По ряду товаров наши цены более привлекательные

img_2508Некалькі знаёмых у горадзе пры сустрэчы задавалі пытанні: ці праўда, што Чашніцкае раённае спажывецкае таварыства далучана да Лепельскага, як цяпер будзе працаваць такая вялікая структура, ці хопіць для абедзвюх тавараў? Чулі, што ў крамах Чашніцкага РСТ карціна, як у канцы 1980-х, пустыя паліцы. Ці праўда гэта? Гэтыя і іншыя пытанні сабраў і задаў намесніку старшыні Лепельскага раённага спажывецкага таварыства Таццяне Дзятко.

— Так, Лепельскае раённае спажывецкае таварыства ўзяло ў арэнду ў Чашніцкага 23 крамы — шэсць гарадскіх і 17 вясковых, а таксама шэсць аўталавак і пяць аб’ектаў грамадскага харчавання: рэстаран, кулінарыю, два кафэ і буфет пры бальніцы. Сетка вясковых крамаў, а таксама аўталаўкі сваімі маршрутамі цалкам пакрываюць усю тэрыторыю Чашніцкага раёна. Мы са сваёй аптовай базы завозім тавары, часта практыкуем завоз тавараў напрамую, ад пастаўшчыкоў.
— Выходзіць, словы пра пустыя паліцы крамаў у ХХІ стагоддзі — не зусім і выдумкі?
— Часткова так. Чашніцкае РСТ мае вялікія запазычанасці, у яго вымытыя ўласныя абаротныя сродкі. Прасцей кажучы, не было за што набыць тавары, каб запоўніць імі гандлёвыя кропкі. Зараз мы працуем, сітуацыя выпраўляецца. Запоўненыя крамы, аўталаўкі развозяць пералік жыццёва неабходных тавараў нават у самыя аддаленыя вёскі. Жыццё наладжваецца.
— Атрымліваецца, што Лепельскае РСТ прырасло амаль удвая. Як спраўляецеся з павялічаным аб’ёмам працы?
— А ў бліжэйшы час праблем яшчэ прыбавіцца. Надыдзе зіма, дарогі перамяце, будуць пэўныя цяжкасці з дастаўкай тавараў, у першую чаргу прадуктаў харчавання з малымі тэрмінамі захоўвання, у вясковыя крамы. Праезды аўталавак — асобны галаўны боль. Бывае, калі дарожнікі не паспеюць прачысціць дарогу, то аўтакраму даводзіцца выцягваць са снегавых заносаў з дапамогай трактара.
— У сувязі з адкрыццём новых магазінаў, таго ж самага супермаркета “Хатні”, канкурэнцыя ўзрасла?
— Узрасла, і даволі значна. За тым жа “Хатнім” стаяць моцныя фінансавыя “плечы”, якія за непрацяглы час на тэрыторыі рэспублікі адкрылі 50 супермаркетаў. “Хатні”, напрыклад, заяўляе, што адным з галоўных прыёмаў у канкурэнтнай барацьбе за пакупніка з’яўляецца прывабная цана. Мы прагледзелі іх асартымент і можам з упэўненасцю сказаць, што па шэрагу тавараў нашы цэны больш прывабныя. Напрыклад, тыя ж самыя яблыкі ў “Хатнім” прадаюцца па два рублі 69 капеек, а літаральна праз вуліцу, у “Родным куце”, — роўна па два рублі. Або гарошак кансерваваны (400 грамаў) у “Родным куце” на дзесяць капеек танней, селядцы вагавыя — амаль на два з паловай рублі танней. Таму я б так адназначна не выказвалася.
-2-
З другога боку, я б парэкамендавала падлічыць і расходы на пад’езд. Каб дабрацца ў “Хатні” з Пясчанкі, Шпіталя ці Бяленіцы, трэба заплаціць за праезд на аўтобусе або затраціць паліва для машыны. Яшчэ большыя выдаткі для жыхароў вёсак. У той жа час крамы райспажыўтаварыства знаходзяцца ў крокавай даступнасці, ва ўсіх кварталах Лепеля, у Бароўцы, Заслонаве, Межыцы, у вялікіх і малых вёсках. А ў аддаленыя вёскі ездзяць аўтакрамы, якія стабільна маюць набор тавараў шырокага ўжытку, а калі патрэбна штосьці асаблівае, прывозяць пад заказ.
