На базе УЗ «Лепельский ЦРБ» функционируют три межрайонные отделения

medycynaЖыццё непрадказальнае. Сёння здаровы і поўны сіл, а заўтра могуць праявіцца непажаданыя сімптомы хваробы. І тут ужо не да разважанняў, а варта ратавацца ад немачы. І кіруешся тады ў бальніцу. Ахова здароўя насельніцтва з’яўляецца найважнейшай задачай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Лепельшчыны. Не сакрэт, ад эфектыўнасці функцыянавання яе складнікаў у многім залежыць выкананне і рэалізацыя задач паляпшэння грамадскага здароўя. Найперш маецца на ўвазе забеспячэнне лепяльчан якаснай медыцынскай дапамогай.   Ключавой перадумовай для дасягнення жаданага станоўчага выніку з’яўляецца планамернае ўдасканаленне сістэмы дзейнасці медустаноў.

Пераступіў пацыент парог бальніцы, і тут ужо многае залежыць ад людзей у белых халатах. Нездарма кажуць, што і слова лечыць. Хворы разлічвае на прафесіяналізм і міласэрнаць доктара. Таму і пачну расповед з кадравага патэнцыялу ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”. Працуюць тут 84 урачы. І дадам — у іх ліку чатырнаццаць маладых спецыялістаў. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць тры чалавекі, першую — трыццаць два, другую — дваццаць два. Летась медыцынскі корпус папоўніўся маладымі спецыялістамі. На першае працоўнае месца прыбыло пяць дактароў і дванаццаць чалавек сярэдняга медперсаналу, з іх тры фельчары.
Асобным абзацам выдзелім сярэдні медыцынскі персанал — 314 супрацоўнікаў, або 95,33 на 10 тысяч насельніцтва. 249 чалавек маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, або 79,29 працэнта ад усяго колькаснага складу.
Гараджанам зручней, бо бальніца і амбулаторыі ўрача агульнай практыкі пад бокам. Вяскоўцы таксама не засталіся сам-на-сам з праблемамі здароўя. Сельскія амбулаторыі ўкамплектаваны лекарскімі кадрамі згодна са штатным раскладам. Застаецца неўкамплектаванай толькі Домжарыцкая ўрачэбная амбулаторыя. Гэта, напэўна, самы аддалены куток рэгіёна. І пакінуць вяскоўцаў без меддапамогі было б недаравальным. Паводле графіка сюды выязджае спецыяліст Слабадской участковай бальніцы. Фельчарска-акушэрскія пункты ўкамплектаваны сярэднім медыцынскім персаналам.
Вядома ж, прафесія ўрача вымагае паўсядзённай самападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі. Навука не стаіць на месцы. З’яўляюцца больш эфектыўныя медпрэпараты і абсталяванне, новыя тэхналогіі прабіваюць сабе дарогу. У ЦРБ праводзіцца пастаянная работа па павышэнні прафесійнага майстэрства медперсаналу на базе БелМАПА, кафедраў медуніверсітэтаў, абласных і рэспубліканскіх устаноў аховы здароўя, а сярэдніх медыцынскіх работнікаў перападрыхтоўваюць на базе медыцынскіх каледжаў. Гэта намеры. А як на практыцы? Летась дваццаць тры ўрачы і 43 сярэднія медыцынскія работнікі павысілі свой прафесійны ўзровень.
Напрыканцы, так бы мовіць, кадравага блоку, адцянім такую дэталь. Для паўнавартаснай працы ўстановы неабходныя зараз урач-эндаскапіст, урач-неўролаг, два фельчары-лабаранты. Праканстатаваць факт проста, а які працяг атрымаў кадравы ланцужок? Для задавальнення патрэбнасці ў медыцынскіх кадрах ва ўпраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама пададзены імянныя заяўкі на размеркаванне неабходных спецыялістаў.
-2-
— У раёне прымаюцца арганізацыйныя захады для паляпшэння стану здароўя насельніцтва, дасягнення максімальнай адпаведнасці аб’ёмаў і якасці медыцынскай дапамогі жыхарам, — адзначае галоўны ўрач ЦРБ Ілья Шандалесаў. — У цэнтральнай раённай бальніцы разгорнута 198 ложкаў, у тым ліку сем медыка-сацыяльных і два — дзённага знаходжання хворых. У склад установы ўваходзяць прыёмнае аддзяленне, аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі, рэанімацыі на шэсць ложкаў, хірургіі — на 48 , гінекалогіі — на дваццаць, тэрапіі — на сорак сем, неўралогіі — на дваццаць, акушэрскае аддзяленне — на васемнаццаць, інфекцыйнае — на дзевятнаццаць, дзіцячае — на дваццаць.
На базе УАЗ «Лепельская ЦРБ» функцыянуюць тры міжраённыя аддзяленні: пералівання крыві, лабараторыя серадыягностыкі інфекцыйных захворванняў (абслугоўвае Чашніцкі, Ушацкі, Докшыцкі і Лепельскі раёны), аддзяленне гемадыялізу (Чашніцкі і Лепельскі раёны).
