Сустрэча з дачкой паэта

Ужо стала традыцыяй, што на гадавіну адкрыцця бібліятэкі-музея імя Тодара Кляшторнага ў аграгарадок Камень прыязджае дачка паэта Мая Тодараўна.

На гэты раз яна правяла сустрэчу з вучнямі ў школе, якая калісьці дала ёй пуцёўку ў жыццё. Вярнуўшыся разам з маці пасля ссылкі ў Казахстане і Сібіры ў Беларусь, дзяўчына мела правільны чалдонскі акцэнт, як казаў пра яе перакладчык Язэп Семяжон, але мовы бацькоў сваіх не ведала. Доўгімі зімовымі вечарамі разам з цёткай Александрынай, бацькавай сястрой, асвойвала роднае слова.

 І вось скончана сем класаў Каменскай сярэдняй школы — на руках пасведчанне аб адукацыі разам з пахвальным лістом за выдатныя веды. Далей будуць архітэктурна-будаўнічы тэхнікум у Мінску, таго ж профілю інстытут у Маскве.

 У час размовы вучні пазнаёмілі Маю Тодараўну з навукова-даследчай працай на тэму “Колеравая гама ў лірыцы Тодара Кляшторнага ў пачатку 20-ых — канцы 30-ых гадоў ХХ стагоддзя”, дзе  прасачылі змены ў светаадчуванні паэта ад залаціста-жоўтага ў 20-ыя гады да чорна-шэра-крывавага ў сярэдзіне 30-ых.

 Той факт, што вучні разам з настаўнікамі не застаюцца раўнадушнымі да паэта-земляка, цікавяцца яго жыццём і творчасцю, усхваляваў і расчуліў Маю Тодараўну. Яна падарыла кабінету беларускай мовы і літаратуры, школьнай бібліятэцы і музею апошні зборнік выбраных твораў паэта.

 Гучалі на сустрэчы таксама і вершы Тодара Кляшторнага. Вучні паказалі свой музей, профіль якога — гісторыя школы.

 На памяць аб сустрэчы дзеці атрымалі паштоўкі, маркі з выявай Тодара Кляшторнага.

Сяргей ЗНАРОК,

вучань 8 класа Каменскай

сярэдняй школы-сада.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>