Что же существенного удалось сделать в этом году в непростых условиях финансового дефицита?

У кабінет старшыні Каменскага сельсавета Мікалая Сініцына зайшоў наведвальнік. Прасіў дроў. Дакладней, не дроў прасіў, а магчымасці іх нарыхтаваць. Правільна кажуць: “Не давай чалавеку рыбы, дай яму вудачку, каб меў магчымасць налавіць”. Наведвальнік — былы вайсковец Аляксей Часнакоў. Жыве ў Бароўцы, а ў Парэччы купіў дачу. Займаецца аграэкатурызмам. Так што дача “працуе” і, адпаведна, трэба, каб была “ў тонусе”. Дроўцы ў печцы выпаліць, лішнія не будуць. І асабліва калі яны бясплатныя.
Справа ў тым, што ў Камені, ды і ў іншых вёсках сельсавета, пачалі даваць людзям магчымасць высекчы на дровы алешнік, якім пачалі ўжо зарастаць і вёскі, і ўзбочыны дарог, і нават агароды. Алешніку толькі дай волю — усюды размножыцца-разрасцецца, усё дзікімі кустамі пакрыецца. Сякуць людзі бясплатна, паліва сабе на зіму нарыхтоўваюць. Усё па законе, з дазволу райвыканкама. Дастаткова толькі падаць заяву ў сельвыканкам. Мікалай Мікалаевіч кажа, што хутка ўжо набярэцца пад сотню такіх заяў. Хай людзі будуць зацікаўленымі, хай стараюцца. І ўладзе добра, і людзям выгадна. Адна ўмова — каб пад корань усё чыста за сабою прыбіралі і не высякалі разам з алешнікам іншых дрэў: клену, ясеню, дубу.
Вось і яшчэ адну праблему ў сельсавеце вырашылі, і мясцоваму КУПу зараз будзе меней клопату. Куп мясцовы па-ранейшаму займаецца зборам у насельніцтва малака, хоць ужо зусім не тыя аб’ёмы здаюць і статак не той. Два ўчасткі абслугоўваюць, на каменскім — пяцьдзясят шэсць прыватных кароў, на баброўскім — шэсцьдзясят восем. І агароды людзям апрацоўваюць. Ёсць для гэтага трактарок універсальны: што прычэпіш, тое і рабі. Можна плуг з адвалам, можна культыватар і г.д. Праўда, і тут ужо попыт зусім не той, які быў у пачатку існавання КУПа. Хаця, здавалася б, і расцэнкі па сабекошце. Часам нават страты прыносіць апрацоўка. Не будзеш жа ў бабулькі за пяць барознаў шалёныя грошы браць. А чаму знізіўся попыт? Таму што ўласная апрацоўчая тэхніка ў людзей з’явілася. Толькі вялікіх трактароў у насельніцтва больш як шэсцьдзясят, не кажучы пра мотаблокі. А яшчэ і прыватныя камбайны прыходзяць на змену дзяржаўным. У Чарэйшчыне, напрыклад, прыватны камбайн ёсць у Марата Чувіліна, у Губіне — у Аляксандра Ладзіка. Старшыня лічыць: “Хай дапамагаюць прыватнікі, хай здымаюць напружанне пад час уборачнай”.
Тым часам год падыходзіць да завяршэння. Што ж істотнага ўдалося зрабіць сёлета ў няпростых умовах фінансавага дэфіцыту? Завяршылі рэканструкцыю помніка ахвярам фашызму ў Барках — яўрэйскае пахаванне. Рэканструкцыю праводзілі за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян. Больш за тры тысячы рублёў сабралі, і сельсавет яшчэ даплаціў каля тысячы. Урачыста помнік адкрылі 9 Мая. Былі госці з ЗША, Германіі, Санкт-Пецярбурга, Самары. Справіліся з рамонтам помніка і ў вёсцы Губіна. Там пайшло трынаццаць тысяч рублёў. Плануюць яшчэ паднавіць і ў Двор Бабчы, відаць, гэта ўжо будзе ў наступным годзе. Патрэбна каля сямі тысяч рублёў.
Наводзяць парадак і на ўсіх васямнаццаці могілках: вывозяць смецце, выразаюць аварыйныя дрэвы. У Катоўшчыне выразалі сем дрэў, у Макараўшчыне — восем, чатыры — у Пясках, шэсць — у Балотніках, двух аварыйных дрэў пазбавілася каменскае ўрочышча Баркі. У Макараўшчыне ўстанавілі два новыя кантэйнеры для вывазу смецця.
Зрэшты, абуладкоўваюць не толькі могілкі. Дзесьці трэба было дарогу адрамантаваць, як вунь у Балотніках і Стараселлі, дзесьці — стары дом знесці, як, зноў жа, у Стараселлі і Парэччы. Між іншым, ад самага пачатку ў сельсавеце знеслі сто дваццаць сем лядачых дамоў. А гэта немаленькая вёска. Згадзіцеся, без такой важнай справы непрывабна выглядалі б вёскі. Вось прыехалі госці з Докшыцаў, з Чашнікаў на семінар па вывучэнні вопыту работы мясцовага КУПа і кажуць: “Як у вас тут хораша ў Камені!”. Дзіва што. Толькі ў адным аграгарадку дзясяткі два такіх дамоў дакладна знеслі. А калі б яны стаялі ды мазолілі вочы? Хіба выглядаў бы так аграгарадок?
Вырашаюць па меры ўзнікнення бягучыя праблемы з вадою. Цёмна стала — гараць ліхтары ва ўсіх вёсках. Праўда, дзесьці можа і занадта гараць. Там стараюцца ўстанаўліваць гадзіннікавае рэле, каб святло не паліць усю ноч, а толькі калі неабходна — па некалькі гадзін увечары і раніцою. Грошы трэба эканоміць.
Так, трэба эканоміць, бо невядома, дзе іх браць, самі з неба не падаюць. Можа б, і больш зрабілі па добраўпарадкаванні — былі б фінансы. Спрабуюць крыху зарабіць на продажы зямельных участкаў з аўкцыёна, балазе мясцовасць для гэтага прыдатная — прыгожы ландшафт, шмат азёр. Купляюць. Купілі васямнаццаць участкаў: шаснаццаць — у Бары і па адным у Курмялёўцы і Катоўшчыне. У апошняй яшчэ два ўчасткі рыхтуюць на аўкцыён і чатыры распрацоўваюць для продажу ў Двор Парэччы. Усяго ж за дзесяць апошніх гадоў прадалі не меней за семдзесят зямельных участкаў. Вось табе і грошы. Толькі сёлета выручылі ад продажу каля сарака тысяч рублёў. Зусім не лішнія грошы, бо кожная капейка дарагая.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>