Присяга на верность «Я, гражданин Республики Беларусь …»

У мінулую суботу ва ўсіх вайсковых часцях Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь адбывалася значная падзея – маладое папаўненне салдатаў прымала ваенную прысягу. Гістарычна так склалася, што на Лепельшчыне знаходзяцца два вайсковыя гарадкі – Бароўка і Заслонава. Вырашыў паспрабаваць і за адзін дзень наведаць абодва.

Традыцыйна ў Бароўцы размяшчаюцца артылерыйскія часці, галоўнай лічыцца 231-ая артылерыйская брыгада, а з нядаўніх пор раскватараваны 191-ая група артылерыі і 52-і асобны пошукавы батальён. Прыбываю ў часць а палове дзявятай гадзіны. Аўтамабільная паркоўка перад кантрольна-прапускным пунктам часці ўжо запоўненая, машыны выстройваюцца ўдоўж абочын – гэта пад’язджаюць бацькі, родныя, сябры салдатаў, якія сёння прымаюць прысягу. На КПП іх сустракаюць вайскоўцы, паказваюць дарогу.

Вайсковы пляц, нягледзячы на снегапад апошніх дзён, ужо расчышчаны. З аднаго боку ля яго наладжана выстава баявой тэхнікі, якая маецца на ўзбраенні мясцовых вайсковых часцей. Тут выстаўлены самаходныя гарматы 2С1, 2С3М, 2С5, дальнябойная гармата “Мста-Б”, устаноўка залпавага агню “Ураган” з транспартна-зараджальнай машынай. Усе яны тут жа трапілі ў шчыльную “акупацыю” дзецьмі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю аглядалі баявыя машыны, залазілі на іх, пыталіся ў салдатаў: “А што гэта за танк? Ён сапраўды страляе? А як далёка?”. Здавалася, пытанням не будзе канца.

Другая катэгорыя экскурсантаў – мужчыны ва ўзросце, якія самі калісьці праходзілі вайсковую службу і таму дакладна ведалі амаль кожную выстаўленую баявую адзінку. Яны нібыта зноў вярталіся ў армейскую маладосць, дзяліліся ўспамінамі, прыгадвалі байкі, казусы і нават анекдатычныя выпадкі. Некаторыя нават праз 20-30 гадоў пасля службы паражалі дакладным веданнем баявых і тэхнічных характарыстык тых ці іншых артылерыйскіх сістэм.

А побач размясціўся яшчэ адзін не менш важны ў вайсковым жыцця аб’ект – палявая кухня, ад якой ужо даносіўся водар сытнай кашы з тушонкай і духмянага чаю. Самая патрэбная рэч, асабліва ў прахладнае, слотнае надвор’е. На палявой кухні па-майстэрску ўпраўлялася сяржант Наталля Шашко. Жанчына не першы раз кашаварыць для гасцей, якія прыязджаюць на прысягу. Аднак самая галоўная яе справа – карміць салдатаў кожны дзень. І не важна, дзе яны знаходзяцца, у вайсковай часці ці на палігоне – галоўнае, што вайскоўцы рэгулярна, тройчы на дзень павінны мець сняданак, абед і вячэру.

Перад пачаткам цырымоніі паспеў зайсці ў казарму, дзе каля 70 салдатаў атрымлівалі зброю, з якой і будуць прымаць прысягу. Знаёмцеся – прызыўнікі Лепельскага раёна. Максім Кузьміч і Эрык Судак з Лепеля, Дзмітрый Залатуха з вёскі Пышна і Максім Валаховіч з Новых Валосавічаў.

Максім Кузьміч да прызыву паспеў скончыць Лепельскі дзяржпрафліцэй, атрымаць спецыяльнасць слесара-рамонтніка сельскагаспадарчых машын і папрацаваць ландшафтным дызайнерам. Распавядае:

— Ад мінскай фірмы “Фітонія-Арт” займаліся азеляненнем базы адпачынку ля вёскі Матырына. Нам далі схему і згодна з ёй мы, рабочыя, высаджвалі кветкі, дэкаратыўныя кусты, дрэвы і даглядалі за імі. Можна сказаць, былі садоўнікамі.

Эрык Судак пасля атрымання спецыяльнасці вадзіцеля аўтамашыны трапіў у Верхнядзвінскі раён – каханне туды завяло, жонка Ульяна пераманіла. Там уладкаваўся на мясцовы хлебазавод. Аднак калі прыйшоў час прызывацца на вайсковую службу, прызываўся з роднага Лепельскага райваенкамата.

Дзмітрый Залатуха – адзіны сярод лепяльчан апошняга прызыву, хто мае вышэйшую адукацыю. У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі атрымаў спецыяльнасць інжынера, быў размеркаваны ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, а адтуль накіраваны выкладчыкам спецдысцыплін у Лужаснянскі каледж.

— Мне прапаноўвалі службу ў рэзерве, па два-тры месяцы збораў на працягу трох гадоў, але я прыняў рашэнне адслужыць адразу.

Максім Валаховіч сёлета скончыў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-механік. Паспеў папрацаваць у КУВСГП “Лепельскае”. Спачатку быў памочнікам у камбайнера Аляксандра Пліско, а пасля завяршэння жніва – вадзіцелем. Успамінае:

— Хаця наш камбайн КЗС-10 і быў самым старым у гаспадарцы, больш за дзесяць гадоў, аднак мы яго навялі і працаваў ён няблага, жаў гектары і намалочваў тоны.

