэнтам не быў. Усё магу і нават люблю гатаваць — і шарлотку, і бульбянае.
— А клёцак нашых лепельскіх каштаваў?
— Клёцак? Вядома ж, у сталовай МКК.
— І як?
— Пазваніў бабулі і сказаў, што ёсць у Лепелі страва нават смачнейшая за тыя, якія гатуе яна. Хаця яна ў нас майстар-кулінар.
Дык аб чым жа мараць сучасныя “пінкертоны”? Мікіта Рудак, як і кожны юнак, марыць аб уласнай сям’і, як і кожны вясковец — пра ўласны дом. Як і ў любога пачаткоўца — у планах яго і ўдалая службовая кар’ера. І гэта цалкам нармальна для разумнага і перспектыўнага маладога чалавека.
Прыемнай выдалася і гэтая наша сустрэча. Спадзяюся, не апошняя.
— Ну а клёцкамі,— усміхаюся на развітанне,— яшчэ пачастуемся, і з вудачкай на возеры пасядзім, і лёгкую пару ў лазні разгонім, і лепяльчанку заадно табе сасватаем, каб не ўцёк ад нас у Глыбокае.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Мікіта Рудак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>