Программа фестиваля областного фольклорного форума на Лепельщине была чрезвычайно насыщенной

img_5675 Праграма фестывалю абласнога фальклорнага форуму на Лепельшчыне была надзвычай насычанай: гала-канцэрт, выстава-конкурс традыцыйнай вышыўкі, канферэнцыя, выставы. Распачаўся фэст у дзіцячай школе мастацтваў.

У памяшканні школы выразна адчуваецца даўкі водар палыну. Абрад акурвання ад злых духаў правялі ўдзельнікі клуба народных звычаяў і абрадаў “Траўніца” Дубровенскага раённага Дома культуры.
— Нашы продкі верылі ў магічнасць палыну, — адзначае ў гутарцы кіраўнік клуба Валянціна Бязносенка. — Пах травы здольны выгнаць з хаты ўсё дрэннае. Калі вы жадаеце выкарыстаць палын для абароны, можна дадаць кропельку хваёвай смалы і пранесці пахі па кожным кутку. Найбольш бяспечны метад — павесіць у спальні альбо калідоры невялікі пучок травы.
— Наш клуб народных традыцый утварыўся ў 2014 годзе. На беразе Дняпра збіраем экалагічна чыстыя расліны: чабор, шыпшыну, зверабой. Гэтыя раслінныя зборы можна выкарыстоўваць у якасці ароматэрапіі, а таксама піць як гарбату. Прывезлі з Дубровеншчыны таксама розныя прысмакі: медавуху на травах з пяргой, капусту, хлеб, каўбасу з кменам, каб пачаставаць гасцей фальклорнага форуму.
img_5644…Пірагі, цукаты, варэнне, кампоты — ад прысмакаў народнага дубровенскага клуба аматараў агародніцтва, садаводства і кветкаводства “Субяседніца” літаральна “ламіўся” стол. А зроблены яны… з гарбуза. На пытанне, чаму яны выбралі менавіта гэтую гародніну, адказала кіраўнік Таццяна Амбросава:
— Справа ў тым, што гарбуз — сапраўдная аптэка, у якой вельмі шмат карысных уласцівасцяў, вітамінаў, макра- і мікраэлементаў. Можна выкарыстоўваць у любым выглядзе — сырым, вараным, замарожаным альбо запякаць. Нават узімку зберагае ўсе рэчывы.
-2-
Паспыталі смачных гарбузных бліноў, можна і на канцэрт завітаць. Пасля прывітальных слоў намесніка старшыні райвыканкама Віктара Азаронка з “Прывітальнай” песняй і народным танцам “Карапет” выступіў народны фальклорны гурт “Кругаверць” Лепельскага РДК. Поўная зала гледачоў вітала гасцей форуму: народны фальклорны калектыў “Сенькавіца” Сенькаўскага клуба-бібліятэкі Верхнядзвінскага цэнтра культуры і народнай творчасці, узорны ансамбль “Званіца” Бешанковіцкага цэнтра культуры, народны тэатр фальклору “Цярэшка” Глыбоцкага цэнтра культуры і народнай творчасці і іншых. Народныя песні, музычныя замалёўкі, гульня “Жаніцьба Цярэшкі” — удзельнікі форуму са сцэны прадэманстравалі ўсё багацце і прыгажосць беларускай спадчыны.
Тым часам у сярэдняй школе №3 майстры зладзілі выставу-конкурс традыцыйнай вышыўкі “Юбілейныя сімвалы”, прысвечанай 80-годдзю стварэння Віцебскай вобласці.
Тканым і вышываным арнаментам звычайна аздаблялася адзенне — кашулі, фартухі. Аднак на Віцебшчыне часцей аздаблялі бытавыя прадметы — ручнікі, абрусы і іншыя. Напрыклад, ручнік — сімвал шматзначны, які суправаджаў чалавека ад жыцця і да самай смерці. Вышыўка на ручніках, паводле павер’яў, павінна засцерагчы чалавека ад сурокаў. Аздабленне чырвоным арнаментам сведчыла пра статус і паходжанне. Асабліва багата ўпрыгожвалі святочныя строі, якія вымалі толькі на вялікія святы.
