В этом году на предприятиях и в организациях начали работать более 200 молодых специалистов

img_5818-kopiyaДобрай традыцыяй на Лепельшчыне стала правядзенне злётаў працоўнай моладзі. На сёлетнім форуме глядзельная зала дзіцячай школы мастацтваў была запоўненая. На свята прыбылі далёка не ўсе маладыя спецыялісты, якія ў бягучым годзе прыступілі да працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях.

У сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан сказаў:
— Традыцыйна ў першыя дні снежня праводзіцца злёт працоўнай моладзі. Вы атрымалі свае першыя працоўныя месцы, пазнаёміліся з калектывамі, умовамі працы і жыцця. Напэўна, з’явіліся нейкія пытанні, якія варта было б падняць, вопыт, якім можна падзяліцца. Для гэтага і арганізаваны наш форум. Сёлета на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у вайсковых часцях пачалі працаваць больш за 200 маладых спецыялістаў. Найбольш моладзі прыбыло ў сельскую гаспадарку — больш за 50 чалавек. Шмат маладых афіцэраў прыступілі да службы ў войску.
Упэўнены, што і вы выдатна зарэкамендуеце сябе, а праз пэўны час мы будзем бачыць вашы партрэты на раённай Дошцы гонару.
-1-
Затым адбылося ўзнагароджанне. Першыя ўганараваныя наўрад ці змаглі б ацаніць значнасць моманту — яны яшчэ зусім маленькія. Дзяніс Ляхаў і Крысціна Жданава нарадзіліся ў асаблівы дзень — Дзень міру (21 верасня). Свята зацверджана Генеральнай Асамблеяй ААН у знак памкненняў усіх людзей свету за адмаўленне ад вайны.
Сям’я Ляхавых жыве ў Межыцы, у кватэры камерцыйнага фонду. Тата Васіль Віктаравіч працуе ў сельскай гаспадарцы, механізатарам ААТ “Палац працы-Агра” Чашніцкага раёна. Сёлета ён стаў лепшым маладым камбайнерам Чашніччыны, разам з памочнікам Андрэем Тышкевічам намалацілі 780 тон збожжа. Мама Ганна Сяргееўна да выхаду ў адпачынак па доглядзе дзіцяці працавала ў Горскім дзіцячым садку.
Дзяніс — трэці сын у сям’і, у бацькоў падрастаюць пяцігадовы Глеб і трохгадовы Ілья.
А Крысціна Жданава жыве ў Бароўцы. Яе тата Віктар Аляксандравіч працуе аператарам кацельні ў КУВП “Бароўка”, дае цяпло і гарачую ваду ў кватэры. Мама Таццяна Эдуардаўна да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала ў Лепельскім ваенным санаторыі. Старэйшы брацік Кірыл сёлета пайшоў у першы клас Бароўскай школы.
img_5864Сертыфікаты і прэміі Дзецям міру, цяпер так можна называць Дзяніса і Крысціну, уручыў старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру Ігар Урбан.
-2-
У рамках свята адбылося і ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурсу на лепшае маладзёжнае падвор’е ў сельскай мясцовасці. На працягу лета і пачатку восені конкурсная камісія разглядала заяўкі з сельвыканкамаў, аб’язджала падворкі. Выбраць лепшых было цяжка, бо ў вёсках жыве даволі шмат маладых сем’яў, якія імкнуцца зрабіць сваё жыллё лепшым, прыгажэйшым, з гарадскімі выгодамі і зручнасцямі.
Першае месца прысудзілі сям’і Дзямко са Слабады. Юлія і Алег жывуць у доме, які пабудавалі ўласнымі рукамі. У сям’і падрастае дачушка Насця, а летась нарадзіўся Жэня. Вакол дома высаджана шмат кветак, для дарослых і дзяцей зроблены пляцоўкі для адпачынку і гульняў. Алегу Аляксандравічу ўручылі каштоўны падарунак — гумавую лодку.
Другое месца заняла сям’я Грабавенкаў з вёскі Чарэйшчына. Руслан Пятровіч і Яўгенія Іванаўна працуюць у мясцовым ААТ “Чарэйшчына”. Іх сыны Мікіта і Арсеній падрастаюць памочнікамі, надзейнай апорай бацькам. Трэцяе месца камісія прысудзіла сям’і Мікалая і Вольгі Судак з вёскі Стары Лепель. Бацькоў кожны дзень радуюць дачка Ліза і сын Ягор.
За ўдзел у конкурсе адзначана падвор’е Станіслава і Ірыны Грушкавікоў з вёскі Баброва. Ірына выхоўвалася ў шматдзетнай сям’, а зараз і сама выхоўвае траіх дзетак.
Якія пытанні хвалююць перш за ўсё маладых людзей? Вядома ж — жыллёвыя. Многія жывуць з бацькамі, тыя, хто прыбыў з іншых рэгіёнаў рэспублікі, вымушаны вырашаць надзённае пытанне самастойна або з дапамогай адміністрацый сваіх прадпрыемстваў. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Пшонка коратка распавёў пра ўмовы пастаноўкі на чаргу, пра бліжэйшыя планы шматкватэрнага будаўніцтва ў Лепелі.
-3-
Маладыя людзі, якія пачынаюць свой вялікі жыццёвы шлях, ствараюць і сем’і. Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення ўспамінаюць, што менавіта на першым месцы працы сустрэлі сваё каханне. І далейшы сямейны этап — дзеці. Пра заключэнне шлюбаў распавядала спецыяліст аддзела запісаў актаў грамадзянскага стану райвыканкама Вікторыя Пшонка.
Пасля дзелавых гутарак і выступленняў пачаўся канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры. Тут былі і музычныя нумары, як, напрыклад, выступленне на цымбалах Ганны Шпакоўскай. Аказваецца, цымбалы — гэта не проста інструмент, на якім можна толькі лявоніху ці польку сыграць. Майстар можа выканаць практычна любую сучасную кампазіцыю.
Сцэнка “Малады спецыяліст” у выкананні артыстаў народнага тэатра “Балаган” Віталя Хватынца і Юрыя Белянкова была вельмі цёпла і прыхільна ўспрынята аўдыторыяй. Гледачы ад душы смяяліся і пляскалі ў далоні.
А лепельскія спевакі чарговы раз паказалі высокі ўзровень свайго выканальніцкага майстэрства. Іх галасы ніколі не пакідаюць раўнадушнымі.
Пасля мерапрыемства гледачы не спяшаліся разыходзіцца. Маладыя спецыялісты знаёміліся, растлумачвалі канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі, з якімі ўжо давялося сутыкнуцца, прапаноўвалі свае варыянты вырашэння. Менавіта так, з першых таварыскіх сустрэч, пачынаецца вялікае сяброўства, якое людзі праносяць праз усё далейшае жыццё.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: дружная сям’я Ляхавых: Васіль, Ганна і сынок Дзяніс (Глеб і Ілья засталіся дома); Ігар Урбан уручае грамату за трэцяе месца ў конкурсе лепшых падворкаў Вользе Судак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>