Пришлось потрудиться, когда злоумышленник поджигал дома в Велевщине

img_6278Вось іншы раз пачуеш — навошта, маўляў, гэтыя дэпутаты, і асабліва мясцовыя? Што яны робяць і што яны ўвогуле могуць?
А што мы ад іх чакаем? Абывацель — ён заўсёды абывацель: абы пакрытыкаваць кагосьці, абурыцца. А калі запытаешся, што канкрэтнага чалавек хоча — і сам часам не ведае. А калі ўжо на самога, не дай бог, адказнасць перакласці — тады ў кусты…

Дэпутат, хоць сабе і мясцовага Савета, — вядома ж, не чараўнік. П’яніцу не працверазіць, гультая працаваць не прымусіць і дурню розуму лыжкай не накладзе. І няма ў яго такой чароўнай палачкі, якой бы ўзмахнуў — і ўсё тут жа паўстала, з рога многа ды па шчупаковым загадзе. Дэпутат — не чараўнік. Аднак давайце паглядзім, хто ў вёсцы сёння ў дэпутатах ходзіць. Часцей гэта людзі зусім не апошнія, а прадстаўнікі ці мясцовых уладаў, ці якіхсьці службаў — людзі адказныя за свой участак справы. І па меры магчымасці яны дапамагаюць насельніцтву, вырашаюць тыя ці іншыя пытанні. У дэпутатах, як правіла, старшыня сельсавета, кіраўнік мясцовай гаспадаркі, дырэктар школы і г.д. Гэтыя людзі проста па абавязку службы могуць і павінны дапамагаць у меру сваёй кампетэнцыі. Упэўнены, проста так, не выслухаўшы, не “ўзяўшы на аловак” праблему, чалавека не адправяць.
Іншая справа, чаго мы чакаем ад дэпутата? Імгненна “разруліць усе праблемы”? Памятаю, у часіны майго маленства да дэпутата бегалі па дапамогу няшчасныя жонкі, якіх пабівалі мужыкі. І ён, уяўляеце, ішоў у сям’ю адзін, без участковага, угаворваў дэбашыра, рызыкаваў трапіць пад нож. Зараз я проста дзіўлюся — навошта яму гэта трэба было? Проста час быў нейкі рамантычны: і геройскі, і прасцейшы ў адначассі. Настаўнікі наведвалі фермы, выступалі перад механізатарамі і даяркамі, выпускалі баявыя лісткі.
Час стаў іншы, прагматычны, і ніхто зараз за так актыўнічаць не стане, тым болей рызыкаваць. А “народны абраннік” мясцовых Саветаў — па-ранейшаму ўсяго толькі мясцовы актывіст і альтруіст. За сваю грамадскую нагрузку грошай не атрымлівае, калі толькі яна не з’яўляецца бясплатным дадаткам да службовай пасады. Дык што ад яго патрабаваць і чакаць? Можа, проста сказаць дзякуй, што згадзіўся. А можаце лепей — станьце дэпутатамі самі.
Спытаўся ў Сяргея Хацкевіча, які ўжо два скліканні з’яўляецца мясцовым дэпутатам Слабадскога сельскага Савета, што менавіта робіць ён у гэтай якасці?
— Аграгарадок вялікі, — адказаў Сяргей Леанідавіч, — я дэпутат па вуліцы Палявой (мясцовыя яе часам называюць былой Свядай). Што ў маіх абавязках? Работа з насельніцтвам. Калі да мяне звяртаюцца з праблемамі ці пытаннямі, заўсёды стараюся выслухаць і, чым магу, дапамагаю. Былі пытанні па асвятленні вуліцы, датчыкі не спрацоўвалі. Памянялі іх, а таксама лямпачкі ў ліхтарах. Дапамагаў з дрывамі — праз лясніцтва, праз сельсавет. Мы ж тут усе на адной зямлі жывём, ёсць заўсёды магчымасць падысці да кіраўніка гаспадаркі, да старшыні сельсавета, да ляснічага і на месцы вырашыць пытанне. На пасяджэннях сельвыканкама разглядаем пытанні добраўпарадкавання. Прынамсі, вуліца, дзе я дэпутат, заасфальтавана — тут пытанняў няма. Звяртаюся і да тэматыкі супрацьпажарнай прафілактыкі.
