Парень родился и вырос в Матырино

img_5237 Што ў кішэнях у электрыка? Адразу ў памяці ўсплыў вобраз Анатоля Тухты, работніка колішняга калгаса імя Чапаева. У яго пры сабе амаль заўсёды былі дзве адвёрткі: плоская і фігурная, пасатыжы, катушка ізаленты і адвёртка-індыкатар для вызначэння кабеляў пад токам.

З гэтым няхітрым інструментам ён больш за 20 гадоў рамантаваў усю электраапаратуру, мяняў электраматоры, пракладаў праводку. І ў цяперашняга электрыка ААТ “Чарэйшчына” Ігара Міхневіча набор інструментаў прыблізна такі, хіба што дадаліся тэстар ды некалькі ключоў. І пасада яго называецца цяпер больш гучна — інжынер-электрык. Яно і не дзіўна, бо Ігар — выпускнік вышэйшай навучальнай установы, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Хлопец нарадзіўся і вырас у Матырыне. Яго бацька Іван Геранімавіч — таксама электрык, майстар у ПМК, перадаў сыну першыя асноўныя навыкі і веды ў прафесіі. І пасля заканчэння школы, калі трэба было вызначацца з выбарам далейшага працоўнага шляху, у хлопца ваганняў не было.
І вось у гэты момант адбылася важная падзея, пра якую варта распавесці асабліва. Справа ў тым, што ААТ “Чарэйшчына” даўно вядзе планамерную, размеркаваную кадравую палітыку. У выпускных класах школ, якія размешчаны паблізу, выбіраюць здольных школьнікаў, якія змалку знаёмыя з працай у сельскай гаспадарцы і ў далейшым не будуць цурацца поля і фермы, і прапануюць ім мэтавыя накіраванні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. У час вучобы нават даплачваюць да студэнцкай стыпендыі. Ігар штомесяц атрымліваў ад гаспадаркі тры базавыя велічыні — грошы не такія і вялікія, але для студэнта, для маладога хлопца вельмі важкія.
І вось надышоў час выпуску, першае месца працы было гарантавана. Тэрмін размеркавання — пяць гадоў.
Ігар прыступіў да працы ў сярэдзіне ліпеня, і адразу, без доўгіх ваганняў, — на прарыў. Першым сур’ёзным выпрабаваннем стала жніво. “Чарэйшчына” мае даволі значную сушыльную гаспадарку. Гэта сушыльны комплекс “Амкадор”, іншыя сушылкі, апараты для ачышчэння збожжа — усе яны сілкуюцца электратокам, уключаюць у сабе даволі магутныя і складаныя агрэгаты.
— На “Амкадоры” неяк выйшаў са строю аўтамат, — успамінае малады энергетык. — Многія, верагодна, маюць дома падобныя засцерагальныя аўтаматы на электраправодцы. Рэч вельмі зручная: пры перападзе току яны адключаюцца, засцерагаючы ад большай бяды, а потым іх можна зноў уключыць і далей працаваць. Для дома на базары прадаюцца аўтаматы на 25 ампер, пры патрэбе можна знайсці нашмат больш магутныя, да 100 — 120 ампер. Такія часта ставяць майстры ў гаражах, каб падключыць энергаёмістае абсталяванне: электразварку, кампрэсар. А тут быў аўтамат на 650 ампер. Прагледзелі інтэрнэт, сайты спецыялізаваных фірмаў, выбралі патрэбны. Гаспадарка аплаціла, устанавілі — працуе.
Цяперашняя сустрэча адбывалася на другім вытворчым аб’екце, малочнатаварнай ферме з даільнай залай. Ігар праводзіў апошнія наладкі электраабсталявання. У далейшым гэты аб’ект павінен стаць галоўным элементам вытворчай сістэмы гаспадаркі, галоўным пастаўшчыком малака і, адпаведна, грашовай выручкі. Ігар, як і належыць запраўскаму майстру, спакойна раскрыў размеркавальны шчыт і няспешна перабіраў кабелі. На выпраўленне непаладкі ў яго пайшло каля паўгадзіны. Пасля гэтага сабраў інструменты і рушыў на іншы аб’ект.
Папрасіў распавесці пра маладога энергетыка яго непасрэднага начальніка — намесніка дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Віктара Голубева:
— Ігар — чалавек шчыры, сумленны і добразычлівы, калектыў яго адразу прыняў. Як спецыяліст ён пастаянна развіваецца, ведаю, што ў інтэрнэце часта чытае пра навінкі ў сваёй сферы. Самае галоўнае — не баіцца новых, цяжкіх, складаных задач, спакойна бярэцца і метадычна працуе, пакуль не вырашыць паспяхова. Выдатны работнік!
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ігар Міхневіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>