Предупреждали, чтобы старушка проявляла бдительность

inx960x640Дзмітрый (усе імёны зменены) жыве ў Чашніках. Хоць малады чалавек мае 23 гады, аднак выглядае значна маладзей, амаль падлетак, хударлявы, невысокі. І, як і пераважная большасць моладзі, актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Праз сетку ён і пазнаёміўся з лепяльчанінам Мікітам.
У размовах Дзмітрый скардзіўся, што ў Чашніках працы няма, грошай на жыццё не хапае, цэны высокія, адным словам, прасвету не відаць. Вось каб…
Інтэрнэт-сябар прапанаваў:
— Прыязджай у Лепель. Знойдзем табе працу.
— А жыць мне дзе?
— На першым часе пажывеш у мяне, а далей, як пачнеш зарабляць, жыллё сабе здымаць будзеш.
Так і дагаварыліся. Аднак пагасцяваў Дзмітрый не доўга, маці Мікіты паставіла ультыматум:
— Есць, п’е, а працу не шукае, жыллё сабе шукаць таксама не думае. Не патрэбен мне ў хаце дармаед!
Рабіць няма чаго… Пайшоў на базар. Там хадзіў, пытаўся, дзе можна было б зняць пакой для пражывання? Усім расказваў прыдуманую байку, што сірата, жыць няма дзе. Пры гэтым бацькі яго жывуць у Чашніках. Аднак напомнім, што і выгляд Дзмітрый меў адпаведны, які выклікае жаль.
Спачатку адзін лепяльчанін адгукнуўся, за свае грошы апублікаваў аб’яву аб тым, што жадае зняць пакой для пражывання, даў тэлефон Дзмітрыя. А неўзабаве пазнаёміў яго з пажылой жанчынай, якая жыве адна ў сваім доме.
Там чашніцкі госць зноў завёў сваю песню: сірата, мама памерла, жыць няма дзе, прытуліце… Сэрца 90-гадовай бабулькі размякла.
Праз некалькі дзён у дом з прафілактычным абыходам завіталі міліцыянеры. Папярэджвалі, каб бабулька праяўляла пільнасць, не давярала. А калі патрэбна дапамога, варта ўсё ж звярнуцца да паслуг сацыяльнага работніка. Аднак гаспадыня не захацела крыўдзіць “сіротку”.
Так і жыў, нідзе не працаваў.
Аднойчы Дзмітрый, між справай, сказаў:
— А ў мяне заўтра дзень нараджэння.
Бабулька засіяла, папрасіла:
— З той шафы дастань, калі ласка, паштоўку вялікую, прыгожую.
Падпісала яму, пажадала здароўя, поспехаў, удачы, каб знайшоў сваю другую палову — шмат цёплых слоў. Аднак той падцэліў, што ў шафе, акрамя іншага, ляжаць грошы, даволі ўнушальны пачак. Улучыў момант, калі гаспадыні не было ў пакоі, залез. Здабычай сталі 1100 рублёў!
У “сіроткі” пачалося шыкоўнае жыццё! Мабільнік апошняй мадэлі, гарнітура да яго, калонка для праслухоўвання музыкі, выпіўка-закуска.
Спачатку “свята жыцця” сапсавала жанчына, якая падняла трывогу. Дзмітрый нават прыехаў да яе, кляўся-бажыўся, што да прапажы грошай не мае ніякага дачынення. Аднак, выйшаўшы за дзверы, адразу ж збег на вакзал, а адтуль — у Чашнікі. Там і знайшлі яго міліцыянеры. “Свята жыцця” з музыкай, выпіўкай і “добрымі сябрамі” спынілася. Замест яго зараз чашніцкаму госцю свеціць артыкул Крымінальнага кодэкса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>