Вышываныя творы

Аб існаванні вышыўкі ў эпоху Старажытнай Русі кажуць знаходкі археолагаў, якія адносяцца да ІХ — Х стагоддзяў. Гэта фрагменты адзення, упрыгожаныя ўзорамі, выкананымі залатымі ніткамі. Ужо ў той час вышывальнае мастацтва не толькі існавала, але і знаходзілася на высокім узроўні развіцця. У ХІV — ХV стагоддзях вышыванне лічылася рукадзеллем вышэйшага саслоўя. Тлумачылася гэта высокім коштам матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для вышыўкі. Манашкі і прадстаўніцы

шляхты выконвалі свае працы на аксаміце і шоўку сярэбранымі і залатымі ніткамі, жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Вышыўка служыла для ўбрання храмаў і цэркваў, а таксама выкарыстоўвалася ў якасці ўпрыгожвання элементаў адзення высокапастаўленай шляхты (баяраў, членаў царскай сям’і) і царкоўнаслужыцеляў. Традыцыі вышывальнага мастацтва пастаянна развіваліся. Да XVIII стаго­ддзя вельмі папулярныя былі вышывальныя майстэрні, якія царыцы і княгіні ладзілі пры сваіх святліцах. Пры гэтым гаспадыні майстэрняў, якія належалі да вышэйшых слаёў грамадства, не толькі кіравалі працай, але і прымалі ў ёй самы актыўны ўдзел. Паступова вышывальнае мастацтва перастала быць прывілеяй дваранства. З ХVІІІ стагоддзя яно ўваходзіць у жыццё ўсіх слаёў насельніцтва, становіцца адным з асноўных заняткаў дзяўчат-сялянак. Вядома, матэрыялы для працы імі выкарыстоўваліся больш танныя, але гэта ні ў якай меры не памяншала мастацкую каштоўнасць гатовых вырабаў. Вышыўка дзялілася на сялянскую (народную) і гарадскую. Гарадская вышыўка не мела трывалых традыцый, паколькі ўвесь час перажывала ўплыў моды. Народная вышыўка была звязана са старадаўнімі звычаямі і абрадамі сялянства. У працах вышывальшчыц знаходзяць сваё адлюстраванне нацыянальныя свое­асаблівасці, мастацкія пры­хільнасці і ўяўленні аб навакольным свеце. Вышыўкі не толькі дапамагаюць сучаснікам акунуцца ў атмасферу мінулага, але і ўсвядоміць асаблівасці кожнага народа, зразумець яго звычаі, даведацца аб маральных каштоўнасцях і светапоглядзе.

 На выставе «вышыўкі» прадстаўлена каля 60 дэкаратыўных прадметаў інтэр’еру з фондаў Лепельскага краязнаўчага музея. Большасць экспанатаў былі створаны ў пасляваенныя дзесяцігоддзі для ўпрыгожвання жылля. Гэта сурвэткі, «дарожкі» і «куткі», абрусы, карункі, навалачкі, накідкі на падушкі, кішэнькі для насовак і іншыя прадметы з узорамі расліннага характару. На карцінах вышыты жывёлы, кветкі, дзяўчаты. Выстаўлена 19 ручнікоў, вырабленых з даматканага альбо крамнага палатна з вышыўкай расліннага і заалагічнага характару, якія выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання абразоў і ў вясельных цырымоніях. Ручнік — выраб глыбока сімвалічны і шматзначны, які суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. Ручнік з’яўляўся элементам радзільных, хрысцільных, вясельных і пахавальных абрадаў. Вышыўка на ручніках паводле павер’яў павінна была засцерагаць чалавека ад псуты і сурокаў.

 З даўніх часоў шырока распаўсюджанае аздабленне вышыўкай адзення. На выставе прадстаўлена кашуля, вышытая геаметрычным арнаментам у 1960-х гадах з традыцыйным месцазнаходжаннем вышыўкі: манішка, абшыўкі рукавоў, каўняра. Вышыўка, размешчаная на месцах судакранання цела чалавека з навакольным светам (г.зн. па каўнярах, рукавах, прыполе), выконвала ролю абярэгу. Вырабы, прадстаўленыя на выставе, выкананы ў тэхніцы «роўнядзь», «крыжык», «рышэлье» і інш.

Старэйшаму пакаленню выстава нагадае аб маладосці; юныя наведвальнікі пазнаёмяцца з галоўным захапленнем сваіх бабуль —- вышываннем — і даведаюцца, як і чым раней упрыгожвалі хаты.

Таццяна ШЛЕГ,

 галоўны захавальнік фондаў краязнаўчага музея.

 На здымку:  куток выставы.

Фота Уладзіміра ШУШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>