Салдацкі медальён

У  школьным краязнаўчым музеі Слабадской СШ захоўваецца, на мой погляд, вельмі цікавы экспанат. Не, ён не прэтэндуе на выключнасць, бо можа і шмат дзе ёсць такія. Ён не арыгінальны, але ж вельмі і вельмі дарагі вучням, якія ў краязнаўчым гуртку “Нашчадкі” пад кіраўніцтвам настаўніка Валерыя Уладзіміравіча Тухты займаюцца пошукавай справаю. Тут захоўваецца медальён часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі простая рэч — капсула з эбаніту чорнага

колеру і ў ёй трубачкай згорнутая паперка, дзе выцвілымі чарніламі напісаны звесткі пра чалавека.

Яны амаль не чытаюцца, хіба толькі эксперты могуць дайсці да іх сэнсу.

Трапіў медальён у школьны музей гады два таму, калі юныя следапыты пачалі ствараць экспазіцыю, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тады падумалі, а чаму б не вярнуць  “свой” медальён, які яны маюць поўнае права захоўваць у школьнай экспазіцыі, бо непасрэдна спрычыніліся да яго пошуку. Зрабілі запыт у Міністэрства абароны з просьбаю перадаць ім на захоўванне гэты экспанат. І просьбу іх задаволілі.

Бываюць рэчы, кошт якім — не рублі і не долары…

Аднойчы “нашчадкаўцы” вярталіся з чарговай вандроўкі па навакольных вёсках. Яны часта ў вандроўках — то пехатою, то на веласіпедах ездзяць. Вось і тут, стомленыя-здарожаныя, спыніліся ў невялікай вёсачцы Сталюгі. Раскінулася вёсачка паабапал дарогі з Лепеля на Барысаў. Шлях гэты зараз ужо не такі бойкі, рэдка хто праедзе, ёсць іншыя дарогі. А раней, прынамсі, у сорак першым, у пачатку вайны, гэта была стратэгічная дарога, па якой фашысцкія войскі рушылі на ўсход, і ў сорак пятым, зноў жа, Чырвоная Армія гнала па ёй ворага на захад.  Па гэтай дарозе напрыканцы жніўня ці ў пачатку верасня сорак першага немцы гналі калону нашых ваеннапалонных, што трапілі ў акружэнне пад Віцебскам. Гналі як быдла, па-іншаму не скажаш: спёка, смага, ні паесці, ні папіць. Хто знямогся і пачаў адставаць — прыстрэльвалі. І хто ведае, колькі іх, няшчасных, палегла ў той жудасны час паабапал гэтага крывавага бальшака!

Міжвольнымі сведкамі тых падзей сталі жыхары навакольных вёсак. На жаль, амаль нікога ўжо з іх не засталося ў жывых. Але ў Сталюгах “нашчадкаўцы” нечакана натрапілі на аднаго з іх. Івану Міхайлавічу Мільчаніну было ў той час гадоў восем. Але ўчэпістая дзіцячая памяць захавала многае.  Прынамсі, Іван Міхайлавіч распавёў нам пра тое, што на ўскрайку дарогі, у маладым тады яшчэ сасняку, былі пахаваны некалькі загінулых чырвонаармейцаў. Ён нават, нягледзячы на ўзрост, падахвоціўся пайсці з дзецьмі ў лес і паказаць тое месца.  І вось яны падбіраюцца пад гару, дзе бойкая жвіроўка паварочвае на вёску Велеўшчына, збочваюць улева. “Здаецца, тут”, — кажа дзядуля, але як ні ўзіраецца ён у падножжа таўстастволых бяроз, якіх нарасло тут за час пасля вайны, — усё марна. Нідзе не бачна нават прыкмет аніякага пахавання. Дзіва што! Колькі часу прайшло. Магчыма, магілу зруйнавалі пад час рэканструкцыі дарогі, якую праводзілі пасля вайны.

