В этом году к этому делу присоединились и члены краеведческого кружка «Потомки» со Слободской школы

1 Штогод грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ў супрацоўніцтве з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах праводзяць улік вадаплаўных птушак, якія зімуюць у Беларусі. Сёлета да гэтай справы далучыліся і сябры краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” са Слабадской школы, якія не толькі вывучаюць гістарычную спадчыну, але і імкнуцца захаваць біялагічную разнастайнасць свайго краю.

Акцыя па ўліку водных і каляводных птушак праходзіла на працягу ўсяго студзеня. У гэтыя дні можна было наведаць любое возера ці раку, на якіх нават у марозныя дні застаюцца ўчасткі, што не замерзлі. Аднак ёсць і спіс вадаёмаў, рэкамендаваны спецыялістамі, дзе падлік вадаплаўных з’яўляецца надзвычай важным. У нашым раёне гэта выток ракі Ула з Лепельскага возера. З-за бурлівага цячэння ў выніку скіду вод Лепельскага возера праз турбіну гідраэлектрастанцыі вада на Уле не замярзае нават у самыя траскучыя маразы. Гэта спрыяе зімоўцы птушак у межах Лепеля.
Узброіліся неабходнымі прыладамі і абсталяваннем — біноклямі, вызначальнікам птушак, прыхапілі анкету, куды будуць занатаваны вынікі назіранняў, і рушылі на бераг Улы.
За дзясятак кіламетраў чуваць шум вады, якая з вышыні некалькіх метраў на гэсаўскай плаціне вадаспадам коціцца ў рэчышча Улы. Менавіта тут, ля самой гідраэлектрастанцыі, дзе водная плынь найбольш бурапенная, падчас ранейшых наведванняў даводзілася назіраць шэраг вадаплаўных птушак, сярод якіх пераважалі лебедзі. Аднак цяпер ніводнай птушкі там не было, што вельмі здзівіла. Няўжо сёлета вадаплаўныя не засталіся зімаваць у горадзе? У зімовым ранішнім паўзмроку ў біноклі пачалі разглядаць наваколле. Найперш заўважылі скопішча качак. На невялікім участку незамерзлай палонкі збіліся ў гурт некалькі дзясяткаў птушак. Вызначыць іх відавую прыналежнасць на адлегласці было немагчыма. Гэта зробім на зваротным шляху.
2Абмінуўшы непраходны ўчастак берагавой лініі, пачалі рухацца ўніз па цячэнні ўздоўж левага берага Улы, не гублялі надзеі выявіць новыя калоніі птушак. Такім чынам, выйшлі да старога металічнага маста, які злучае два супрацьлеглыя берагі ракі. Першых качак на беразе заўважылі неўзабаве. Яны пачулі людзей і кінуліся да вады. Без асаблівых цяжкасцяў вызначылі, што гэта качкі-крыжанкі, самы распаўсюджаны від вадаплаўных на нашых вадаёмах. Самцы гэтага віду маюць рознакаляровую, пярэстую афарбоўку, а самкі — непрыкметную каштанава-карычневую. Пакуль птушкі не адплылі далёка, пачалі хутка лічыць, атрымалася крыху больш за два дзясяткі. Некалькіх качак з дапамогай кавалачкаў хлеба завабілі бліжэй, каб сфатаграфаваць.
Аднак прыемныя адкрыцці чакалі яшчэ наперадзе. Далей па цячэнні дайшлі да новага бетоннага моста праз Улу. Непадалёк, трымаючыся бліжэй да берага, плавала некалькі лебедзяў, двое з якіх яшчэ не паспелі змяніць шэрую “дзіцячую” афарбоўку на “дарослую” белую. На шляху пачало трапляцца больш качак, усё тых жа крыжанак. Дайшлі да павароту, які рака робіць улева. Вось тут і спаткалі асноўную калонію крыжанак, па некалькі дзясяткаў яны размеркаваліся ўздоўж двух супрацьлеглых берагоў Улы. Частка птушак плавала, але большасць з іх напыжаныя сядзелі ўздоўж берагавой лініі. Некалькі разоў давялося пералічваць птушак, пакуль пры супастаўленні не прыйшлі да агульнай лічбы.
Усяго налічылі сем лебедзяў і трыста сорак восем качак-крыжанак. Запоўненую анкету адправілі па электронай пошце спецыялістам, пасля апрацоўкі ўсіх звестак яны абавязкова падзеляцца вынікамі з тымі, хто дапамагаў лічыць птушак. Дзякуючы супольнаму зімоваму ўліку, можна ацаніць, колькі і якіх відаў водна-балотных птушак зімуюць у Беларусі. Сабраная інфармацыя дапаможа арнітолагам лепш планаваць дзеянні па іх ахове.
Валерый ТУХТА.
На здымках: слабадскія школьнікі лічаць птушак; качкі-крыжанкі на Уле.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>