Принципы правильного хранения и приумножения денег

img_5617 З вучнем 11 “Б” класа сярэдняй школы №1 Дзянісам Шнітко і яго настаўніцай Ірынай Васільеўнай Кляшторнай пазнаёміўся ў службовым кабінеце намесніка начальніка разлікова-касавага цэнтра ААТ “Белаграпрамбанк” Вольгі Гушчы. Праз некалькі хвілін усё стала на свае месцы. Аднак аб усім па парадку.

У Беларусі набывае ўсё большую моц рух па павышэнні фінансавай пісьменнасці. Усё пачынаецца са школы, дзецям расказваюць пра фінансы, прынцыпы правільнага захоўвання і прымнажэння грошай. І галоўнымі праваднікамі гэтага працэсу становяцца, поруч з настаўнікамі, банкаўскія работнікі. Яны, узброеныя тэарэтычнымі ведамі і багатым практычным досведам, расказваюць дзецям, што такое крэдыты і дэпазіты, як банкі зарабляюць грошы, як правільна скласці сямейны бюджэт, каб хапіла на адзенне, абутак і на цукеркі з марожаным.
Гэты рух з цягам часу трансфармаваўся ў алімпіяду па фінансавай пісьменнасці пад патранажам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Лепельскія школьнікі трэці год удзельнічаюць у ёй. Спачатку праводзяцца алімпіяды ў школах, дзеці адказваюць на шэраг пытанняў, рашаюць задачы. Затым праводзяцца раённы, абласны і рэспубліканскі этапы. Дзяніс Шнітко сёлета ў фінансавай алімпіядзе ўдзельнічаў упершыню і заняў першае меса на абласным спаборніцтве. Распавядае хлопец:
— Гэтай восенню да мяне неяк падышла Ірына Васільеўна, прапанавала паўдзельнічаць у школьнай алімпіядзе па фінансавай пісьменнасці. Я, шчыра прызнаюся, паставіўся да гэтай справы спачатку не зусім сур’ёзна. Ну, да нас неяк прыходзілі супрацоўнікі банкаў, нешта запомніў з таго, што яны распавядалі. Штосьці ведаў з тэлебачання, з агульнай інфармацыі, некаторыя веды ўзяў з падручніка па грамадствазнаўстве. Аднак зусім нечакана стаў лепшым у сваёй школе і быў вылучаны на раённую алімпіяду. Аднак асновы фінансавай пісьменнасці — не прадмет школьнай праграмы, таму зноў жа рыхтаваўся без напружання. Аднак, надзіва, на раённым этапе ўвайшоў у тройку прызёраў і быў накіраваны на этап абласны. Тут ужо ўсвядоміў усю сур’ёзнасць і важнасць, адказнасць, бо прадстаўляў не толькі сваю школу, а і ўвесь раён. Добра падрыхтаваўся, прачытаў літаратуру, у інтэрнэце знайшоў патрэбную інфармацыю. І ў выніку — першае месца. А зараз рыхтуемся да рэспубліканскай алімпіяды, якая павінна адбыцца ў Мінску 17 снежня.
Пасля гэтага яны ўтрох зноў вярнуліся да сваёй гутаркі. Дывідэнды, дэпазіты, акцыі, аблігацыі, падаткі, страхаванне — словы, здаецца, і знаёмыя, аднак нітку размовы раз-пораз губляў. А Дзяніс — у курсе, усё разумее, ва ўсім разбіраецца.
Пакуль ішоў гэты своеасаблівы бізнэс-трэнінг, узяў са стала і прагледзеў заданні абласной алімпіяды, вырашыў праверыць сябе, наколькі сам фінансава пісьменны. Некаторыя з 30 пытанняў былі лёгкімі, некаторыя выклікалі цяжкасць, трэба было падумаць. Іншыя былі, хоць і нескладаныя, але заданыя ў мудрагеліста-бюракратычна-дзелавой форме. Каб знайсці ці ўспомніць патрэбны адказ, затраціў некаторы час. А яго, між іншым, на алімпіядзе бракавала. Каб адказаць на, напомню, 30 пытанняў рознай складанасці, адводзілася роўна гадзіна.
Калі была ўзята паўза ў імправізаваных занятках, зноў задаў пытанне, на гэты раз педагогу:
— Ірына Васільеўна, чаму вы прапанавалі менавіта Дзянісу прыняць удзел у алімпіядзе?
— Дзяніс — выдатны матэматык, удзельнічае ў прадметных алімпіядах па фізіцы, астраноміі і матэматыцы. Верыла, што Дзяніс пакажа выдатныя веды, але не падазравала, што нас чакае такі поспех. І ўвогуле, павінна сказаць, што алімпіяда па фінансавай пісьменнасці — гэта алімпіяда новага пакалення, пакалення моладзі. Гэта не традыцыйнае прадметнае спаборніцтва, тут усе пытанні — ад жыцця.
— За гэты час вы блізка пазнаёміліся з фінансавай пісьменнасцю. На якую інфармацыю вы б парэкамендавалі звярнуць увагу чытачам “Лепельскага краю”?
— Я б параіла ўвогуле праяўляць цікавасць да гэтай тэмы. Цікавасць і смеласць. Усё ж мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, больш кансерватыўныя, грошы, зберажэнні стараемся захоўваць больш дома. У той час моладзь больш ахвотна цікавіцца рознымі спосабамі захавання і прымнажэння, не баіцца ўкладваць свабодныя сродкі. Усялякая боязь — ад няведання, затое веданнем перамагаецца любы страх.
— Вольга Мікалаеўна, не шкада затрачваць час?
— Ні ў якім разе! Гэта ж нашы будучыя кліенты. А можа — і супрацоўнікі. А калі сур’ёзна, то радуюся за поспех Дзяніса. Хочацца, каб ён стаў пераможцам абсалютным. Я на час падрыхтоўкі дам яму свае канспекты — нядаўна сама скончыла вучобу, асноўнай тэмай былі каштоўныя паперы. Няхай вучыцца, набірае інфармацыю. Калі будзе штосьці незразумелым, у любы момант можа задаць пытанне, буду рада дапамагчы.
На развітанне спытаў у Дзяніса:
— Ты па складзе розуму матэматык, схільны да дакладных навук. Магчыма, менавіта гэта дапамагло перамагчы ў алімпіядзе?
— Не згодны, — запярэчыў суразмоўца, — матэматыка патрэбна, каб дакладна падлічыць працэнты. Каб навучыцца разбірацца ў прынцыпах і законах дзеяння банкаўскай сферы, не менш патрэбны і гуманітарныя веды. Асновы фінансавай пісьменнасці з усіх школьных прадметаў, на мой погляд, найбольш блізкія да грамадствазнаўства.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: злева направа Дзяніс Шнітко, Вольга Гушча і Ірына Кляшторная рыхтуюцца да алімпіяды.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>