Как ВАЗ протаранил «Альфу»

images Чаго толькі не здараецца ў нашым вірлівым жыцці. Некаторыя пачварныя здарэнні не ўпісваюцца ў маральныя межы. Нібыта нейкая чорная сіла ахутвае свядомасць чалавека і патурае яго дзікунскім учынкам. Так здарылася і ў гэтай крымінальнай гісторыі. Даслаў яе ў рэдакцыю пракурор раёна Алег Несцяронак.  Пачнём, як кажуць, па парадку. Вадзім Печкін (прозвішча зменена) пражывае ў адной з вёсак нашага раёна. Мае аграсядзібу. Справа добрая. Аднак наш аповед не пра аграэкатурызм. Размова, як вынікае з загалоўка і рубрыкі газетнай публікацыі, кранецца іншай плоскасці. Крымінальнай. Напачатку дзеі нічога не прадказвала негатыўнага разгортвання падзей у той чэрвеньскі летні дзянёк. Можа і сонейка пяшчотна сагравала зямельку і душы людзей, гарачы подых лета настойліва клікаў лепяльчан да вадаёма. Усё магло быць. Ды не будзем шукаць метэазводку, не гэта галоўны стрыжань нашай гісторыі…
Тым часам Валянціна Ягорава прывезла на сваёй “Альфе-Рамеа” двух знаёмцаў — мужа і жонку па іх справах. Заглушыла матор акурат каля Вадзімавага дома. Пасажыры пайшлі, кіроўца засталася чакаць іх. Раптоўна чорнай хмарай уклінілася ў сюжэтную лінію бяда. Кабета пачула гул рухавіка легкавіка. ВАЗ-2121 намаляваўся на дарозе. За рулём сядзеў вядомы ўжо нам Вадзім Печкін. Без прычыны зачапіў і пашкодзіў левую частку “Альфы”.
Кабета борздка выскакнула з салона. Выйшаў і кіроўца ВАЗа. Усчалася і запалала спрэчка. Валянціна похапкам выцягнула мабільны тэлефон і пачала заўзята знімаць на камеру пашкоджанні.
— Ты што нарабіў, нягоднік, дарогі не бачыш, аб’ехаць не мог! — выгукнула жанчына.
Вадзім у адказ выхапіў з яе рук мабільнік і з размаху кідануў у слуп. Па баках разляцеліся запчасткі.
Раз’юшаны мужчына на тым не спыніў сваю расправу. Ляснуў дзверцамі, газануў — і ВАЗ пачаў тараніць бедную “Альфу” раз за разам. Наваколле поўнілася грозным рыканнем матора і скрыгатаннем металу.
На судовым пасяджэнні Валянціна Ягорава дакладна абмалявала карціну здарэння:
— І не адзін разочак наехаў на маю машыну, аж дванаццаць разоў бухаў па кузаве. Мусіць, каб найбольшую шкоду нанесці…
Ярасныя тараны мелі даволі негатыўныя наступствы. На іншамарцы былі зламана і дэфармавана левая частка пярэдняга бампера і пярэдняя частка капота, разбіта левая фара, дэфармаваны пярэдні левы ланжарон, двое дзвярэй і г.д. Пералік пашкоджанняў дужа вялікі. Урон нанесены немалы.
Памятаеце, мабільнік быў разбіты аб слуп. Ды камера, на шчасце, ацалела. Захавалася адлюстраванне часткі вясковай вуліцы, выява жылога дома, сілуэт чалавека ў светлым галаўным уборы, чуліся мужчынскія і жаночы галасы.
Крымінальную справу маглі спыніць па прычыне прымірэння бакоў. Пацярпелай быў кампенсаваны нанесены ўрон. Аднак такога не адбылося. Чаму? Вадзім Печкін раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Ён прызнаны вінаватым у наўмысным пашкоджанні маёмасці, якое пацягнула шкоду ў значным памеры, аштрафаваны на трыццаць базавых велічынь, на час вынясення прыгавору — 690 рублёў.
Такая вось сумная гісторыя. Колькі людзей, столькі і характараў, адносін да свайго месца ў грамадстве. У некаторых завышаныя самаацэнкі, як і ў нашага крымінальнага персанажа. Дужа вольна адчуваў ён сябе. І паплаціўся.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>