Самым большим было гнездо, найденное в Заслонова, оно в картофельный мешок полностью не умещалась

img_6030 Перада мной за сталом сядзіць малады, спартыўнага выгляду службовец у форме пажарнага — старшына ўнутранай службы РАНС Віктар Анікей. Рухі і міміка спакойныя, упэўненыя, але разам з тым засяроджаныя — ён на дзяжурстве. Ёсць магчымасць пажартаваць, пасмяяцца, але расслабляцца нельга. У далейшым першае адчуванне было пацверджана.

Віктар нарадзіўся і вырас у Слабадзе, у сям’і ляснічага.
— Прозвішча Анікей — даволі рэдкае на Лепельшчыне.
— Скажу нават больш — адзінае. Глядзеў у тэлефонным даведніку, ёсць Анікейчык, Аніковіч, Аніскін, а Анікеі — толькі мы з бацькам. Ён родам з Гродзенскай вобласці, прыехаў на Лепельшчыну па размеркаванні, так тут і застаўся.
— Неаднаразова бачыў, што дзеці работнікаў лесу ідуць па слядах бацькоў. Што вас падштурхнула да выбару іншай прафесіі?
— Я змалку хадзіў разам з бацькам у лес, ведаю ўсе сцяжынкі ў наваколлі, усе ягадныя і грыбныя месцы. Магчыма, пры іншых абставінах я і стаў бы працаваць у лесе, аднак… Калі мне было гадоў шэсць, давялося пабачыць вялікі пажар. Гарэла сухая трава непадалёк ад нашай вёскі. Памятаю, што сваімі сіламі мы не ўпраўляліся, выклікалі пажарных. Тыя прыбылі хутка. Аднак і пры іх тэхніцы і вывучцы агонь удалося ўтаймаваць толькі праз некалькі гадзін. Тады ўпершыню ўбачыў працу агняборцаў, быў уражаны зладжанасцю і прафесіяналізмам іх дзеянняў. Тады ж і сфарміравалася першае, яшчэ дзіцячае, жаданне стаць пажарным, змагацца з агнём, ратаваць людзей. З цягам часу гэта жаданне яшчэ больш выкрышталёўвалася, перарасло ў свядомы жыццёвы выбар.
— Як даўно вы служыце?
— Паўтара года.
— І ўжо званне старшыны ўнутранай службы?!
— Старшына — гэта званне, якое я атрымаў пад час службы ў войску. Мяне прызвалі ў 231-ю артылерыйскую брыгаду ў Бароўцы. У вучэбку не накіроўвалі, усё навучанне праходзіў у сваёй часці. Паставілі адразу камандзірам самаходнай гарматы. Служыў нармальна, выконваў ускладзеныя на мяне абавязкі, не дапускаў парушэнняў, вось званні чарговыя і давалі. Звальняўся з войска ўжо старшыной. Пасля арміі мяне ўзялі на службу ў РАНС, званне захавалася.
Перад тым, як непасрэдна прыступіць да службы пажарнага-выратавальніка, Віктар прайшоў курс навучання ў вучэбным цэнтры МНС у Гомелі. Пры гэтым ён стараецца не спыняцца на месцы, павышае свой адукацыйны ўзровень, завочна вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на інжынера па эксплуатацыі аўтамабіляў.
З тэхнікай сябруе, лічы, з дзяцінства. Як і многія вясковыя хлопцы, прайшоў ланцужок тэхнічнай сталасці: веласіпед — мапед — матацыкл — легкавая машына — трактар. Зараз у маладой сям’і ёсць свая машына, Віктар падтрымлівае яе ў належным тэхнічным стане.
Жонка Таццяна працуе фармацэўтам у прыватнай аптэцы.
— Як яна пагадзілася з выбарам мужа стаць пажарным, гэта ж небяспечна?
— А ў яе іншага выбару не было, я яе проста паставіў перад фактам, — з усмешкай адказвае. — Рызыка, вядома, ёсць, але яна зводзіцца да мінімуму. Па-першае, нашай вывучкай, зладжанасцю дзеянняў. Па-другое, сучаснай тэхнікай, якую маем на ўзбраенні. Практычна я магу зайсці ў агонь-полымя, у самае задымленае памяшканне, выканаць пастаўленую задачу, выратаваць чалавека ці маёмасць — і выйсці.
— Успомніце свой самы першы пажар.
— Было гэта ў кастрычніку. Паступіў выклік — пажар у інтэрнаце прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Прыбылі на месца. Як аказалася, у адным з пакояў з-за няспраўнасці ці то электрычных прыбораў, ці то праводкі, не памятаю ўжо дакладна, адбылося загаранне. Было паражэнне канапы, дывана, шпалераў на сценах. У кватэры на той час нікога не было, вокны і дзверы пакоя былі шчыльна зачынены, што і ўратавала ад яшчэ большай бяды. У замкнутае памяшканне не было доступу свежага паветра, кіслароду, таму агонь не шугаў, а тлеў, напаўняючы яго едкім чадам. Калі мы зайшлі, то выцягнутай рукі не было відаць у дыме.
