У меня много друзей, соберемся вместе и посадим сквер

img_9690У №92 нашай газеты за 17 лістапада была змешчана публікацыя “Генеральны план Лепеля”, дзе абвяшчалася пра пачатак грамадскага абмеркавання плана развіцця і будаўніцтва нашага горада ў перспектыве да 2030 года. Аўтар гэтых радкоў звярнуўся да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталлі Кляшторнай з просьбай распавесці, як праходзіць грамадскае абмеркаванне, наколькі лепяльчане актыўныя.

— Наталля Леанідаўна, у чым важнасць грамадскага абмеркавання генплана?
— Справа ў тым, што генеральны план ствараецца ўнітарным прадпрыемствам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва “Белндіпгорадабудаўніцтва”. Аднак прадпрыемства і яго спецыялісты знаходзяцца ў Мінску, сюды прыязджаюць у камандзіроўкі, асноўныя матэрыялы па планаванні бяруць з геапарталу. Аднак жа мы, лепяльчане, жывём тут, у нашым горадзе, кожны дзень ходзім і ездзім па яго вуліцах, працуем на прадпрыемствах, будуем дамы, добраўпарадкоўваем тэрыторыю — лепш за ўсіх яго ведаем. І каму, як не нам, уносіць прапановы па паляпшэнні ўмоваў нашага жыцця і працы.
Генеральны план распрацоўваецца. Пакуль ён не зацверджаны, любы жадаючы можа ўнесці прапановы, якія ён лічыць важнымі і карыснымі. Ад месца пабудовы прадпрыемства ці жылога дома да пункта ўстаноўкі аўтобуснага прыпынку ці абуладкавання зон адпачынку. Усе прапановы будуць разгледжаны і, калі іх палічаць слушнымі, будуць уключаны ў генплан.
— А якія прапановы ўжо паступалі?
— І пад час абмеркавання генеральнага плана, і раней паступіла некалькі зваротаў грамадзян. У прыватнасці, галоўны ўрач УАЗ Аляксандр Капытаў прапаноўваў, каб у лясным масіве за былым аўтадромам — дзе былі секцыі джып-трыялу — зрабіць зону адпачынку з веласіпеднымі дарожкамі. Летам каб можна было бегаць і катацца на роварах, а зімой — на лыжах. Дарэчы, мы гэту прапанову пераказвалі спецыялістам УП “Белндіпгорадабудаўніцтва”. Тыя прызналі яе слушнай і развілі, прапанавалі ў кожным раёне горада, асабліва ў перспектыўных, стварыць падобныя тэрыторыі адпачынку, спартыўныя пляцоўкі. Напрыклад, спартыўнай пляцоўкай кшталту той, што зроблена на Галодніках, прапануецца аснасціць зону адпачынку за былым аўтадромам. Лясны масіў паміж Лепелем і вёскай Куляшы таксама прапанаваны пад падобную зону адпачынку са спартыўнай пляцоўкай.
* * *
Прадпрымальнік Пётр Докіш выказаў прапанову стварыць сквер ля квартала перспектыўнай індывідуальнай забудовы.
Пра ідэю скверу карэспандэнту распавёў сам яе аўтар:
— Мой дом стаіць адразу за будынкам міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення. Калі я атрымліваў зямлю, на ўчастку быў натуральны сметнік, несвядомыя жыхары навакольных дамоў скідвалі ўсялякі друз. Адначасова з пачаткам пабудовы пасадзіў побач каштаны, ліпы, дубкі, выкапаў сажалку. Атрымаўся прыгожы куток. Я люблю прыродную прыгажосць, нашы лясы, таму лічу, што нельга дапускаць, каб зямля пуставала, зарастала хмызняком.
Перад маім домам будуецца вуліца, праезд да новага квартала індывідуальнай забудовы на месцы былога аўтадрома. На процілеглым баку будаўніцтва не плануецца па шэрагу прычын, найперш, наколькі ведаю, з-за няўстойлівага грунту. Каб зямля не пуставала, не зарастала хмызняком, прапаную разбіць там сквер і засадзіць культурнымі, дэкаратыўнымі дрэвамі і кустамі. Атрымаецца выдатная зялёная тэрыторыя.
— Аднак саджанцы могуць каштаваць вельмі дорага. Напрыклад, у алеі чырвоных канадскіх дубоў кожны каштаваў па 28 рублёў.
— У тым і яшчэ адна адметнасць маёй прапановы. Па-першае, я планую не выкарыстоўваць экзатычныя ці інвазіўныя расліны, а высаджваць нашы дрэвы і кусты. На лепельскай зямлі стагоддзямі растуць дубы чарэшчатыя, бярозы, ліпы, клёны, вольхі шэрыя і чорныя. Няма праблем раздабыць саджанцы гэтых дрэваў.
Па-другое, у мяне шмат сяброў, папрашу іх, збяромся разам ды пасадзім сквер, няхай сабе расце. Ад гарадскіх уладаў прашу толькі дазвол, астатняе зробім самі. Такім чынам, спадзяюся, Лепель і лепяльчане атрымаюць новае зручнае і прыгожае месца для культурнага адпачынку.
* * *
Вяртаюся да размовы з Наталляй Кляшторнай.
— Якія яшчэ прапановы ўносіліся?
— Лепяльчанін Міхаіл Жарнасек прапанаваў арганізаваць міні-базар у раёне новабудоўляў, каля супермаркета “Хатні”. Матывуе, што там жыве даволі шмат людзей, якія былі б патэнцыйнымі пакупнікамі сельскагаспадарчай і лясной прадукцыі. Акрамя гэтага, для людзей было б зручна, калі б супермаркет і міні-базар функцыянавалі паблізу, дапаўнялі адзін аднаго. Занатавалі ў журнал і яго прапанову, будзем разглядаць.
Прапановы па ўдасканаленні генеральнага плана Лепеля будуць прымацца да 11 снежня ўключна.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Наталля Кляшторная перад генеральным планам забудовы Лепеля.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>