В колледже двенадцать молодых специалистов, из них семеро — педагогические работники

img_5506 У аграрна-тэхнічным каледжы набылі новыя вадкакрышталічныя тэлевізары для вучэбна-вытворчых мэтаў.

— Дырэктар на планёрцы сказаў, што тэлевізар атрымаюць тыя, хто яго заслужыў. Я там жа агучыла, што новы тэлевізар патрэбна даць Таццяне Дзмітрыевай, — расказвае Наталля Баранава, завуч па вучэбна-вытворчай рабоце, — пасля пры нагодзе яшчэ раз нагадала кіраўніку. Алег Валер’евіч усміхнуўся і кажа: “Я вас пачуў, Наталля Пятроўна”.
У каледжы дванаццаць маладых спецыялістаў, з іх сямёра — педагагічныя работнікі. Тут вельмі адказна ставяцца да гэтай катэгорыі моладзі. Паказальна, што многія маладыя спецыялісты, выпускнікі навучальнай установы, прыйшлі сюды працаваць.
Таццяна Дзмітрыева — адна з сямёркі маладых педагогаў, што прыйшлі сёлета ў каледж. Праўда, яна тут не вучылася. Жыла ў Красналучцы, закончыла Новавалосавіцкую школу. У Віцебскім ліцэі набыла прафесію повара-кандытара чацвёртага разраду, ды на гэтым вырашыла не спыняцца, падалася ў педкаледж. Зараз яна майстар вытворчага навучання. Рыхтуе будучых спецыялістаў кулінарнай справы і прадаўцоў.
— Чаму вырашылі ў педагогіку падацца? — пытаюся ў Таццяны?
— Проста… люблю вучыць.
— Магчыма, у сям’і хтосьці быў педагогам?
— Ды не. Буду першай.
Шмат дзе ёй у жыцці зараз давядзецца быць першай і — упершыню. Упершыню не так даўно прыйшла на ўрок настаўнікам. Упершыню прызначылі майстрам вытворчага навучання ў групе, дзе вучацца спецыялісты грамадскага харчавання.
Трапіў да яе на ўрок. Таццяна Уладзіміраўна дала дзецям самастойнае заданне, каб мець магчымасць адказаць на мае пытанні.
— Кажаце, любіце вучыць? А дзеці? Як яны да вас ставяцца? Слухаюць хаця?
— Як бачыце, — з усмешкаю ківае на падлеткаў. Ды якіх там падлеткаў, многім ужо пад дваццаць.
У аўдыторыі, і сапраўды, муха праляціць — пачуеш. Схіліліся над кніжкамі, паслухмяна чытаюць.
— Знайшлі з імі агульную мову ў першыя ж дні. А некаторыя з іх, між іншым, практычна мае равеснікі.
— Выходзіць, ваша прызванне… А чым займаецеся ў вольны час?
— Спортам. Зараз жывём з мужам у Стаях, кожны аўторак і чацвер — на трэніроўку ў спартыўную залу па валейболе, баскетболе. Зімою абодва становімся на лыжы — і у лес, на прагулку. Гэта так хораша — зімовы лес!
— Лепей, чым улетку?
— Летам таксама няблага: ягады, грыбы.
— І агарод.
— І агарод, вядома. Ды не прывыкаць, я ж у вёсцы вырасла.
— Вучыліся кулінарнай справе. І што ўмееце гатаваць?
— Ды ўсё ўмею пакрысе.
— Можа, што ёсць “кароннае”, ваша? Магчыма, штосьці з кулінарыі?
— Ведаеце, на кухні я эксперыментатар. Дакладна, што не кулінар. Не выпякаю, проста люблю варыць есці і пры гэтым заўсёды эксперыментую. Не люблю пастаянства, імкнуся зрабіць штосьці новае.
— У вас ёсць настаўнікі?
— Вельмі ўдзячная калезе Таццяне Падалінскай. Я ёй шмат чым абавязаная. Таццяна Пятроўна можа навучыць не толькі кулінарнаму майстэрству, але і падказаць, як сябе правільна павесці ў той ці іншай сітуацыі, як педагог.
— Такім чынам, адзін з новых тэлевізараў дастаўся вам. Вашы калегі кажуць, што гэта і прызнанне даволі паспяховых першых крокаў у педагогіцы, і, вядома ж, заахвочванне на будучы поспех. А навошта вам, скажыце, тэлевізар на ўроках?
— Як навошта? А калі нейкі новы рэцэпт ці штосьці адмысловае ў кулінарнай справе. Усяго не раскажаш. Прасцей паказаць, прадэманстраваць. Падключаеш флэшку — і гатовы наглячдны дапаможнік.
— Тэлевізар — як камп’ютар?
— Так. І як тэлевізар таксама можна выкарыстоўваць.
— Застанецеся ў Лепелі?
— Жыццё пакажа. Два гады адпрацую дакладна, а там… Хацелася б у Піцер. Падабаецца мне гэты горад. Акрамя педагогікі падабаецца прафесія афіцыянта, якой таксама вучылася…
Моладзь прыходзіць у педагогіку ўжо не з тымі непахіснымі прынцыпамі, нібыта іх прафесійны выбар на ўсё жыццё. Моладзь зараз шматварыянтная і шматпрофільная. Аднак цяперашнія маладыя спецыялісты, прынамсі, лепшыя з іх, нясуць у педагогіку новы павеў. Яны сябруюць з камп’ютарам, для іх электронныя носьбіты — штосьці падручнае, без чаго немагчыма абысціся, акурат як у былыя часы былі для настаўніка ўказка і крэйда. Няхай сабе педагогіка маладзее і ўсё болей становіцца электроннай. Галоўнае, каб у ёй заставалася душа.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: новы тэлевізар для Таццяны Дзмітрыевай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>