І тады яны вырашылі шукаць. Шэсць дзён запар, як на працу, прыязджалі на веласіпедах у гэты лясны масіў, прачэсвалі кожны куточак лесу, узіраліся ў  навакольны ландшафт, старанна аглядвалі дрэвы, імкнучыся знайсці хоць якую падказку ці зачэпку, якую пакінула тут прырода.  Не гублялі надзеі, але ўсё марна. Надзеі з кожным днём усё меншалі. А тут і надвор’е пачынала псавацца. І тады Валерый Уладзіміравіч Тухта прымае рашэнне спыніць пошук, ці, прынамсі, адкласці яго да лепшых часоў, калі нала­дзіцца надвор’е.

Стаяла непагадзь, і настаўнік пашкадаваў дзяцей, а сам па-ранейшаму працягваў шукаць. Недаследаваным заставаўся яшчэ невялікі кавалак лесу на значнай адлегласці ад таго месца, якое ўказаў Іван Міхайлавіч Мільчанін. І вось менавіта там ля невялікага раўка  настаўнік знайшоў “падазроны” бугарок. А паколькі дзядуля казаў, што пасля вайны там устанаўлівалі крыж, то месца павіннна было быць на той час заўважным. Прымяўшы высокую траву і чарнічнік, Валерый Уладзіміравіч убачыў штосьці вельмі падобнае да магілы.

А ўжо назаўтра ўсе былі там — насілі каменне, абкладвалі па перыметры магчымае пахаванне.

А потым на гэтае месца прыйшлі салдаты з 52-га пошукавага батальёна, з якімі даўно ўжо сябруюць юныя следапыты. Не раз бывалі ў іх у гасцях, знаёміліся з іх пошукамі і знаходкамі. Дзецям гэта вельмі цікава. Некалькі дзён вайскоўцы раскапвалі магілу, падымаючы на паверхню астанкі чырвонаармейцаў. Урэшце яны знайшлі медальён і адразу ж адправілі яго на экспертызу. Усяго ў пахаванні аказалася дванаццаць чырвонаармейцаў, але медальён знайшлі толькі адзін. Экспертыза паказала, што належаў ён чырвонаармейцу, кулямётчыку Фёдару Мікітаві­чу Сакалову, які нарадзіўся ў 1916 годзе ў Цвярской вобласці.

Тым часам знойдзеных чырвонаармейцаў урачыста перазахавалі ў брацкай магіле ў вёсцы Велеўшчына. А ў Расію панеслася вестка пра тое, што ўстаноўлена імя яшчэ аднаго героя Вялікай Айчыннай вайны. Там яе некалькі дзесяцігоддзяў чакалі жонка, сын і ўнучка загінулага. Жонка, на жаль, не дачакалася — некалькі гадоў таму памерла. Але пра лёс бацькі даведаўся сын, які, вядома ж, самога бацьку наўрад ці памятае. Паштовы адрас мясцовасці, з якой паходзіў Фёдар Сакалоў,  пошукаўцы знайшлі ў інтэрнэце. Накіравалі туды запыт. І ў адказ атрымалі канкрэтныя адрасы, па якіх жывуць сын і ўнучка воіна-чырвонаармейца, а таксама яго фота­здымак, з якога глядзіць на нас малады хлопец у цы­вільным. Такім Фёдар Сакалоў адыходзіў на вайну, яшчэ не ведаючы, што з яе не вернецца. Такім ён і запомніўся назаўсёды родным і блізкім. Следапыты даслалі ім лісты  і чакаюць адказу. А напамінам пра гэтую амаль дэтэктыўную і трагічную гісторыю  служыць медальён — звычайная капсула з пажоўклай паперкаю, кошт якой — чалавечае жыццё і лёс. Ёсць рэчы, якія значна даражэй, чым золата…

  Уладзімір МІХНО.

  На здымку: Фёдар Сакалоў (даваенны здымак).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>