— А які пажар быў самы страшны?
— Такіх прыпомню два. Першы быў у вёсцы Прудок, што каля Окана. Паведамілі, што гарыць дача. Калі прыехалі, полымя шугала ваўсю, драўляная пабудова палала, нібы свечка. Жар быў такі, што нават у спецкасцюмах падыходзіць было небяспечна. Дом, на жаль, выратаваць не паспелі, затое адстаялі іншыя надворныя пабудовы, не далі агню распаўсюдзіцца.
Другі здарыўся нядаўна — калі гарэў рынак ІП Мацешы. Пажар запомніўся вялікай плошчай загарання, шмат было тавараў, маёмасці. Як патушылі асноўнае полымя, узяліся за разбор цюкоў з таварам, недагарэлых канструкцый, каб заліць вадой кожны вугольчык, каб не даць шанцу пажару ўспыхнуць зноў. Вось гэты этап цягнуўся вельмі доўга, пакуль усё раскідалі, разабралі, праверылі. На месца прыбылі каля 8.40 раніцы, а вярнуліся ў пажарнае дэпо толькі пасля 18 гадзін.
— З расповедаў вашых калег ведаю, што многія не так баяцца пажараў, як аўтамабільных аварый. Там вадзіцелі і пасажыры траўмуюцца страшна…
— Прыпамінаецца такі выпадак. Дзесьці з год таму на трасе Мінск — Віцебск ля вайсковай часці ў Бароўцы адбылася аварыя, пад колы лесавоза трапіла жанчына, загінула на месцы. Нам была пастаўлена задача дастаць труп з-пад машыны. Мы тады даволі доўга гэта рабілі, з дапамогай дамкратаў прыўзнімалі машыну. Як успомню…
А яшчэ сёлета, нягледзячы на адносна халаднаватае лета, было вельмі шмат шэршняў, я выязджаў разоў 20. Самым вялікім было гняздо, знойдзенае ў Заслонаве, яно ў бульбяны мех цалкам не змяшчалася.
— Віктар Міхайлавіч, акрэсліце коратка, наколькі важнай для вас з’яўляецца служба?
— Дзяжурствы — суткі праз двое. Уявіце сабе, наколькі важным можа быць месца, дзе чалавек праводзіць трэць свайго жыцця. Наколькі важна, каб яму там было зручна, камфортна ва ўсіх сэнсах. Я ўпэўнены ў сваіх сябрах, ведаю, што ў любой складанай сітуацыі, нават не па службе, маю спіну прыкрыюць. Настаўнікам у прафесіі пажарнага лічу начальніка каравула старшага лейтэнанта Вадзіма Пачкоўскага. Ён перадае мне і ўсім маладым выратавальнікам, якія толькі прыступаюць да службы, свае досвед і навыкі. А досвед у яго багаты, больш за дзесяць гадоў на службе. Тут жа служыць Дзмітрый Гардзіёнак з Пышна, мы з ім знаёмыя з часоў вучобы ў каледжы. Лічу, што на службе знайшоў новую сям’ю.
На здымку: старшына Віктар Анікей у пажарнай машыне.
P.S. Спецыфіку службы пажарных-выратавальнікаў найлепшым чынам характарызуе наступны выпадак. Пад час нашай размовы загучала сірэна — сігнал трывогі. Суразмоўца пабег, толькі паспеў кінуць: “Выбачайце”. За некалькі секунд экіпажы двух выратавальных машын былі ўжо апрануты ў баёўкі і сядзелі на сваіх месцах. Зараўлі магутныя маторы. Як толькі брамы раскрыліся, абедзве рванулі. Аўтар між тым падышоў да дзяжурнага, каб высветліць больш падрабязна. Старшы сяржант Арцём Камека расказаў:
— Тэлефанавала жанчына. Жыве ў сваім доме па вуліцы Лабанка. Паведаміла, што распаліла печку, выйшла з хаты ў двор па справах, а ўваходныя дзверы зачыніліся. А агонь у печцы гарыць, вугольчык можа выскачыць, таму і паведаміла нам. Мяркую, на месцы адзін разлік справіцца, другі ўжо па рацыі адклікалі назад.
І сапраўды, праз некалькі хвілін адзін МАЗ вярнуўся ў пажарнае дэпо, а ў хуткім часе прыбыў і другі. Мы прадоўжылі размову з Віктарам Анікеем.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>