Вчера — клецки, сегодня — драники, завтра еще что-то, мясо свое

img_5346 Хто лічыць, што ў вёсцы засталіся адны лайдакі і п’яніцы, якія не могуць зрабіць нічога вартага, няхай наведаецца ў Стаі да Зінаіды і Анатоля Пугачаў.

Іх спрытны домік пад салатавым сайдынгам, агароджаны па-сучаснаму зялёным металапрофілем, упрыгожвае вёску. Прыемна зайсці ў хату. Прыемна гутарыць з простымі людзьмі. Пугачы будавалі дом даволі доўга, не надта спяшаліся — грошы патрэбны, ды немалыя. Дзе тыя вялікія грошы ў сельскіх працаўнікоў. Ён вадзіцелем працаваў, яна эканамістам.
Калі аб’ядналі гаспадаркі, з Зацяклясся пераехалі ў Стаі. Пугачам далі спачатку кватэру ў двухпавярховіку. Хацелася асобнай хаты. Урэшце дачакаліся і асобнай. Выдзелілі недабудаваную. Гаспадары акуратна давялі да ладу, прыватызавалі.
Аднак трэба было пра дзяцей думаць. Падрасталі сыны. Старэйшы, Дзіма, жаніўся. Урэшце яму і дасталася тая хата. Бацька ж вырашыў будаваць новую, балазе была магчымасць купіць лесу. Будавалі капітальна, грунтоўна і няспешна. Толькі ў новым тысячагоддзі зрабілі ўваходзіны. Затое люба глянуць на хатку — прыгожая, прасторная, утульная. Нават лістападаўская слота не можа сапсаваць прыемнага ад яе ўражання. Уяўляю, што тут бывае ўлетку, калі расцвітае рознаквецце Зінаідзіных батанічных (ці то тытанічных) намаганняў. А як жыць без кветак? Любую, самую лядачую, хату кветкі ажыўляюць, амаладжаюць. Вунь іх колькі ў Пугачаў, нават зараз, слотнай лістападаўскай парой. Толькі што пахаваліся на падаконніках, за шклом уратаваліся ад холаду. На тое яны і хатнія кветкі.
* * *
Хутка будзе сорак пяць гадоў, як Зінаіда знайшла Анатоля ў Зацякляссі. Яе, выпускніцу Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума, накіравалі туды маладым спецыялістам. А ён тутэйшы, працаваў шафёрам. І хто цяпер разбярэ, хто там каго знайшоў. Вёска тады была маладая і рахманая, у клубе арганізоўвалі канцэрты, скакалі на танцах.
Пасялілі ў спецыяльным невялікім доміку для спецыялістаў. Побач жылі бухгалтар, медработнік і аграном. Праўда, на працу Зінаідзе хадзіць было не зусім спрытна, бо нават праз лес. Ды маладосць нічога не баіцца. Урэшце пажаніліся. А сёння вунь селі радком, адказвалі на мае пытанні і нечакана падлічылі. Сорак пяць гадоў, як лёду, будзе літаральна наступным летам. Як жа хутка бяжыць час!
У семдзесят чацвёртым паявіўся на свет Дзіма, праз пяць гадоў — Валера. Цяпер ужо абодва жанатыя. Старэйшы на “хуткай дапамозе” працуе. Малодшы сын застаўся тут, у Стаях, зімою на складзе працуе, а летам сядае на “Амкадор”. Больш таго, унукі павырасталі. Ужо адзін студэнт. Налета, спадзяюцца, паявяцца дзве студэнткі.
Хочацца дзецям, унукам дапамагчы. А таму і Зінаіда, і Анатоль не збіраюцца складваць крылы, хоць ужо абодва на пенсіі. Яна даўно, ён не так даўно пайшоў. Апошні час у лясгасе працаваў. Скласці крылы — дык і паміраць трэба. А ім зараз толькі і жыць. Абодва вольныя. Агарод, праўда, звузілі. Засталося не болей за гектар, ды і тое каму зараз патрэбна? Свіней пабілі, забаяліся страшылак пра тую чуму. Затое наладкавалі салам халадзільнікі з маразільнікамі — як зачыніць. Курачкі спрытныя, шэранькія, як зязюлькі, свайго вывадку, ходзяць па падворку.
А ў велізарнай копанцы, якая і не копанка зусім, бо натуральнае прыроднае балотца падступае акурат да агарода, зашыліся ў бузу карасікі, чакаюць налета з вудачкай гаспадара. Куды ж тут паміраць! Ягад, грыбоў пананасілі, балазе сотая “Аўдзі” на двары, пад рукою. Ёсць машыны і ў дзяцей, ды хочацца самім быць незалежнымі. І трактарок свой з усімі прычэпамі — памочнік на агародзе. І бульбы накапалі, і памідор нарасцілі. Учора — клёцкі, сёння — дранікі, заўтра яшчэ штосьці, мяса сваё. Чаму не жыць? Вось табе і вёска бедная. Хтосьці сядзіць, крылы апусціўшы, а хтосьці рупіцца.
— Калі вам гаспадар апошні раз кветкі дарыў? — нечакана пытаюся ў Зінаіды.
Заўсміхаліся абодва.
— А дарыў… дарыў, — святлее твар у гаспадыні. — Ружы дарыў.
— А які ваш любімы колер?
— Чырвоны.
Пра чырвоныя ружы яны, напэўна, яшчэ раз прыгадаюць, калі ўбачаць у любімай газеце гэтыя нататкі. Выпісваюць жа “Лепельскі край” увесь час, раёнка была і застаецца з імі заўсёды, як і бульбачка, як і памідоркі. Страва ж не толькі тая, што ў катле зварыш, а ёсць і іншая ежа, духоўная. Не думайце, што ў вёсцы адны зломкі жывуць. Вёска яшчэ часам грэе спадзевам на лепшае і ўсцешвае парасткамі духоўнасці — тым, чаго не хапае маладому ды зялёнаму гораду.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Зінаіда і Анатоль Пугачы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>