Курс — эффективность народного хозяйства

Адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. Са справаздачай раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2017 годзе і прагнозных паказчыках на 2018 год выступіў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Палепшылася эфектыўнасць працы галін эканомікі раёна. Забяспечаны рост у 3,3 раза чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажаў павялічылася і склала 6,1 працэнта, скарацілася колькасць стратных арганізацый, адзначыў дакладчык. Забяспечана станоўчая дынаміка росту заработнай платы. Летась сітуацыя на рынку працы не выйшла за рамкі прагназуемай — узровень беспрацоўя на першага снежня склаў 0,8 працэнта пры сацыяльна-дапушчальным — два працэнты.
Інвестыцыйная палітыка была зарыентавана на развіццё сферы вытворчасці. У эканоміку прыцягнута больш за 30 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал, з іх 44 працэнты накіравана на будаўніча-мантажныя работы, 38 выкарыстана на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў. На развіццё вытворчай сферы інвеставана 50 працэнтаў прыцягнутых сродкаў.
Вядома ж, ключавая роля ў развіцці эканомікі належыць прамысловаму комплексу. На яго долю прыпадае 50 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг). Узяты курс на эфектыўнасць народнай гаспадаркі спраўджваецца. Праведзена рэарганізацыя ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» шляхам далучэння да яго ААТ «Лепельскі электрамеханічны завод». З першага чэрвеня 2017 года ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» увайшоў у буйное інтэграванае фарміраванне на базе Віцебскага мясакамбіната і стаў філіялам «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».
Дынаміка прасочваецца і на такіх прыкладах. Па выніках мінулых студзеня — кастрычніка 2017 года чысты прыбытак прамысловых арганізацый дасягнуў 0,9 млн рублёў, павысілася эфектыўнасць продажаў, прадукцыйнасць працы, аптымізаваныя выдаткі. У 2,6 раза павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг. Рост аб’ёмаў вытворчасці забяспечаны ўсімі прадпрыемствамі за выключэннем філіяла «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».
2018 год будзе не менш напружаным. Неабходна максімальна загрузіць вытворчыя магутнасці, знізіць выдаткі, мадэрнізаваць дзеючыя, стварыць новыя прадпрыемствы і вытворчасці, асвоіць новыя віды прадукцыі і тэхналогій. Для тэхнічнага перааснашчэння прадпрыемства філіяла «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» на 2018 год плануецца набыццё лініі фасоўкі малака ва ўпакоўку тыпу ПЮР-ПАК і станцыі CIP-мыйкі на вытворчасць у колькасці трох адзінак. Асноўныя напрамкі развіцця ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» — пашырэнне наменклатуры, рост аб’ёмаў вытворчасці дэталяў і вузлоў для патрэб ААТ «МТЗ», загрузка дрэваапрацоўчага цэха. Філіял «Лепельскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам» плануе захаваць аб’ёмы вытворчасці за кошт асваення новых рынкаў збыту і абнаўлення асартыменту выпускаемай прадукцыі на 8 новых відаў хлебабулачных і 7 відаў кандытарскіх вырабаў.
Сельская гаспадарка раёна фарміруе больш за 16 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг).
Не сакрэт, летась надвор’е не спрыяла хлебаробам, у выніку чаго былі парушаны аптымальныя тэрміны сяўбы асноўных культур. Уборка збожжавых і зернебабовых, яравога рапсу была завершана толькі ў кастрычніку. З-за халоднага надвор’я ў летні перыяд і працяглых дажджоў увосень у два разы зніжаны аб’ёмы вытворчасці кукурузы на сілас з 106 тыс. тон зялёнай масы да 60 тыс. тон, ураджайнасць гэтай культуры склала 245 цэнтнераў з гектара пры леташняй — 356 цэнтнераў. Такім чынам, на трэць ніжэй за ўзровень мінулага года назапашана травяных кармоў.
Вяскоўцы — людзі загартаваныя. Да прыродных выпрабаванняў ім не прывыкаць. Валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 25,1 тыс. тон і павялічыўся ў 1,2 раза пры ўраджайнасці 26,5 цэнтнера з гектара. Вытворчасць рапсу ўзрасла ў 1,5 раза.
У сувязі з уводам у эксплуатацыю свінафермы на 8 тыс. галоў у в. Баброва вытворчасць свініны за 2017 год павялічылася ў 1,9 раза, колькасць свіней — на 17 працэнтаў.