-2-
Яшчэ б не звяртацца! У красавіку будзе чатырнаццаць гадоў, як Сяргей Леанідавіч узначальвае ў Слабадзе пажарны аварыйна-выратавальны пост, і пажарная бяспека, такім чынам, з’яўляецца прамым яго службовым абавязкам.
— Заўсёды сачу, — працягвае мой суразмоўца, — каб у мясцовым гандлі былі пажарныя апавяшчальнікі і ўвесь час іх прапагандую, бо на практыцы ведаю, што ўжо не адно жыццё выратавалі.
Практыка, трэба сказаць, у Хацкевіча немалая. Асвоіў прафесію будаўніка ў нашым тэхнікуме, аднак у будаўнічай арганізацыі папрацаваў мо з паўгода. А пасля арміі “перайграў” на карысць службы ў МНС. Першы пажар тушылі ў Віцебску, дзе стажыраваўся. І адразу — рызыкоўна. Гарэлі гаражы, пяць-шэсць машын засыпала абломкамі. У адным з гаражоў захоўвалася паліва, дзесяць-пятнаццаць бочак. Адна выбухнула, бо была няпоўная, іншыя надзьмуліся, але вытрымалі. Сітуацыя, як кажуць, вісела на валаску. І трагедыя магла адбыцца ў любы момант. Адзін чалавек загінуў, але большай трагедыі ўдалося пазбегнуць. Тушылі болей як паўсутак, затым разбіралі па цаглінцы, шукаючы трупы. Па інфармацыі, загінулі двое. На шчасце, не пацвердзілася, другі ў апошні момант уратаваўся.
Давялося папрацаваць, калі зламыснік падпальваў дамы ў Велеўшчыне, а таксама калі на трасе, недалёка ад Слабады, загарэлася фура з яблыкамі.
Прафесія ў яго экстрэмальная, а вось грамадская місія патрабуе шмат псіхалагізму.
— Гутарым з насельніцтвам, правяраем жылы сектар. Штогод праводзім рэйды разам з міліцыяй, аддзелам адукацыі, энерганаглядам.
— Дык, можа, лепей не рэйдамі палохаць і кантраляваць, а пастарацца рэальна дапамагчы, бо не думаю, што бабуля, у якой згніла бляшанка ля печы, іскрыць праводка ці адсутнічае пажарны апавяшчальнік, з’яўляецца парушальнікам па сваёй ахвоце. Можа б, яна і рада выправіць, а хто ёй гэта ўсё зробіць, хто дапаможа?
— А ведаеце, з бабулямі мець справу куды прасцей. Зойдзеш у хату — і печ пабелена, і чысценька, прысядзеш і пагутарыш ад душы. А вось маладыя часам не маюць ні адказнасці, ні ахвоты парадак наводзіць. Вось для такіх і рэйды. Асаблівую ўвагу надаём прафілактычнай рабоце з праблемнымі, з мнагадзетнымі сем’ямі. У вёсцы кожную сям’ю ўжо ведаеш, чым яна дыхае і на што здольная.
Памятаеце, Сяргей Леанідавіч казаў: “На адной зямлі жывём…” Жыве Хацкевіч у Лепелі, дзе ў яго дыхтоўны дом, гараж, машына, гумавая лодка. Рыбак, ахвотнік да “ціхага палявання” з кошыкам грыбоў у лесе. Аматар папарыцца ў лазні. На працу ж ездзіць у Слабаду вось ужо колькі гадоў. Дык яно і праўда ўжо зямля чужая сваёй стала, а людзі вясковыя — добрымі знаёмымі, нават сябрамі. Не важна, дзе ты жывеш, важна, з кім твая душа.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Сяргей Хацкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>