Лепелю был нужен новый большой супермаркет типа «Евроопта»

img_5107Многія лепяльчане і вяскоўцы, ездзячы па сваіх справах у Мінск, Віцебск, Полацк, як правіла, на зваротным шляху абавязкова заязджаюць у супермаркеты, закупляюцца прадуктамі харчавання. Таму не дзіўнай стала цікавасць лепяльчан да распачатай на вуліцы Чуйкова будоўлі. Людзі стараліся даведацца больш інфармацыі, задавалі пытанне: “Калі?”. Газета некалькі разоў таксама звярталася да тэмы будаўніцтва, публікавала рэпартажы. Першапачаткова гаворка ішла аб тым, што будзе адчынены супермаркет гандлёвай сеткі “Марцін”, аднак у другой палове лета канчаткова стала вядома, што новая гандлёвая кропка будзе адносіцца да сеткі “Хатні”.
За апошнімі работамі назіралі з непрыхаванай цікавасцю. Рабочыя ДБУ-34 былі задзейнічаны на добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і абуладкаванні паркоўкі перад крамай. На апошнім хацелася б спыніцца асабліва. Вялікай і зручнай паркоўкай побач могуць пахваліцца адзінкавыя гандлёвыя кропкі Лепеля, толькі тыя, што размешчаны на старой базарнай плошчы ды гастраном на Пятачку. Прычым ніводзін гаспадар ці ўладальнік крамы не будаваў паркоўку спецыяльна. Між тым часы мяняюцца, зараз ва ўсіх вялікіх гарадах Беларусі пры будаўніцтве гандлёвых кропак і аб’ектаў грамадскага харчавання побач праектуюцца і абуладкоўваюцца месцы стаянкі для аўто.
* * *
Дзень адкрыцця новай крамы быў анансаваны вялікім плакатам на сцяне, дзе вёўся адваротны адлік. “Да адкрыцця засталося 2 дні” — лічбы змяншаліся, цікаўнасць узрастала. Лепяльчане ў размовах абавязкова закраналі тэму новай гандлёвай кропкі і задавалі адзін аднаму пытанне: “А ты пойдзеш?”.
Да прызначанага часу перад уваходнымі дзвярыма сабраўся значны натоўп, не менш за тысячу чалавек. Паколькі адкрыццё было намечана на 13 гадзін, калі дарослыя лепяльчане на працоўных месцах, то большасць першых пакупнікоў былі школьнікамі і пенсіянерамі.
— Чаго чакаеце ад новай крамы? — задаю пытанне лепяльчанцы Людміле Баранавай.
— Нізкіх цэн, багатага асартыменту і ветлівых прадаўцоў, — адказала жанчына лаканічна. Здаецца, з гэтым былі згодныя ўсе, хто сабраўся ў той дзень на адкрыццё.
У чаканні, пакуль адчыняцца дзверы, для наведвальнікаў працаваў вядучы, які прадставіўся красамоўна:
— Князь Прынямоння Андрэй Мішчанчук.
Князь (буду надалей называць яго так) наладзіў для людзей атракцыёны і конкурсы, раздаваў прызы і сувеніры, яго напарнік ставіў у плэй-ліст адну песню за другой — стваралася атмасфера народнага свята.
* * *
Між тым унутры супермаркета ішла мітуслівая работа, прадаўцы вялі апошнюю падрыхтоўку: папраўлялі тавар на паліцах і прылаўках, развешвалі цэннікі, удакладнялі наяўнасць таго ці іншага тавару па камп’ютары. Тавары дзесяці тысяч найменняў роўнымі шэрагамі раскладзены ў чаканні сваіх першых пакупнікоў, па праходах спешна праходзяць прадаўцы, робячы апошнія папраўкі. Збоку здаецца, што ўсё выстаўлена і раскладзена ідэальна, аднак ад пільнага вока прафесіянала не выпадзе ніводная дробязь.