Будаўніцтва называюць лакаматывам эканомікі. Аб’ём будаўніча-мантажных работ складзе 14,8 млн рублёў, або 105,3 працэнта ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2016 года. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 10 тысяч кв. м. жылля пры заданні 9,7, у тым ліку 3,5 тысячы кв. м. жылля ўведзена ў сельскай мясцовасці. У кастрычніку мінулага года здадзены 38-кватэрны жылы дом па вул. Школьная, 17. У лістападзе пачата ўзвядзенне саракакватэрнага дома па вул. Калініна. Будаўніцтва аб’екта ажыццяўляецца ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Кватэры атрымаюць шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты і інваліды. Сёлета плануецца пачаць будаўніцтва трох шматкватэрных жылых дамоў па вуліцы Савецкай у горадзе Лепелі.
Завяршаецца ўзвядзенне інжынернай інфраструктуры «Электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і добраўпарадкаванне мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы ў раёне АЗС № 33 у г. Лепелі», што дазволіць выдзеліць каля 30 зямельных участкаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Прадоўжана рэалізацыя праектаў «Водазабеспячэнне г. Лепеля» (карэкціроўка № 2), «Будаўніцтва спальнага корпуса на 166 месцаў у в. Бароўка, Лепельскага раёна», «Будаўніцтва цэнтра працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў у г. Лепель па вул. Лабанка».
У 2018 годзе ставіцца задача павялічыць рознічны тавараабарот на 5,5 працэнта, тавараабарот грамадскага харчавання на 3,5 працэнта. Чакаецца прырост гандлёвых плошчаў на тысячу кв. м. за кошт адкрыцця гандлёвага аб’екта ПГУП «Фаткулін» па вуліцы Чуйкова і гандлёвага аб’екта ТАА «ЕЎРАГАНДАЛЬ» па вуліцы Чуйкова.
У сельскай мясцовасці таксама чакаецца развіццё інфраструктуры гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сувязі з падпісаннем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №345.
У галіне аховы здароўя мяркуецца павялічыць чаканую працягласць жыцця, знізіць каэфіцыент смяротнасці працаздольнага насельніцтва, правесці мадэрнізацыю Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, набыць тры адзінкі аўтатранспарту для аддзялення хуткай дапамогі, медыцынскае абсталяванне для рэанімацыйнага аддзялення і аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення, прадоўжыць камп’ютарызацыю структурных падраздзяленняў УАЗ «Лепельская ЦРБ», мадэрнізаваць сістэму ацяплення.
Далей Барыс Яфрэмаў распавёў пра развіццё адукацыйнага сегмента. Летась на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі накіравана 770 тысяч рублёў. Даведзена да ладу памяшканне сталовай пачатковых класаў сярэдняй школы № 1, адрамантавана значная частка памяшканняў ясляў-сада № 9, зроблены рамонт у Заслонаўской сярэдняй школе і тутэйшых яслях-садзе. У Бароўскай сярэдняй школе абуладкаваны кабінет хіміі, санвузлы, устаноўлена сістэма відэаназірання.
Ажыццёўлены комплекс мерапрыемстваў па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. Ліквідаваны 4 установы, 5 устаноў рэарганізаваны. Прынятыя меры спрыялі павелічэнню напаўняльнасці класаў.
Эканомія бюджэтных сродкаў па выніках аптымізацыі была накіравана на набыццё трох школьных аўтобусаў. Яшчэ адзін быў перададзены Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
Па выніках 2016/2017 навучальнага года вучнямі раёна заваявана 288 дыпломаў I, II, III ступеняў. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда раёна заваявала 5 дыпломаў. Навучэнец сярэдняй школы №1 Дзяніс Шнітко стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці. Каманда цэнтра «Ніагара» заваявала дыплом II ступені на XVI Міжнародным турніры па інтэлектуальных гульнях «Несцерка».
У бягучым годзе трэба будзе завяршыць капітальны рамонт галоўнага корпуса сярэдняй школы № 3 і будаўніцтва на тэрыторыі ўстановы спартыўнай пляцоўкі, прадоўжыць давядзенне да ладу Заслонаўскай сярэдняй школы.
У сферы культуры летась праведзена 2,8 тысячы масавых мерапрыемстваў, выкарыстана каля 40 формаў працы, аказваліся платныя паслугі па 113 відаў. На развіццё галіны было накіравана больш за 2,5 млн рублёў. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база. Праведзены бягучы рамонт перакрыцця глядзельнай залы і пакрыцця даху раённага Дома культуры, абуладкоўваецца ўнутранае аздабленне залы. Заменены вокны на ПВХ у дзіцячай школе мастацтваў.
На Лепельшчыне створаны ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. Паспяхова функцыянуюць дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву і раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. На базе ўстаноў адукацыі эфектыўна выкарыстоўваюцца фізкультурна-спартыўныя збудаванні ў пазаўрочны, вячэрні час, выхадныя дні. Па выніках мінулага года вучнёўская каманда заняла першае месца ў вобласці па футболе на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Каласок». Каманды школьнікаў сталі другімі на абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па летнім шматбор’і «Здароўе» і спаборніцтвах па валейболе ў праграме круглагадовай спартакіяды дзяцей і падлеткаў сельскіх населеных пунктаў. Па выніках ХХІХ абласной спартакіяды школьнікаў раён заняў 4 месца з 19. У асабістым першынстве па выніках рэспубліканскага этапу навучэнка Старалепельской базавай школы Марыя Судак заняла першае месца. Акрамя таго, зборная каманда раёна стала чэмпіёнам Віцебскай вобласці па футболе сярод дарослых каманд.