— Якім чынам удаецца магчымым зрабіць некаторыя катэгорыі тавараў танней?
— Ёсць некалькі спосабаў. Па-першае, нашай агульнай структурай “Белкаапсаюз” заключаны прамыя дамовы з шэрагам вытворцаў прадуктаў харчавання на выпуск, так бы мовіць, фірменных тавараў, з таварным знакам Белкаапсаюза. Яны выпускаюцца з мінімальнай накруткай, мы таксама ставім на іх мінімальную нацэнку. Асартымент такіх тавараў налічвае больш за 50 пазіцый, пералік рэгулярна папаўняецца.
— Прывядзіце прыклады.
— Калі ласка. Напрыклад, Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў выпускае для Белкаапсаюза муку пшанічную вышэйшага гатунку, мы яе рэалізуем па рубль 49 капеек за два кілаграмы. Дзе вы на сёння знойдзеце такую цану? Гомельскі мясакамбінат пастаўляе нам каўбасу паўвэнджаную “Сялянскую”, якая прадаецца па чатыры рублі 89 капеек. Віцебская бройлерная птушкафабрыка вырабляе каўбасу вараную “Любімую” вышэйшага гатунку, прадаецца па 3.99. Гэтыя тавары вырабляюцца спецыяльна для нас, па нашых заказах і прадаюцца толькі ў крамах спажывецкіх таварыстваў. Не думаю, што вы знойдзеце дзе-небудзь гэтыя тавары танней.
Па-другое, цэны на імпартную садавіну ў крамах райспажыўтаварыства крыху ніжэйшыя, чым у іншых. Гэта дзякуючы працы лагістычнага цэнтра прадпрыемства “Белкаапзнешгандаль”. Па прамых дагаворах у Беларусь пастаўляецца свежая садавіна і з мінімальнымі транспартнымі выдаткамі распаўсюджваецца па гандлёвых кропках.
-3-
— Апошнім часам па радыё і тэлебачанні рэкламуюць “Гіпермол”, які ўвогуле развозіць пакупкі дахаты.
— Калі вы слухалі і глядзелі рэкламу ўважліва, то чулі: дастаўку яны робяць у гарады і вялікія вёскі. А як быць жыхарам Весялова і Красналучкі, Захоціна і Экімані, Забалацця і Крыўцоў, Дзяньгубаў і Будзяўцоў? Там што, не людзі жывуць? Ім не патрэбны хлеб, масла, алей, мука, рыба, каўбаса, кураціна, пячэнне?.. Не думаю, што нават у такія вялікія вёскі, як Валосавічы ці Пышна, “Гіпермол” паедзе. А нашы аўталаўкі заязджаюць у кожную вёску мінімум два разы на тыдзень, нават калі там з жыхароў засталася толькі адна бабулька-пенсіянерка. Праца аўталавак, зазначу, для райспажыўтаварыства не прыносіць зусім ніякага прыбытку, толькі-толькі расходы пакрываем.
— Адным са спосабаў канкурэнтнай барацьбы за пакупніка з’яўляюцца акцыі…
— Дарэчы, з 27 лістапада па 3 снежня ў нашых крамах праводзіцца акцыя “Тавар тыдня”. У яе рамках зніжаецца цана на шэраг прадуктаў харчавання.
Хачу звярнуць увагу нашых пакупнікоў, што мы пачалі прымаць заказы на фарміраванне падарункавых набораў да Новага года. Ды і наведвальнікі, магчыма, ужо заўважылі, што крамы, гандлёвыя залы ўжо патроху афармляюцца, упрыгожваюцца ў навагоднім стылі. Так што запрашаем у нашы крамы за пакупкамі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: крама “Родны кут”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>