Усю беларускую палітру вышыўкі можна было пабачыць у холе школы. І, безумоўна, асаблівасці ў кожнага з раёнаў свае. І тэхнікі таксама розныя — “крыжык”, “роўнядзь” і г.д.
На абласным фальклорным форуме заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны фальклорны калектыў “Сунічкі” і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў і мастакоў “Скарбонка” бліскуча пацвердзілі сваё званне. Думаю, будзе справядліва даведацца аб “Сунічках” крыху болей.
img_5679Нездарма Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры абрала ганаровы накірунак работы з дзецьмі — вяртанне да духоўнасці, да каранёў. Створаны і працуюць сем калектываў: узорны фальклорны калектыў “Сунічкі”, вакальная група “Рэчанька”, дзіцячы ансамбль народных інструментаў, лялечны тэатр, ансамбль гарманістаў, аматарскае аб’яднанне традыцыйнай кухні “Смачна есці”, дарослая акампаніруючая група. “Сунічак” можна пабачыць на раённых і гарадскіх мерапрыемствах. Гэта канцэрты, прысвечаныя Дню горада, Дню жанчын, навагоднія святочныя мерапрыемствы. Аднак сваё майстэрства калектыў дэманстраваў і за межамі роднага краю. Выступленні на абласным свяце-конкурсе традыцыйнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”, фестывалі латвійскіх культур “Pynu, pynu, situ” (Латвія, Даўгаўпілс), турнір народных танцаў у межах XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У верасні гэтага года ўзорны фальклорны калектыў “Сунічкі” ўдзельнічаў у святочным канцэрце да Дня горада Лодзь (Польшча). На рахунку калектыву больш за пяцьдзясят дыпломаў міжнародных фестываляў і конкурсаў.
Галоўнае багацце “Сунічак” — удзельнікі калектыву. Дзеці з задавальненнем выконваюць бытавыя танцы “Базар”, “Каханачка”, “Матлёт”, “Польку”, гуляюць у народныя гульні “Грушка”, “Дрома”, “Шастак”, “Яшчур”. Авалодваюць тэхнікай традыцыйнага выразання з паперы — выцінанкай, робяць лялькі і абярэгі, займаюцца вышыўкай і разьбой па дрэве, рыхтуюць поліўку, клёцкі, дранікі па рэцэптах сваіх бабуль. Апошнім часам у калектыве надаецца вялікая ўвага правядзенню свят у натуральным бытаванні — “Каляды”, “Масленіца”, “Вялікдзень”, “Жаніцьба Цярэшкі”. Рэалізуецца шэраг творчых праектаў: забаўляльна-пазнавальныя праграмы “Новы год па-беларуску”, “Масленічныя забавы”, конкурсы “Вясковая прыгажуня”, “Лепельскі карагод”, музычныя конкурсы “Іграй, гармонік” і “Лепельскія перазвоны”.
-3-
Бацькі таксама не застаюцца ўбаку. Іх запрашаюць на заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы, традыцыйныя вечарыны і святы. Яны спяваюць разам з дзецьмі, расце цікавасць да заняткаў і калектыву. Звыш двух тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак навучыліся і працягваюць вучыцца духоўным і маральным традыцыям народнай культуры.
Цікавыя выступленні чакалі гасцей і на абласной канферэнцыі “Традыцыйны фальклор у сучаснасці”. Загадчык Сенькаўскага клуба-бібліятэкі Верхнядзвінскага раёна Любоў Марынская распавяла аб дзіцячым фальклоры на Асвейшчыне, галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Струнчанка прааналізаваў працу клубаў нацыянальнай кухні, гульні і фальклору, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Вольга Хачкова адзначыла “Фальклорную талаку” як маркер сучаснага стану і перспектыў фальклорнага мастацтва Міншчыны. Завяршыўся форум выставай народнага клуба майстроў і мастакоў “Скарбонка”, выступленнем фальклорнага калектыву “Сунічкі” і акцыяй “Пояс сяброўства”.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: у час фальклорнага форуму.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>