-3-
Амбулаторная дапамога аказваецца цэнтральнай паліклінікай на 375 наведванняў у змену і стаматалагічнай — на сто наведванняў. Пры паліклініцы разгорнуты шматпрофільны дзённы стацыянар на дзевятнаццаць ложкаў і цэнтралізаваны стацыянар на даму. З мэтай набліжэння амбулаторна-паліклінічнай дапамогі ў цэнтры г. Лепель (на базе былога ФАКа) функцыянуе офіс урача агульнай практыкі АВОП №1 (абслугоўвае тры тэрапеўтычныя ўчасткі), а таксама на тэрыторыі былога РДУП «Лепельскі электрамеханічны завод» — офіс урача агульнай практыкі АВОП №3 (абслугоўвае два тэрапеўтычныя ўчасткі). У кругласутачным рэжыме працуе аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі — тры фельчарскія брыгады.
Амбулаторна-паліклінічная дапамога на сяле аказваецца ў шасці сельскіх амбулаторыях урача агульнай практыкі на 185 наведванняў у змену. Пры іх разгорнуты дзённы стацыянар і стацыянар на даму. Плённа функцыянуюць таксама трынаццаць фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Лепельская цэнтральная раённая бальніца працуе ў кругласутачным рэжыме. У выхадныя, святочныя дні і ў непрацоўны час паліклінічнай службы амбулаторная дапамога аказваецца ўрачамі прыёмнага аддзялення (хірург, рэаніматолаг, урач-тэрапеўт). Кругласутачна функцыянуе і клініка-дыягнастычная лабараторыя.
Шпіталізацыя на кругласутачныя ложкі аддзяленняў ажыццяўляецца як у планавым, так і ў экстраным парадку. Дзякуючы створанай у Рэспубліцы Беларусь шматузроўневай сістэмы аказання медыцынскай дапамогі, пры неабходнасці лепяльчане маюць магчымасць лячыцца на абласным і рэспубліканскім узроўні. Па выніках працы за мінулы год на ложках УАЗ «Лепельская ЦРБ» жыхарамі раёна праведзена 54196 койка-дзён, што складае 58,4 працэнта ад агульнай іх колькасці; на абласным узроўні — 38677 койка-дзён, ці 41,6 працэнта.
Пасля дэталёвага аналізу ўсіх складнікаў можна без перабольшвання вылучыць такую абгрунтаваную выснову: сетка ўстаноў аховы здароўя Лепельшчыны забяспечвае насельніцтву якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі ў адпаведнасці з нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдактаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара поўнасцю выкананы — 279,83 рубля.
-4-
За 2017 год установай было асвоена 9,22 млн рублёў. У тым ліку ў структурным сегменце: заработная плата з налічэннямі склала 66,1 працэнта, медыкаменты — 9,5, камунальныя паслугі — 8,9, харчаванне — 2,4, транспартныя паслугі — 2,0, трансферты насельніцтву — 6,8, іншыя выдаткі — 3,7 працэнта.
З агульнага аб’ёму фінансавання на амбулаторна-паліклінічную дапамогу затрачана 47 працэнтаў бюджэтных асігнаванняў, на стацыянарнае — 37, хуткую медыцынскую дапамогу — 4,0, дапаможныя службы — 12 працэнтаў. Сярэдняя заработная плата па УАЗ «Лепельская цэнтральная раённая бальніца» склала 602 рублі. Зараз, як кажуць, раскрыем дужкі і ўдакладнім прапорцыі. Сярэдні заробак урачоў — 1190 рублёў, сярэдняга персаналу — 578, іншых работнікаў — 544 рублі.
Аб’ём заробленых пазабюджэтных сродкаў летась дасягнуў 498,0 тыс. рублёў, рост — 106,9 працэнта да адпаведнага паказчыка 2016 года. За кошт пазабюджэту набыты апарат ультрагукавой і электрамагнітнай тэрапіі коштам 22000,00 руб. (з растэрміноўкай плацяжу на год).
Планамерна прыводзіцца ў адпаведнасць сучасным патрабаванням матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя раёна. У папярэднім годзе за кошт сродкаў мясцовага бюджэту на агульную суму 46277 беларускіх рублёў набыты прыбор для вымярэння артэрыяльнага ціску коштам 1311,98 руб., машына для перапрацоўкі гародніны, стол агульнахірургічны, шэсць штук электракардыёграфаў, фотаметр універсальны і інш.
За 2017 год праведзены бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў на агульную суму 58929,7 рубля, адрамантаваны дах Новавалосавіцкай амбулаторыі (15737,8 руб.) і памяшканне Грыгаравіцкага фельчарска-акушэрскага пункта (8438,72 руб.) і г.д.
Асноўным стрыжнем развіцця галіны з’яўляецца стратэгія развіцця аховы здароўя краіны да 2020 года. Распрацавана яна на аснове дасягненняў аховы здароўя і пераемнасці з Канцэпцыяй развіцця аховы здароўя на 2003 — 2007 гады і накіравана на замацаванне дасягнутых вынікаў і наданне ўстойлівасці сістэмы аховы здароўя.
Стратэгія зыходзіць з асноватворнай ролі аховы здароўя грамадзян як неад’емнай умовы жыцця грамадства, адказнасці дзяржавы за захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян і прыярытэту правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прававой асновай з’яўляюцца палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права. Мэта — павышэнне эфектыўнасці функцыянавання галіны на аснове павышэння даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі для шырокіх слаёў насельніцтва, эфектыўнасці выкарыстання фінансавых, матэрыяльных і кадравых рэсурсаў; узмацнення прафілактычнай накіраванасці пры шырокім уцягванні насельніцтва і грамадскіх арганізацый у фарміраванне здаровага ладу жыцця.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>