Конфеты и шампанское — участникам торжественных церемоний

img_5330Што патрэбна чалавеку на пенсіі? Утульная хата, адносная матэрыяльная забяспечанасць, а таксама тыя людзі, хто патрэбентабе і каму патрэбен ты. Усё гэта ёсць у Аляксандры Цобанавай.

 

Кватэру атрымала, калі яшчэ працавала ў ЗАГСе. Пенсію заслужыла дастатковую, каб адчуваць сябе даволі ўпэўнена ў гэты няпэўны час. І ёсць чалавек, якому прысвяціла жыццё дзеля таго, каб быць яму патрэбнай. Праўда, зараз гэтага чалавека няма побач — сын Юрый жыве і працуе ў Маскве, але ж ёсць каго чакаць, ёсць пра каго думаць, ёсць дзеля каго жыць.
І ўсё ж не кожнаму чалавеку дастаткова толькі таго, пра што я сказаў. Многім, асабліва пенсіянерам, часам не хапае запатрабаванасці, бракуе стасункаў. Запытаўся ў Аляксандры Іванаўны, як яна сябе адчувае на бязлюдным востраве сваёй прасторнай гарадской кватэры.
Усміхнулася, адказала, што няма часу звяртаць увагу на адзіноцтва, бо яго, адзіноцтва, як бы і няма: шмат знаёмых, ёсць сябры. З лепшай сяброўкай Нінай Качаноўскай сябруюць па жыцці, часта адна ў адной бываюць, тэлефануюць і г.д. А запатрабаванасць — катэгорыя адносная. Гледзячы, хто што пад гэтым мае на ўвазе. Не заўсёды абавязкова мець службовы кабінет, каб адчуваць сябе патрэбнай людзям. А таму пенсіянерам, якія працуюць, яна заўсёды кажа: няма грошай, ёсць здароўе — працуйце.
А грошы — таксама адносная катэгорыя. Іх заўсёды не хапае і ніколі ўсіх не перабярэш. Працаваць на пенсіі не стала — стамілася, бо няпростая была работа. Сёлета ЗАГСу спаўняецца сто гадоў, дык вось трыццаць з іх узначальвала аддзел Аляксандра Іванаўна. Хто думае, што ў ЗАГСе працуюць толькі па суботах, што там п’юць шампанскае і закусваюць цукеркамі, той памыляецца. Цобанава ўвогуле не любіць шампанскага…
А прыступіла да сваіх нялёгкіх абавязкаў Аляксандра Іванаўна ў семдзесят сёмым годзе. Дагэтуль была СШ №2, вучоба ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце. Вучылася на настаўніцу. У школу і накіравалі працаваць. Давялося ездзіць у Велеўшчыну. Туды аўтобус адпраўляўся ў шэсць раніцы, а назад дабіралася на спадарожным транспарце. І на лесавозах ездзіла, і на малакавозах. І так два гады. Вечарам ужо цёмна. Стаіць на прыпынку, запалкамі чыркае, думае, што гэтым самым ваўкоў адпужае. А калі паявілася вакансія ў гарадскім ЗАГСе, з радасцю пайшла. Побач, у адным кабінеце, працавала з Нінай Калітуха. І стала Ніна Міронаўна яе першай працоўнай настаўніцай. Вопытны спецыяліст шмат чаму навучыла маладую работніцу.
Праца ў ЗАГСе зусім не салодкая. Цукеркі і шампанскае — удзельнікам урачыстых цырымоній, а ты ўсяго толькі статыст і службовы выканаўца. У цябе заўсёды павінна быць усмешка на твары і свята ў душы, якім бы ні быў настрой. У цябе пяро крыжыкавае і туш. А каб туш не распаўзлася і не сапсавала дакументы — анучка. Абмакнеш пяро ў туш, акуратна на анучку пакладзеш і толькі пасля пішаш. Затым, праўда, прыйшлі шарыкавыя ручкі, пасля друкавальныя машынкі. Аляксандра Іванаўна застала і камп’ютары. Аднак сутнасць працы бадай і не змянілася за ўсе гэтыя гады.
Акрамя рэгістрацыі шлюбаў выпісвалі пасведчанні аб смерці. І перажываеш, і плачаш разам з людзьмі. Шмат было працы, калі пачалі выязджаць яўрэі. Перш чым выехаць, яны ўзнаўлялі свае былыя імёны, якія насілі да вайны. Трэба было падымаць даваенны архіў, які не паўсюль захаваўся. Працавалі і па выхадных.
Калі надышоў пенсіянерскі ўзрост, у Аляксандры нечакана памерла родная сястра. Тут ужо было не да ўрачыстых цырымоній, працаваць далей Цобанава не магла псіхалагічна і вырашыла, што дастаткова, трэба сыходзіць з дыстанцыі. І ніколі пасля пра тое не пашкадавала.
Усё лета праводзіць Аляксандра Іванаўна на дачы — у бацькоўскім доме ля гарадскога парку. Тут хораша. Хоць бацькоў ужо даўно няма, аднак адчуваецца іх духоўная повязь. Тут і Юра вырас. Усе свае апошнія гады прысвяціў унуку дзядуля, марыў дажыць, калі той пойдзе ў школу. Не атрымалася. Пайшоў з жыцця, калі Юрку было чатыры гады.
У бацькоўскім доме ўсё нагадвае пра маленства. У садзік дзеці не хадзілі, усе выраслі ў бабулі, тая ткала. Маці шыла, вязала. Аляксандра і сама можа звязаць і світар, і шкарпэткі. Дома была вялікая гаспадарка: карова, свінні, пасля — козы. Прывыкла змалку і да зямлі. Не сказаць, каб яе так ужо да зямлі гарнула, аднак усё неабходнае з агарода Аляксандра Іванаўна мае. І ў лес у ягады з’ездзіць, і насоліць, і нарыхтоўвае ўсяго. Хочацца ж даць сыну, які пакуль не жанаты.
А калі агародны сезон заканчваецца, Цобанава пасяляецца ў гарадской кватэры. На дачы паяўляецца, толькі каб выпаліць у печы, там жа ў яе кветкі. Доўгімі зімовымі вечарамі сядзіць ля тэлевізара ці за камп’ютарам, чытае любімыя раманы Дар’і Данцовай, перачытала Чэхава, тэлефануе сябрам і знаёмым. Не застаецца часу сумаваць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аляксандра Іванаўна Цобанава.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>