Хвашчова

У 1906 годзе ў вёсцы Хвашчова Каменскай воласці Лепельскага павета налічвалася 12 двароў, 92 жыхары. Напачатку 30-х гадоў працавалі калгас “Пуцілавец” і кузня. У 1940 годзе мелася 26 падворкаў, 95 жыхароў. У вайну немцы спалілі вёску. На 1997 год было пяць падворкаў і сем жыхароў.

 Пры ўездзе ў Хвашчова адразу кінуліся ў вочы абжытыя пабудовы. Лёгка адрозніваліся хаты ад дачных гмахаў. Спачатку скіраваліся да сядзібы на самай высокай горцы. Жытло стаіць на сямі вятрах, затое позірку

паўстаюць вясковая панарама, дрыготкая сінеча Чорнай Урады, пустка на месцы блізкай былой вёскі Мішулькі і ўзгорыстыя палявыя далягляды, далягляды, далягляды…

 Хата старэнькая, аднак даволі трывалая і дагледжаная. Не абгароджаная, бо плот тут толькі лішняя перашкода — аселіца, цішыня, ніхто не ходзіць.

 Па санях у двары здагадаліся, што тут трымаюць каня. За­зірнулі за хату. Малады мужчына ўскапвае агародчык. Мабыць, гаспадар.

 Так і ёсць. Леанід Ладзік. 49 гадоў. Жыве адзін у бацькоўскай хаце. Бацькі памерлі. Дзесяць гадоў збіраў малако па навакольных вёсках. Цяпер такая праца непатрэбная — кароў ніхто не трымае. Уладкавацца куды-небудзь няма магчымасці: да цэнтра акцыянернага таварыства “Ладасна” Каменя — два дзясяткі кіламетраў, цэнтра вытворчага ўчастка “Суша” — 11 кіламетраў. Не наездзішся.

 — Дык а жывеш з чаго?

 — З агарода. Агародніна, бульба свае. Дапамагае конь Джымі. Без яго не пацягнуў бы гаспадарку. Але старая жывёліна, слабая. Што без Джымі рабіць буду, не ўяўляю.

 — Возера пад бокам, галадаць не дасць…

 — Не стала ў ім рыбы пасля таго, як вадаём зрабіўся непраточным. Справа ў тым, што ў Чорную Ураду ўпадаюць рэчкі Дзіва (з возера Урада) і Бельская (з возера Бельскага). Каб злучыць гэтыя вадаёмы з Заходняй Дзвіной, да вайны пракапалі канал з Чорнай Урады ў возера Оталава, якое мела сувязь з вялікай ракой. Гарбары Лепельскага, Ушацкага, Ульскага раёнаў талакой завіхаліся, каб даць рыбе магчымасць мігрыраваць. Рыбныя запасы прыкметна павялічыліся. Аднак з цягам часу канал запоўнілі плывуны, затаўклі трубапераезды так, што рыбе не праціснуцца. Яе міграцыя спынілася, возера збяднела, за­глеілася.

*   *   *

 Яшчэ пры ўездзе ў Хвашчова звярнулі ўвагу на дыхтоўную пабудову дачнага архітэктурнага вырашэння. Сцены абабіты вагонкай пад калі­браванае бярвенне, пафарбаваны чырвоным лакам. На ўзгорыстым двары — лазня, альтанка, камін, дрывотня. Дарожкі выкладзеныя камянямі. У градках корпаецца мужчына. Знаёмімся.

 Расціслаў Мураўёў. 44 гады. Кватэру ў Віцебску пакінуў радні, а сам трэці год жыве ў Хвашчове.

 — Самотна, мабыць, аднаму…

 — Ніколькі, бо адзін бываю толькі па буднях. Справа ў тым, што дача ў нас на дваіх з сябрам. Той на выхадныя прыязджае з Віцебска, сваіх сяброў з сем’ямі прывозіць, а я сустрэчу рыхтую.

 — Без маладзіцы сумна…

 — І жанчын прывозяць.

 — А жывеш тут на якія сродкі?

 — Сябра мае ўласную фірму, а я лічуся ў штаце. Зарплату мне плаціць.

 — Што за доўгі масток у бок возера кіруецца?