Сёння асноўным рэзервам развіцця эфектыўнасці эканомікі, напаўнення бюджэту, павышэння дабрабыту лепяльчан з’яўляецца развіццё прадпрымальніцтва. У сектары малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) дзейнічае 202 суб’екты і 806 індывідуальных прадпрымальнікаў, працуе больш за чвэрць эканамічна актыўнага насельніцтва раёна — 25,4 працэнта. Летась пачалі працаваць 7 новых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Суб’ектамі МСП створана больш за 100 новых працоўных месцаў.
Экспарт тавараў ажыццяўляе 11 суб’ектаў гаспадарання МСП, што складае 78,6 працэнта ад агульнай колькасці арганізацый, якія працуюць у названым сегменце, экспарт паслуг — 21 суб’ект гаспадарання МСП. Тэмп росту экспарту тавараў суб’ектаў МСП да адпаведнага перыяду 2016 года склаў 210 працэнтаў, экспарту паслуг — 159 працэнтаў.
Арганізацыямі, якія не маюць ведамаснай падпарадкаванасці, інвеставана больш за 10 млн рублёў у асноўны капітал, што ў два разы больш у параўнанні з папярэднім годам. Па выніках 11 месяцаў 2017 года ўдзельная вага падатковых паступленняў дадзенага сектара эканомікі ў агульных паступленнях у бюджэт раёна склала 31,4 працэнта. Для развіцця бізнесу прынята 7 нарматыўных дакументаў, якія значна спрашчаюць умовы яго вядзення і робяць больш прывабным у малых населеных пунктах і сельскай мясцовасці. Указам №345 з 1 студзеня 2018 года на 5 гадоў зніжаны стаўкі падатку на прыбытак і падаходнага падатку да 6%; прадугледжана вызваленне абаротаў ад ПДВ, ад падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці і выкарыстоўваюцца пад размяшчэнне гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.
Асобна скажам пра знешнюю эканоміку. З жніўня мінулага года знешнеэканамічная дзейнасць філіяла «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» ўлічваецца на ўзроўні галаўнога прадпрыемства ААТ «Віцебскі мясакамбінат». У сувязі з дадзенымі зменамі экспарт тавараў у цэлым па раёне за дзесяць месяцаў 2017 года склаў 2,6 млн долараў ЗША, або 152,2 працэнта да студзеня — кастрычніка 2016 года, без уліку рэспубліканскіх арганізацый — 1,6 млн долараў ЗША, або 209,5 працэнта (заданне сесіі 106 працэнтаў).
Суб’ектамі гаспадарання раёна знешні гандаль ажыццяўляўся з дваццаццю краінамі свету, у тым ліку тавары пастаўляліся на рынкі васямнаццаці краін, імпартаваліся з васьмі.
Упершыню экспартныя пастаўкі прадукцыі летась зроблены ТАА «Лепельскі тэкстыль», ПВТУП «Алекуз», ПВУП «Мотапрывоз». Працягнуты пастаўкі тавараў на экспарт ТАА «Мастерлен Плюс», адноўленыя — СВГ «Сад» А. В. Памалейкі.
У леташнім студзені — верасні суб’ектамі гаспадарання недзяржаўнага сектара эканомікі асвоены новыя рынкі сямі краін: Венгрыі, Грузіі, Італіі, Румыніі, Славеніі, Францыі і Малдовы. У два разы павялічаны пастаўкі тавараў у Латвію, у 1,7 — Расійскую Федэрацыю, Бельгію, у 1,3 раза — Літву, Нідэрланды.
Рэалізацыя пастаўленых на 2018 год задач у рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы сваім вастрыём скіравана на дасягненне галоўнай мэты пяцігодкі — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягненне інвестыцый і інавацыйнага развіцця.
Вядома, вынікі залежаць ад нас, нашых імкненняў, жаданняў і правільнасці рашэнняў. Таму дырэктарскі корпус, органы ўлады абавязаны кардынальным чынам змяніць стыль, метады і мысленне ў сваёй дзейнасці. Працаваць у рытме рэальнай эканомікі, цалкам задзейнічаць механізмы маркетынгу, менеджменту, навуковага падыходу ў кіраванні. Усе павінны дакладна разумець, што за гэтымі паказчыкамі — збалансаванасць эканомікі і бюджэту, рашэнне сацыяльных пытанняў, рост дабрабыту людзей.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>