Дырэктар па стратэгічным развіцці сеткі “Хатні” Альвідас Шусцікас, праходзячы каля прылаўкаў, даваў прадаўцам настаўленні:
— Вам толькі здаецца, што вы расклалі тавар прыгожа, правільна, прывабна. Аднак вы зрабілі справу са свайго пункту погляду — гэта галоўная памылка. Праілюструю прыкладам. Калі вы цалкам даручыце будаўніцтва свайго дома архітэктару, то атрымаеце шэдэўр, у якім жыць не зможаце. Вы не зможаце знайсці спальню ці сталовую па адной простай прычыне — архітэктар узводзіў дом, зыходзячы са свайго густу, сваіх уменняў і навыкаў, са свайго бачання, а не з густу, бачання і запатрабаванняў людзей, якія будуць у гэтым доме жыць. Так і вам трэба стаць на пункт погляду пакупніка. Што ён хоча ўбачыць у першую чаргу, як раскласці тавар такім чынам, каб чалавек адразу бачыў багаты асартымент і пры гэтым не напружваўся ў пошуках патрэбнага?
Словам спецыяліста варта давяраць, бо ў свой час Альвідас Шусцікас працаваў топ-менеджарам у сетцы супермаркетаў “Махіма” ў Літве.
* * *
Гонар перарэзаць чырвоную стужку быў прадастаўлены старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву, кіраўніку лепельскай крамы Алене Шаўчук і Альвідасу Шусцікасу. Барыс Сяргеевіч прамовіў:
— Крыху больш за год ішло будаўніцтва. Нарэшце яно завершана, і сёння я рады вітаць вас, калектыў новай вялікай гандлёвай кропкі. Тут, пад адным дахам, нашы лепяльчане і вяскоўцы могуць выбраць сабе тавар на свой густ па прымальнай цане. Тавары сталі яшчэ бліжэй да пакупнікоў. Жадаю ўсім поспехаў!
Альвідас Шусцікас для лепельскіх гасцей правёў невялікую экскурсію па супермаркеце.
— Пры рознічным гандлі мы нацэлены ў першую чаргу на наладжванне інтэнсіўнага тавараабароту. А ён немагчымы пры занадта высокіх цэнах, таму на ўсе тавары робім мінімальныя гандлёвыя надбаўкі, толькі каб акупіць закупку, арэндную плату, камунальныя плацяжы, заработную плату персаналу, падаткі. Для таго, каб тавары былі таннейшымі, заключаем прамыя дамовы з беларускімі вытворцамі на прамыя пастаўкі. Некаторыя тавары прадаём увогуле па сабекошце. У кожнай групе ёсць асобныя тавары, на якія прапануюцца акцыі, зніжкі. Чалавек, прыйшоўшы да нас, можа сабраць сабе поўны пакет з хлебабулачных вырабаў, круп, макаронаў, алею, мясных вырабаў, рыбы — пералік неабходных прадуктаў харчавання толькі з акцыённых тавараў.
* * *
Князь Прынямоння падыходзіць да дырэкцыі з прапановай адкрыць супермаркет для пакупнікоў крыху раней, чым было запланавана. Альвідас Шусцікас і Алена Шаўчук далі згоду, а людзі з вялікім энтузіязмам сустрэлі такую прапанову.
У супермаркет хлынуў натоўп пакупнікоў. Першымі былі дзеці. Яны, як метэоры, прабягалі з пытаннем: “А дзе тут чыпсы?”. Гандлёвая зала запоўнілася за хвіліну. Людзі цікавіліся ўсім ад кавы да мяса, глядзелі, параўноўвалі цэны, выбіралі.
— Цэны такія ж самыя, як і паўсюль, — кажа жанчына, — нядаўна з дзецьмі была ў Мінску, у тамашніх супермаркетах цэны такія ж самыя.
Выбраўшы пакупкі, людзі рушылі на касы. Успомніліся савецкія часіны, калі 20 чалавек перад касай чаргой не лічыліся. Тут жа перад кожнай з чатырох выстройваліся хвасты чалавек па 50, не менш. Касіры працавалі па двое, і ўсё роўна не паспявалі.

Урачыстае адкрыццё супермаркета адбылося.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: моманты адкрыцця супермаркета.
Фота аўтара.
P.S. У наступныя дні некалькі разоў заязджаў у “Хатні”. Канстатую, новы супермаркет карыстаецца вялікай папулярнасцю. Людзей туды прыходзіць вельмі шмат, чэргі перад касамі вялікія, чалавек па 20. Лепяльчане карыстаюцца арыгінальным спосабам, каб эканоміць час. Прыязджаюць парамі: муж звычайна адразу займае чаргу ў касу, а жонка тым часам ідзе ў гандлёвую залу. Пакуль яна выбірае тавар, чарга падыходзіць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>