Просто интересы разные, увлечения, у каждого свой круг друзей

img_5338 Просты аловак — ён усё ж не такі і просты, як можа паказацца. Няхай сабе яму бракуе рознакаляровай гаммы, затое малюнкі з-пад простага алоўка выглядаюць строга, акадэмічна, канкрэтна і  прыгожа. Вось так, на мой погляд, выглядаюць і лёсы двух падлеткаў, пра якіх хачу распавесці. Жэня і Лёша Залатухі — родныя браты. Аднаму — чатырнаццаць, другому — на год-два болей. Жывуць у Стаях, вучацца адпаведна ў дзявятым і дзясятым класах, абодва выдатнікі. На гэтым, бадай што, можна і спыніцца, калі толькі абазначаць контуры іх кароткіх жыццёвых біяграфій. Аднак у кожнага ёсць яшчэ душа, і вельмі б хацелася хоць крыху прыадкрыць яе, зазірнуць. Спадзяюся, і чытачу гэта будзе цікава.

Не магу сказаць, што хлопцы пры першай жа сустрэчы з карэспандэнтам раскрылі сваю душу і мне ўдалося ў яе заглыбіцца. Выглядалі даволі зацята і нерашуча, адказвалі на пытанні стрымана і нешматслоўна. Відавочна хваляваліся. А ўсмешка на твары толькі спраўджвала тое хваляванне. Чаму былі гэткімі стрыманымі — не ведаю. Аднак сёе-тое ўдалося ўсё ж “прачытаць” паміж радкоў іх кароткіх біяграфій.
Напрыклад, ведаю, што жывуць браты кожны сам па сабе. І нават са школы вяртаюцца паасобку. Ды не, яны не варагуюць. Проста інтарэсы розныя, захапленні, у кожнага сваё кола сяброў. Ды спачатку пра тое, што іх аб’ядноўвае. Ветлівыя, тактоўныя, таварыскія і, разам з тым, сціплыя. Ды гэта ў іх сямейнае. Бацькі заклалі, як кажуць, залатое зернейка. Аб’ядноўвае і спорт. Паглядзіш, у Стаях амаль усе падлеткі спартыўныя. Вось і Жэньку ўбачыш то на футбольным полі, то на баскетбольнай ці валейбольнай пляцоўцы, займаецца лёгкай атлетыкай. У мінулым годзе двойчы ездзіў на абласныя спаборніцтвы — па біятлоне і шматбор’і. Без Лёшкі, напэўна, таксама б валейбольная каманда дзясятага класа выглядала даволі нецікава, ды і на раённых спаборніцтвах як без яго абысціся! Гуляюць, праўда, на розных пляцоўках — клас супраць класа. Малодшым даюць гэтакзваную “фору” — некалькі балаў у запас.
Вось, бадай, і ўсё, што ёсць агульнага ў братоў. Нават праца па гаспадарцы ў іх падзелена. Цярплівы і карпатлівы Жэнька можа сядзець на агародзе і гадзінамі палоць градкі. Няўрымсліваму Лёшку падавай сякеру — з задавальненнем будзе секчы дровы.
-2-
Летам бягуць на возера ці коцяць туды на веліках — зноў жа, кожны ў сваёй тусоўцы. Жэня зусім не супраць пасядзець з вудачкай на беразе Святога возера і зганяць на Люсеніцу. А ў Лёшкі тым часам “на вудачцы” ўжо дзяўчаты. Цікава, што хлопец да гэтага часу не страціў ахвоты да народных танцаў і на сцэне адчувае сябе камфортна. Не кожны падлетак у шаснаццаць гадоў з ахвотай займаецца танцамі. Відаць, у Лёшкі гэта адзін са спосабаў самавыражэння.
А вось пра “самавыражэнне” яго брата ведаюць нават у Віцебску. Справа ў тым, што Жэня з уласцівымі яму вытрымкай і імпэтам захапіўся камп’ютарам. Не проста сядзіць “УКантакце” ды паслухае любімую музыку — Макса Коржа, Міягі і г.д. А менавіта захапіўся праграмаваннем. Больш таго, вырашыў нават стварыць “сваю гульню”. Змест сваёй камп’ютарнай гульні прымхлівы хлопец не раскрыў, сказаў толькі, што пабудавана на гістарычным матэрыяле. Жэневы праграмісцкія здольнасці заўважылі ў школе і тут жа скіравалі ў патрэбнае рэчышча. Хлопец прыняў удзел у школьнай алімпіядзе па інфарматыцы. Спачатку заняў другое месца на раённым узроўні, а затым паехаў на вобласць. І, зноў жа, — другі вынік. Кажуць, што ён адзіны ў раёне падлетак, які дабіўся такога поспеху на алімпіядзе па інфарматыцы. У будучым бачыць сябе праграмістам і збіраецца паступаць у БДУІР, балазе патэнцыял мае, бо з паспяховасцю праблем пакуль няма.
А вось у асобе яго брата Лёшкі расце будучы фармацэўт. Камп’ютарам ён таксама захапляўся, нават трапіў на раённую алімпіяду, хаця і не з тым поспехам, як брат, але затым пераключыўся на хімію, біялогію, каб урэшце здзейсніць свой намер стаць фармацэўтам.
Зрэшты, ёсць і яшчэ ў братоў агульны інструмент — просты аловак. З дапамогаю яго хлопцы малююць. Не скажаш, што іх карціны паўнавартасныя. Хутчэй, штрыхі, накіды, эскізы. Бяруць малюнкі ў інтэрнэце, скажам, персанажы з анімэ і інш. І ўвасабляюць іх на паперы з уласцівай падлеткам фантазіяй. Пра іх мастацкія здольнасці ў школе ведаюць. Аднак малюнкі пакуль што ўпрыгожваюць хіба што пакой дома. Хто ведае, магчыма, некалі ў Стайскай школе паявіцца персанальная выстава братоў Залатухаў — работы, выкананыя простым алоўкам. Як бачым, не такі ўжо і просты іх падлеткавы лёс.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: Лёша і Жэня Залатухі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>