Долго они догоняли свое счастье

img_6079Не ведаю, якія жаданні загадвалі “пад ёлачку” Вольга і Павел Смажэўскія. Магу толькі здагадвацца. Зрэшты, здагадацца, па-мойму, не цяжка — на першы погляд. У гэтыя дні маладая пара з вёскі Звязда чакае нараджэння дзіцяці.

Вольга сказала, што ў іх будзе дачка. Ну, дык зразумела, аб чым можна было загадваць у навагоднюю ноч. Каб здаровым нарадзілася і расло дзіця, каб шчасце, якое вось-вось пагрукаецца ў іх сям’ю, ніколі адсюль не сыходзіла.
, вось таму і кажу, што толькі на першы погляд зразумела, аб чым жадалі “пад ёлачку”. Надта ж многа давялося перажыць, надта ж многага хацелася…
Пазнаёміліся Паша з Оляй у яе роднай вёсцы Звязда. Неяк Пашка з сябрамі, калі яшчэ ў каледжы вучыліся, прыязджаў туды, вось і запрыкмеціў прыгожую дзяўчыну. Тады ўжо запрыкмеціў, а пабачыліся ўпершыню яшчэ раней. Прыгадваюць — ці не на валейбольнай пляцоўцы. Абое ж валейбалісты заўзятыя. Яны і пасля, ледзьве толькі вольная хвілінка надарыцца, спяшаліся ў спартыўную залу ў Стайскую школу. І толькі калі Вольга пайшла ў дэкрэтны, са спортам мусіла часова пачакаць.
У лепельскім ліцэі дзяўчына набыла прафесіі цырульніка і жывёлавода. Падалося мала — і адправілася вучыцца далей, у Віцебск, у медыцынскі каледж. Да замужжа паспела ўжо крыху папрацаваць фельчарам-лабарантам у лабараторыі ЦРБ.
У Пашы ж быў крыху карацейшы шлях у прафесію. Пасля школы бегаў штодня са сваіх Стай у каледж, дзе вучыўся на будаўніка. Там жа атрымаў правы на легкавую машыну. Далей вучыцца не стаў, бо была магчымасць бясплатна, ад ваенкамата, здаць яшчэ і на катэгорыю “С”, якой і скарыстаўся. А тут і ў войска час прыйшоў.
Служыў у Бароўцы вадзіцелем КамАЗа. Па палігонах паездзіў, па вучэннях. І, між іншым, ледзьве са смерцю не павітаўся, калі аднаго разу на шляху машыны заўважыў стары, ці не ваенных часоў, снарад…
А смерць тым часам завітала дадому. Гэтым летам нечакана ў росквіце жыцця памерла маці. Вяселлю, якое планавалі на восень, не суджана было збыцца. Проста пайшлі з Вольгай ды распісаліся.
Па ходу, правільна зрабілі. Ці да вяселля тут! Ён у войску служыў, яна сядзела ў дэкрэтным. І ні кватэры пакуль сваёй, ні пэўнай фінансавай стабільнасці. Пашку трэба пра іншае думаць. Прыйшоў во з арміі — дзе ўладкавацца, як забяспечыць сям’ю, якая неўзабаве павінна павялічыцца. Дагнаць сваё шчасце бывае вунь як нялёгка.
Добра, хай сабе па першым часе маладым бацькі дапамогуць, ды і пажывуць у бацькоў. У цеснаце — не ў крыўдзе. Аднак жыццё вучыць і падказвае, што і бацькі не вечныя, і не вечная іх дапамога. Трэба свой кут будаваць, сваё жыццё наладжваць.
Думаюць пакуль яшчэ па-рознаму. Трэба час, каб навучыцца супольна думаць і знаходзіць кансенсус. Вользе здаецца, што лепей была б гарадская кватэра, там з малым лягчэй, ды і праца ў яе ў горадзе. Паша, чалавек вясковы, да працы сельскай звыклы, не супраць бы дом пабудаваць у вёсцы. Тут і яго зразумець можна, цяжка па цяперашнім часе без гаспадаркі. У іх і зараз ёсць і агарод, і мотаблок. Бульбачка са стала не сыходзіць — дранікі любяць, клёцкі, пюрэ. Вольга няблага гатуе — і пірагі пячэ, і піцу. Дзе тут абыдзешся без сваёй гатовай прадукцыі.
Вучацца знаходзіць паразуменне. А пакуль спрачаюцца, як дачку назваць. У кожнага свае варыянты.
Дай бог, каб у іх маладой сям’і, якая толькі становіцца на ногі, іншых спрэчак і не было. Калі кахаюць, дык і паразумеюцца.

Уладзімір МІХНО
На здымку: Вольга і Павел Смажэўскія.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>