Хлопцы ўжо ведаюць, куды будуць размеркаваны для далейшай службы. Максім Кузьміч – у рэактыўны дывізіён, Эрык Судак і Максім Валаховіч – у IV цяжкі гаўбічны артылерыйскі дывізіён, а Дзмітрый Залатуха – у батарэю кіравання і артылерыйскай разведкі.

— Хлопцы, апошнім часам у інтэрнэце актыўна падымаецца тэма нестатутных узаемаадносін у арміі. Вы з гэтым сутыкаліся, наколькі сур’ёзная праблема?

— Магу заўважыць наступнае, — кажа Дзмітрый, — нестатутных, вычварных праяўленняў у нашай часці я за той час, пакуль служу, не бачыў.

— А як з мабільнай сувяззю?

— Загадам камандзіра брыгады вайскоўцам дазволена захоўваць мабільныя тэлефоны ў выключаным стане і зарадныя прылады да іх у тумбачках пры ложках. Карыстацца можна ў вольны ад заняткаў час, — адказвае Эрык, — таму сазвоньваемся з домам хоць кожны дзень. Пастаянна ў курсе ўсіх дамашніх спраў.

Між тым афіцэры падалі каманду, салдаты падхапіліся і рушылі на плац. Там ужо пастроіліся паўзводна, выставілі сталы, на іх папкі з тэкстамі прысягі. Госці стаялі на процілеглым баку плаца.

* * *

Затым аўтар гэтых радкоў рушыў у Заслонава, дзе прымалі прысягу яшчэ каля 70 маладых салдатаў 19-ай гвардзейскай механізаванай брыгады.

Перад КПП карціна была аналагічнай – дзясяткі машын, на якіх прыехалі родныя і блізкія, каб пабачыць салдатаў, пабыць разам з імі, раздзяліць хвалюючыя моманты жыцця. Стаяла пахмурнае надвор’е, і, між іншым, успомніў, што калі сам прымаў прысягу, было такое ж шэрае неба, сыпаў дробны шурпаты снег, затое настрой быў прыўзняты, урачыста-святочны. Як і ва ўсіх маладых салдатаў цяпер.

Навабранцы пастроены роўнымі шарэнгамі. Гучыць загад на ўрачысты вынас баявога сцяга часці. Вайсковы рытуал пачынаецца.

“Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…” – хвалююча і пранікнёна гучаць радкі прысягі. Разам з тым галасы маладых салдатаў упэўненыя, гучныя. Іх родныя і блізкія стаяць побач, ловяць кожнае слова. Некаторыя робяць фотаздымкі на памяць. Здаецца, што і прырода спрыяе ўрачыстай падзеі, паступова становіцца святлей.

Кожны салдат разумее важнасць і святасць ваеннай прысягі. Гэта не проста набор слоў, якія вымаўляюцца аднойчы, а потым можна іх забыць і жыві як хочаш. Цяпер вайскоўцы абавязаны суадносіць усе свае дзеянні, учынкі, словы, нават думкі і памкненні з сэнсам і духам ваеннай прысягі. Рабіць і жыць так, яка рабілі і жылі да іх пакаленні сумленных, адданых сваёй Радзіме іх старэйшых братоў, бацькоў, дзедаў.

Вось апошнія салдаты зачыталі радкі прысягі. Сталы ўбраныя. Цырымонія працягваецца мітынгам, дзе цёплыя словы выказваюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, бацькі. Другі сакратар раённай арганізацыі БРСМ Андрэй Краўцоў пажадаў маладым салдатам належным чынам асвойваць ваенную навуку, станавіцца надзейнай апорай сваім сем’ям, нашай Радзіме. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Віталь Франчук нагадаў аб славутых баявых традыцыях 19-ай гвардзейскай механізаванай брыгады, яе героях, заклікаў быць годнымі іх памяці. Дыякан Міхаіл Гутнік успомніў, як у 1976 годзе на Новай Зямлі прымаў прысягу. Хаця тэкст яе да канца не памятае, гады, аднак той дзень назаўсёды застаўся ў памяці старога салдата.

Урачыстым маршам маладое папаўненне крочыць перад трыбунай. Няхай мамы і таты, браты і сёстры, сябры і каханыя бачаць – яны ўжо сапраўдныя салдаты, абаронцы Айчыны.

Самыя хвалюючыя і шчымлівыя хвіліны надыходзяць тады, калі гасцям дазваляецца асабіста павіншаваць маладых салдатаў. Слёзы радасці, шчасця і гонару перамяжуюцца з усмешкамі, моцнымі абдымкамі. “Божа, як ты вырас, памужнеў – і не пазнаць! Як мы па табе сумавалі! А аўтамат сапраўдны? Ты з яго ўжо страляў? Як вас кормяць?” – пытанні сыпаліся градам, усхваляваныя салдаты толькі паспявалі адказваць.

Тыя хвіліны праляцелі надзвычай хутка. Зноў гучыць каманда строіцца. Салдаты ідуць здаваць зброю і атрымліваць дакументы на кароткачасовае звальненне. Для бацькоў тым часам наладжваецца экскурсія па часці. Яны могуць паглядзець, дзе іх сыны жывуць, пакаштаваць салдацкі абед у сталовай. Свята заканчваецца. Хутка салдаты вернуцца, каб займацца баявой вучобай.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: Максім Кузьміч, Эрык Судак, Дзмітрый Залатуха і Максім Валаховіч – маладыя салдаты 231-ай артылерыйскай брыгады ў Бароўцы; “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…”; доўгачаканая сустрэча – кранальныя моманты ў Заслонаве.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>