Открыла дверь в виртуальный мир ему и его друзьям

img_5999  Калі б у дзяцінстве спыталіся ў Сяргея, у якую пойдзе прафесію, напэўна, адказаў бы без ваганняў, што ў камп’ютарную. Хаця, калі ён вучыўся ў школе, камп’ютары яшчэ толькі ўваходзілі ў наша жыццё. Дзеці пазнавалі віртуальны свет праз выпуклыя, падобныя да тэлевізараў, маніторы “Карветаў”.

А прафесія праграміста праглядвалася дастаткова туманна, нібы далёкае сузор’е Андрамеды. Аднак хлопец ніколькі не вагаўся, бо менавіта камп’ютарная будучыня яго вабіла цалкам рэальна ўжо ў той час. І калі прапанавалі займацца ў камп’ютарным гуртку ў Цэнтры дзіцячай творчасці, пайшоў з задавальненнем. З удзячнасцю прыгадвае сваю першую “камп’ютарную” настаўніцу Дануту Казіміраўну (прозвішча ўжо не памятае). Менавіта яна адчыніла дзверы ў віртуальны свет яму і яго сябрам.
А потым быў радыётэхнічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У адначассі служыў у рэзерве ў Межыцы ў ракетных войсках супрацьпаветранай абароны. У Полацку ж сустрэў і будучую жонку, разам вучыліся ва ўніверсітэце, адно што на розных факультэтах, тая — на эканаміста, спецыяліста банкаўскіх аперацый.
Пажаніліся, выхоўваюць дзяцей, будуюць дом, а тым часам маладая сям’я з чатырох чалавек туліцца ў аднапакаёвай кватэры. Цеснавата, вядома, дзеці падрастаюць: Ілья ўжо ў другі клас ходзіць, маленькай Насцечцы, праўда, пакуль толькі два годзікі. А таму ўсе надзеі-спадзяванні на новы свой дом. У маладога таты няма іншага клопату, як “адпачываць” на будоўлі.
Днём — на працы. Работа даволі складаная: працуе Сяргей Сідарок праграмістам на раённым вузле паштовай сувязі. Дваццаць два аддзяленні, каля трыццаці працоўных месцаў, каля сарака камп’ютараў на абслугоўванні, да ўсяго яшчэ пяць інфакіёскаў. Кожнае працоўнае месца абсталявана тэрміналам уводу пін-кода для безнаяўнай аплаты. У кожнага карыстальніка трэба ўстанавіць адпаведныя праграмы. Можна сабе ўявіць, які аб’ём штодзённай працы. А таксама дзяжурствы па суботах. Працуюць па чарзе з напарнікам і па панядзелках.
Днём — праца, а ўвечары і па выхадных — будоўля. А яшчэ — сякі-такі агародзік на дачы ў Рудні, які таксама патрабуе догляду. У свой час у Рудні пасяліліся пасля пераезду з чарнобыльскіх рэгіёнаў дзядуля з бабуляй. Іх ужо няма, а хата дзядоў стала дачай. Раней і гаспадарка была, зараз проста на яе не хапае часу. Аднак Сяргей — прагматык па жыцці, добра разумее, што такое “трэба”. Хлопец нарадзіўся ў Лепелі. Тут сябры, знаёмыя, родныя, блізкія сэрцу мясціны — усё тое, што завецца Радзімай. Ён нарадзіўся тут і тут будзе жыць.
— А як адпачываеш? — пытаюся ў Сяргея.
— Ды і адпачываць надта няма калі. Люблю пасядзець з вудачкай на возеры. І не важна, зімою ці летам. Я на зімовую рыбалку і на летнюю езджу з аднолькавым імпэтам.
— У цябе машына?
— Невялікая — “Фольксваген-Поло”.
— На Эсе, напэўна, ловіш?
— Не, пераважна на Лепельскім.
— А як Новы год сустрэлі?
— Заўсёды сустракаем сям’ёю. Часам госці прыязджаюць, сёлета, напрыклад, цётка.
— Якая навагодняя страва падабаецца?
— Курыца запечаная.
— Думаю, што і Жоўтаму Земляному сабаку, чый год прыйшоў, такая страва таксама па душы. Сам гатуеш?
— Умею і сам, яшчэ са студэнцкіх гадоў.
— І аб чым Дзеда Мароза прасіў?
— Каб хутчэй дом закончыць. Газ яшчэ застаецца правесці, ваду правялі ўжо. Хочацца спадзявацца, што ў гэтым годзе справім наваселле.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: праграміст Сяргей Сідарок.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>