 — Гэта кладкі на востраў. За імі — пірс. Можам туды схадзіць.

 Бераг роўным шэрагам капіруюць вялізныя яліны, мабыць, штучна пасаджаныя. Кладкі з тоўстых дыхтоўных дошак на надзейных слупах-козлах вядуць скрозь кусты і чаротавы зараснік.

 — І ўлетку пад мастком вада не высыхае?

 — Зрэдку здараецца ў працяглую спёку.

 — Дык жа нават цяпер тут можна прайсці ў рыбацкіх ботах…

 — Усю кампанію абуваць у гумовікі? Прасцей кладкі пабудаваць. Ды і нашмат зручней.

 Метраў праз сотню — востраў. Узгорыстая выспа сярод возера ўсланая леташняй сухой травой. Ад кладак сцежка прывяла на дыхтоўны прасторны пірс са сходамі ў ваду, перагорнутай лодкай. Прыкладна на паўтараметровай глыбіні віднеецца дно. Зручнае месца для купання.

 — Якія ў вас сувязі з Хвашчовам, што ў такім захалусці дачу паставілі?

 — Раней вясковую хату пад дачу перарабіў знаёмы прапаршчык з Віцебска. Потым у яго забалелі ногі, і ён прадаў пабудову нам. Мы яе пераабсталявалі па-свойму.

*   *   *

 — Апрача Ладзікаў у Хвашчове жылі Сергіёнкі, Казловы, Цары, Азаронкі, — пералічваў прозвішчы вяскоўцаў 73-гадовы Аляксандр Ладзік. — Сама болей на маёй памяці паўтара дзясятка двароў было.

 Аляксандр на гэтым месцы нарадзіўся. 30 гадоў адпрацаваў у Віцебску і пасля смерці бацькоў вярнуўся на бацькаўшчыну, пераабсталяваў хату пад дачу. Цяпер з жонкай Алай прыязджаюць сюды на ўсё лета. Леанід Ладзік — яго пляменнік.

 — А як у Віцебску апынуліся?

 — Гэта я яго туды звезла, — уключаецца ў размову 71-гадовая Ала. — Сама родам з сушанскага Замошша. Прыехала ў 1966 годзе ў водпуск. Пазнаёмілася з трактарыстам саўгаса “Сушанскі” Сашкам Ладзікам, забрала яго з сабой, уладкавала слесарам на камбінат хлебапрадуктаў, дзе сама працавала вет­урачом-бактэрыёлагам. Так да пенсій і не пакідалі прадпрыемства. Нашы дзеці Сяргей і Жанна — маёры міліцыі Віцебскага ўпраўлення ўнутраных спраў. Любяць прыязджаць у Хвашчова, бо ў нас тут прыволле, хараство, лазня свая.

 Нельга не пагадзіцца з характарыстыкай дачнага двара Ладзікаў. Паўз возера растуць векавыя дубы-волаты. Пад імі — лаўка для адпачынку. За тоўстымі стваламі плешчацца аб бераг Чорная Урада. З лазні можна адным скачком акунуцца ў хвалі.

 — У Хвашчове заспелі трох гаспадароў. Яшчэ хто прыязджае на бацькаўшчыну?

 — Генадзь Цар цяпер знаходзіцца ў “Святліцы”, — пачаў пералічваць Аляксандр. — Яго дзеці з Мінска і Полацка бываюць, але рэдка. Часты госць палачанін Васіль Азаронак. Не забываюць родны кут сёстры Ладзікі — Ліда з Полацка і Ліма з Сімферопаля. Вось як бывае — беларусы нясуцца ў Крым адпачываць, а Ліму Чорная Урада прыцягвае мацней, чым Чорнае мора. А яшчэ напішыце ў газеце, што бузой напаўняецца возера, травой зарастае, бо канал у Оталава плывуны пера­крылі…

 — Ведаем пра гэта ад вашага пляменніка Леаніда.

 — Няхай бы меліяратары ўзяліся ратаваць Чорную Ураду, інакш праз якую сотню гадоў ад яе застанецца хіба што балота.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: хвашчоўскія дачнікі Аляксандр і Ала Ладзікі.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>